Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ РАСЬЦЕ КАНТРАБАНДА РАСЕЙСКАГА ПАЛІВА


Казімер Яноўскі, Гомель

Сёньня я без асаблівых праблемаў заправіў аўтамабіль расейскім кантрабандным бэнзынам АІ-92. Было гэта на вуліцы Дакутовіч паблізу стацыянарнай аўтазапраўкі. Прадавалі паліва чацьвёра маладых гамельчукоў. За дзесяць літраў я заплаціў 5 тысяч рублёў, сэканоміўшы 470 беларускіх “зайцоў”.

Не засталіся ў накладзе й гандляры кантрабандным палівам. У пераводзе на беларускія рублі 10 літраў 92-га бэнзыну каштуе ў Расеі 3 тысячы 905 рублёў. Такім чынам выручка прыватнікаў склала 1095 рублёў.

Пра свой бізнэс гандляры расейскім палівам адмаўляюцца распавядаць. Адзін зь іх толькі выказаўся адносна беларускіх цэн.

(Гандляр палівам: ) “Цэны, канечне, у нас ненатуральныя. На ўсё. Незалежна — гэта бэнзын ці харчы. Абсалютна на ўсё цэны завышаныя. Яны проста нерэальныя”, — лічыць гандляр расейскімі нафтапрадуктамі.

Вышэйшая ажно на траціну ў Беларусі цана нафтапрадуктаў — прычына ўвозу кантрабанднага расейскага паліва. Згодна зь некаторымі зьвесткамі, займаюцца гэтым сотні прыватнікаў. Мяжа з Расеяй адкрытая, перашкодаў няма.

Начальнік аддзелу дзяржаўнага ўнітарнага прадпрыемства “Гомельаблнафтапрадукт” Аляксандар Кеўліч кажа, што рэалізацыя паліва празь іх прадпрыемства апошнім часам рэзка скарацілася. Напрыклад, сёлета за студзень прададзена толькі 54% нафтапрадуктаў у параўнаньні зь мінулым годам. Апэратары аўтазаправак пастаянна скардзяцца на тое, што побач прыватнікі гандлююць кантрабандным палівам, прычым нават з бэнзавозаў.

Намесьнік начальніка рэгіянальнай управы Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю Віктар Касьцючэнка распавёў, што расейскім палівам гандлююць нават на аўтазапраўках. Супрацоўнікі ўправы зараз распачалі крымінальную справу за нелегальны прыём 30 тонаў расейскага бэнзыну.

У Мазыры безьліцэнзійным продажам нафтапрадуктаў займалася акцыянэрнае таварыства “Арэна”. На ягоных службовых асобаў таксама завялі крымінальную справу.

Аднак адміністрацыйныя меры наўрад ці зьменяць сытуацыю. Прынамсі, пра міліцэйскія рэйды ды праверкі ў бэнзынавых бізнэсоўцаў сваё меркаваньне.

(Спадар: ) “Ганяюць рэгулярна. Стараемся не пападацца”, — кажа гандляр расейскімі нафтапрадуктамі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG