Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ КАЛЕГІЮМ ПАЗБАВІЛІ ПАМЯШКАНЬНЯ


Галіна Абакунчык, Менск

Прычынай забароны на карыстаньне памяшканьнем дырэктарка бібліятэкі Алена Кубышкіна назвала “некарэктнае”, паводле ейных словаў, выкарыстаньне ў дзейнасьці Калегіюму назвы бібліятэкі. Іншымі словамі, дырэктарка не задаволеная, што Калегіюм, рэклямуючы свае імпрэзы, згадваў пра датычнасьць да іх бібліятэкі. Гаворыць Алена Кубышкіна:

(Кубышкіна: ) “Калі Калегіюм арандаваў памяшканьне, то трэба было, каб гучала, што гэта праводзіць Беларускі калегіюм. З намі не было дамовы пра тое, як і што будзе рэклямавацца”.

(Карэспандэнтка: ) “Вас не задаволіла тэма мерапрыемстваў?”

(Кубышкіна: ) “У тым ліку й тэма”.

(Карэспандэнтка: ) “Вам нехта рабіў заўвагі на гэты конт?”

(Кубышкіна: ) “Гэта мая асабістая пазыцыя”, — заявіла Алена Кубышкіна.

Дырэктар Калегіюму Алесь Анціпенка лічыць названую праблему ўсяго толькі фармальнаю падставаю дзеля наступу ўладаў на нацыянальны інтэлектуальны асяродак. Гаворыць Алесь Анціпенка:

(Анціпенка: ) “Бібліятэка апынулася пад ціскам, і загадчыца проста зрабіла выбар. Я чакаў, што гэта адбудзецца, але ня ведаў, калі”.

Беларускі Калегіюм — адзіная ў Беларусі недзяржаўная навучальная ўстанова, якая чатыры гады рыхтавала нацыянальна арыентаваных інтэлектуалаў. Толькі тут студэнты мелі магчымасьць атрымаць не заангажаваную дзяржаўнымі догмамі дадатковую адукацыю ў галіне журналістыкі, філязофіі літаратуры і найноўшай гісторыі. Менавіта гэтыя дысцыпліны дзяржава ў асобе Лукашэнкі лічыць найважнейшымі ў сыстэме адукацыі й бярэ пад асаблівую ўвагу. Гаворыць выкладчык Калегіюму Валянцін Акудовіч:

(Акудовіч: ) “БДУ са шматтысячным калектывам у гэтым сэнсе працуе менш эфэктыўна, чым Калегіюм, дзе сотня–паўтары выкладчыкаў і студэнтаў”.

Кожны аўторак цягам чатырох гадоў у арандаваным памяшканьні бібліятэкі Янкі Купалы вядомыя навукоўцы, у тым ліку й суседніх краінаў, праводзілі публічныя лекцыі. Тут адбывалія таксама прэзэнтацыі новых беларускіх газэт і часопісаў, якімі цікавілася ўсё большая колькасьць людзей. І калі навучальны працэс для студэнтаў будзе прадоўжаны ў іншых памяшканьнях, то традыцыйныя публічныя лекцыі й імпрэзы цяпер скасаваныя. Гаворыць Валянцін Акудовіч:

(Акудовіч: ) “У нашай сытуацыі, калі нацыянальны рух змарнеў, калі пачынае зьнікаць з публічнага дыскурсу, вельмі істотна, каб дэманстравалася, што мы жывыя й мы ёсьць”.

Кіраўніцтва Беларускага Калегіюму абяцае кампэнсаваць адсутнасьць творчых імпрэзаў віртуальнымі сустрэчамі ў Інтэрнэце. Ці будуць адноўленая публічныя лекцыі-прэзэнтацыі — пакуль невядома.

XS
SM
MD
LG