Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ЗЬЕЗЬДЗЕ СУДЗЬДЗЯЎ АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА НАРАКАЎ НА МЯККАСЬЦЬ ПРЫСУДАЎ


Віталь Цыганкоў, Менск

Сёньня ў Менску ў канцэртнай залі “Менск” адкрыўся другі зьезд судзьдзяў Рэспублікі Беларусь. Прадстаўнікі Беларускага Гельсынскага камітэту спрабавалі распаўсюдзіць сярод дэлегатаў зварот БГК, а таксама даклад у пытаньні незалежнасьці судзьдзяў і адвакатаў спэцдакладчыка ААН Парама Кумарасвамі. Даклад прысьвечаны беларускаму правасудзьдзю, у прыватнасьці, пытаньням незалежнасьці судовых органаў, непрадузятасьці іхных супрацоўнікаў.

Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі, які браў удзел у працы зьезду, адмовіла ў акрэдытацыі прадстаўнікам БГК, таму некалькі актывістаў гэтай праваабарончай арганізацыі паспрабавалі падысьці да будынка, дзе праходзіў зьезд, і раздаць дакумэнты дэлегатам. Аднак зрабіць гэтага ім не ўдалося. Тэрыторыя вакол канцэртнай залі “Менск” была блякаваная супрацоўнікамі міліцыі й людзьмі ў цывільным, прайсьці можна было толькі па прапусках і запрашэньнях.

Зрэшты, старшыня БГК Тацяна Процька не наракае за гэта на дэлегатаў зьезду.

(Процька: ) “Іх сабралі разам, вызначылі — што казаць, дзе казаць, як спэктакль яны гуляюць. Так што на судзьдзяў нельга нечага і казаць. Мы зьвярнуліся афіцыйна да Сукалы, старшыні аргкамітэту арганізацыі зьезду. Ён сказаў: я нічога не магу вырашыць, зьвяртайцеся да тых людзей, якія зьвязаныя з аховай прэзыдэнта”.

Што да самога зьезду, то ён прайшоў паводле распрацаванага парадку, безь якіх-небудзь сэнсацыяў. У сваім выступе Аляксандар Лукашэнка, пакрытыкаваўшы беларускіх судзьдзяў за празьмерную мяккасьць выракаў, разам з тым паабяцаў павялічыць ім заробкі і на працягу двух гадоў забясьпечыць кожнага судзьдзю кампутарам. Пра нейкія сур’ёзныя рэформы ў судовай сфэры на зьезьдзе размовы не ішло.

Былы судзьдзя Канстытуцыйнага Суду, кіраўнік Цэнтру прававой абароны СМІ Міхаіл Пастухоў лічыць, што сёньня не выпадае гаварыць пра нейкую незалежнасьць судовай сыстэмы Беларусі.

(Пастухоў: ) “Судовая сыстэма цалкам падпарадкаваная выканаўчай уладзе. Судзьдзі прызначаюцца на пасаду кіраўніком дзяржавы і вызваляюцца таксама ім. Судзьдзям выканаўчая ўлада дае жыльлё, устанаўлівае заробкі, пазбаўляе іх пасадаў. Таму, на мой погляд, сёньняшняя сыстэма судоў Беларусі цалкам пазбаўленая неабходнай для яе незалежнасьці й самастойнасьці”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG