Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЫК ЦІ НАВУЧАЮЦЦА Ў БЕЛАРУСІ ІРАЦКІЯ АФІЦЭРЫ?


Алег Грухьдзіловіч, Менск

Скандал, які распачаўся летась у Беларусі вакол дзесяці ірацкіх вайскоўцаў, якія прыехалі ў краіну вучыцца, меў адным з наступстваў дыскусію ў Радзе Бясьпекі ААН.

Паводле замежных мэдыяў, учора прадстаўнікі краінаў-сябраў Рады Бясьпекі ААН абмеркавалі тэму навучаньня ірацкіх вайскоўцаў у Беларусі. Дыпляматы спасылаліся на розныя крыніцы, у тым ліку на “Белорусскую деловую газету”, якая летась 5 кастрычніка першай паведаміла пра тое, што з Іраку ў Беларусь прыехалі для навучаньня дезсяць афіцэраў.

Паводле аднаго з дыпляматаў Рады Бясьпекі, праблемай зацікавіўся і Камітэт нагляду за выкананьнем санкцыяў супраць Іраку. Паведамляецца, што праблема будзе вывучацца і надалей, у тым ліку ня выключана, што ад беларускіх уладаў запатрабуюць тлумачэньняў.

Ад пачатку скандалу афіцыйныя асобы ў Беларусі цалкам абвяргалі зьвесткі пра прыезд ірацкіх афіцэраў. Тады газэта надрукавала сьпіс ірацкіх навучэнцаў з пашпартнымі зьвесткамі й нават паведаміла месцы нараджэньня — былі названыя гарады Багдад, Анбар і Масул. Журналісту “БДГ” Андрэю Махоўскаму, на чыю публікацыю спасылаюцца цяпер дыпляматы ААН, перакананасьці ў дакладнасьці ягоных зьвестак дадае ў тым ліку тое, як няўдала яны абвяргаліся афіцыйнымі асобамі.

(Махоўскі: ) “Кожнае наступнае абвяржэньне супярэчыла таму, што было раней. Ня ведалі, што казаць. Спачатку казалі, што наогул ніхто сюды не прыяжджаў, потым пачалі казаць, што гэта нейкія бізнэсоўцы прыехалі дзеля заключэньня кантрактаў. Карацей, была нейкая разгубленасьць. І потым супраць мяне ніякіх санкцыяў не было, што таксама можна лічыць доказам”.

Андрэй Махоўскі мяркуе, што вынікам скандалу стаў раптоўны, праз два тыдні, ад’езд іракцаў зь Беларусі. Журналіст не выключае, што іракцы не вярнуліся дадому, а зьехалі ў адну зь недалёкіх ад Беларусі краінаў, дзе прадоўжылі навучаньне.

Тое, што ірацкія афіцэры пачыналі навучаньне ў Беларусі, пацьвярджае і лідэр “Народнай Грамады”, былы выкладчык вайсковай Акадэміі Мікалай Статкевіч. У ліку краінаў, зь якімі Беларусь вядзе актыўнае вайсковае супрацоўніцтва, ён называе Кітай, Індыю, Сырыю, Лібію. Не выключае і Ірак. Паводле Міколы Статкевіча, навучаньне іракцаў сьведчыла пра тое, што хутка ў гэтую краіну павінны паставіць зброю, якой добра валодаюць у Беларусі.

(Статкевіч: ) “Звычайна такое навучаньне адбываецца напярэдадні паставак новай тэхнікі. Бо старым сыстэмам узбраеньня іракцы навучаныя, яны ў стане іх самі засвоіць. Гэта значыць, што будзе вялікая закупка новага ўзбраеньня. Толькі тады прыяжджаюць афіцэры, нават гатовыя баявыя разьлікі — і вучацца”.

Мікола Статкевіч таксама выключае магчымасьць таго, што іракцаў перавялі зь Менску ў нейкі іншы навучальны цэнтар у Беларусі, бо, паводле Статкевіча, гэта парушыць навучальны працэс. Аднак магчыма, што ірацкіх курсантаў цяпер выдаюць за прадстаўнікоў іншых краінаў, кажа палкоўнік у адстаўцы Мікола Статкевіч.

Між тым, у Міністэрстве абароны цалкам абвяргаюць прысутнасьць у Беларусі ірацкіх курсантаў. Пра гэта мне заявіў супрацоўнік інфармацыйнага цэнтру Мінабароны падпалкоўнік Вячаслаў Раменчык.

XS
SM
MD
LG