Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НА СТРАЙКУЮЧЫХ СУДНАВЭРФЯХ ПОЛЬШЧЫ АБ’ЯВІЛІСЯ БЕЛАРУСКІЯ ШТРЭЙКБРЭХЕРЫ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Страйк на вэрфі Гдыня – адзін з найбольш значных і гучных у Польшчы за апошнія гады. Днямі некалькі сотняў рабочых спынілі працу і каля будынку адміністрацыі патрабавалі павелічэньня заробку і паляпшэньня варункаў працы. Варта адзначыць, што цяпер сярэдні заробак рабочага вэрфі складае каля 600 амэрыканскіх даляраў у месяц. Польскія суднабудаўнікі лічаць, што за працу ў цяжкіх умовах і часам па выходных, гэта замала.

Аднак для беларусаў, украінцаў, расейцаў і баўгараў, што працавалі на суседняй вэрфі ў Гданьску, якая належыць да групы вэрфяў Гдыня, нават палова такога заробку – гэта вялізныя грошы. У часе праверкі, супрацоўнікі службы аховы межаў высьветлілі, што на вэрфі ў Гданьску працавала каля 100 замежнікаў, трое зь якіх – грамадзяне Беларусі.

Беларусы, як і іншыя замежнікі, прыехалі ў Польшчу легальна, але без працоўных візаў. У паперах, выдадзеных пасярэдніцкай фірмай, гаворыцца, што яны праходзяць на вэрфі курс навучаньня, аднак, фактычна, гэта была сталая праца.

Усе нелегалы мусяць пакінуць тэрыторыю Польшчы да сканчэньня сёньняшняга дня. Гаворыць прэсавы сакратар марскога аддзелу Службы аховы межаў спадар Гарыньскі.

(Гарыньскі: ) “Яны атрымалі рашэньне камэнданта марскога аддзелу службы аховы межаў, паводле якой яны мусяць зьехаць з тэрыторыі Польшчы да 22 лютага. Учора затрыманыя пакінулі нашую сядзібу”.

Сказаў спадар Гарыньскі і дадаў, што цяпер злоўленыя беларусы пазбаўленыя права наведваць Польшчу цягам 2-х гадоў.

Як нам паведамілі ў галоўнай камэндатуры службы аховы межаў у Варшаве, выпадкі выдаленьня беларусаў за нелегальную працу ў Польшчы ня ёсьць рэдкасьцю.

Нягледзячы на тое, што апошнім часам заробкі для нелегальных працаўнікоў з усходу тут значна паменшыліся, у прыватнасьці, беларусы згаджаюцца працаваць і за 100-150 даляраў у месяц, бо на радзіме такія грошы зарабіць амаль немагчыма.

XS
SM
MD
LG