Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРАДСТАЎНІК ДЗЯРЖЭПАРТАМЭНТУ ЗША ВЫКАЗАЎ ЗАНЕПАКОЕНАСЬЦЬ З НАГОДЫ БЕЛАРУСКІХ ПАСТАВАК ЗБРОІ СУМНЕЎНЫМ РЭЖЫМ І АРГАНІЗАЦЫЯМ


Валер Каліноўскі, Менск

Тэма паставак беларускай зброі была адной з асноўных падчас гутарак Стывэна Пайфэра зь міністрам абароны Леанідам Мальцавым, міністрам замежных спрваў Міхаілам Хвастовым і кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўралам Латыпавым.

Пасьля сустрэчаў з прадстаўнікамі беларускага ўраду намесьнік памочніка Дзяржсакратара ЗША зазначыў, што амэрыканскі бок не задаволілі тыя тлумачэньні, якія далі беларускія афіцыйныя асобы, але ў цэлым гэтыя сустрэчы былі карыснымі. Гаворыць Стывэн Пайфэр:

(Пайфэр: ) “Падчас маіх сустрэчаў зь беларускімі афіцыйнымі асобамі я зноў выказаў нашу заклапочанасьць і заклікаў зрабіць усе магчымыя крокі, каб гарантаваць, што падобныя пастаўкі зброі й вайсковая падрыхтоўка ня будуць мець месца. Мы заклікалі ўрад Беларусі зрабіць гэтую сыстэму празрыстай”.

У якасьці прыкладу, які асабліва занепакоіў ЗША, Стывэн Пайфэр назваў выпадак падрыхтоўкі ў Беларусі ірацкіх афіцэраў для працы на супрацьпаветраных комплексах С-300:

(Пайфэр: ) “Гэта падстава для занепакоенасьці ЗША, бо ёсьць толькі адна прычына для Іраку рыхтаваць людзей на гэтыя комплексы — каб зьбіваць амэрыканскія самалёты й гелікоптэры, якія выконваюць сваю місію над Іракам згодна з мандатам ААН”.

Стывэн Пайфэр прапанаваў Беларусі ў якасьці прыкладу для стварэньня мэханізму кантролю за пастаўкамі зброі за мяжу тую сыстэму, якая існуе ў ЗША. Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту зазначыў, што амэрыканскі амбасадар Майкл Козак і вайсковы аташэ амбасады могуць правесьці некалькі сэмінараў для навучаньня прадстаўнікоў беларускага боку асаблівасьцям гэтай складанай сыстэмы.

Калі Беларусь ня спыніць сваіх паставак зброі краінам-ізгоям, то ад гэтага пацерпяць беларуска-амэрыканскія дачыненьні, зазначыў спадар Пайфэр.

Акрамя гэтага, ён выказаў занепакоенасьць сваёй краіны тым, што ў Беларусі не адбылося ніякага прагрэсу ў галіне дэмакратызацыі, што пасьля верасьнёўскіх выбараў сытуацыя з правамі чалавека пагоршылася, што ўрад Беларусі дагэтуль ня даў дазволу на прыезд новага кіраўніка групы АБСЭ ў Менск.

Урад ЗША не задаволены станам сваіх адносінаў зь Беларусьсю, сказаў спадар Пайфэр. Ён прапанаваў беларускаму кіраўніцтву так званы пакрокавы падыход да паляпшэньня гэтых адносінаў, дзеля гэтага беларускі бок павінен зрабіць рэальныя крокі па шляху да палітычнай лібэралізацыі.

“Урад ЗША ніколі ня меў намеру ізаляваць Беларусь, — зазначыў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША, — беларускае кіраўніцтва само выбрала шлях, што вядзе да самаізаляцыі”, — прызнаў ён і заклікаў беларускае кіраўніцтва сысьці з гэтага шляху, далучыцца да працэсу эканамічных і палітычных пераўтварэньняў, каб Эўропа змагла прыняць яе як паўнавартаснага сябра сваёй супольнасьці.

XS
SM
MD
LG