Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД У ВАРШАВЕ ПАСТАНАВІЎ НЕ ВЫДАВАЦЬ ВАЦЛАВА МАРКЕВІЧА БЕЛАРУСІ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

У часе судовага паседжаньня пракурор прыгадала, што ў часе першай размовы з прадстаўнікамі польскіх праваахоўчых ворганаў напрыканцы мінулага году Вацлаў Маркевіч увогуле не гаварыў, што зьвязаны зь беларускай апазыцыяй. Паводле пракурора, тое, што спадар Маркевіч не зьвярнуўся да польскіх уладаў па палітычны прытулак ды цягам некалькіх гадоў свабодна езьдзіў у Беларусь, сьведчыць аб тым, што у Беларусі яму не пагражае палітычны перасьлед і таму абвінавачанага можна выдаць беларускім уладам.

У сваю чаргу абаронцы Вацлава Маркевіча цьвердзілі, што справа іхнага кліента мае відавочную палітычную афарбоўку, бо справа 2-мільённага крэдыту, які, паводле беларускай пракуратуры, Маркевіч атрымаў шляхам махлярства, была закрытая гаспадарчым судом яшчэ 5 гадоў таму, а ў 2000 годзе абвінавачаны нават афіцыйна выйшаў зь беларускага грамадзянства, і ўлады ня мелі да яго ніякіх прэтэнзіяў.

Паводле абаронцаў, захады беларускай пракуратуры ў справе экстрадыцыі Вацлава Маркевіча цесна звязаныя з хваляй арыштаў кіраўнікоў прадпрыемстваў і бізнэсоўцаў, якая апошнім часам узмацнілася на Беларусі.

Адвакаты прасілі суд зьвярнуць увагу і на лісты ад вядомых у Беларусі людзей, у прыватнасьці спадароў Шушкевіча, Ганчарыка, Статкевіча, Марцава і спадарыні Віньнікавай, якія пацьвердзілі, што Вацлаў Маркевіч падтрымліваў беларускую апазыцыю.

У выніку, варшаўскі акруговы суд пастанавіў, што выдача ў Беларусь Вацлава Маркевіча ёсьць недапушчальная, бо гэта супярэчыла б польскаму заканадаўству, а таксама міжнародным дамовам, якія падпісала Польшча.

Рашэньне суду камэнтуе экспэрт ў справе Беларусі польскай Гельсынкскай фундацыі правоў чалавека, спадарыня Жаклін Кацпшак.

(Кацпшак: ) “Суд пастанавіў, што экстрадыцыя ёсьць недапушчальная. У сваім рашэньні суд перадусім спасылаўся на міжнародныя дамовы, ратыфікаваныя Польшчай і разгледзеўшы матэрыялы, сьцьвердзіў, што ёсьць падставы меркаваць, што ў Беларусі спадар Маркевіч ня меў бы справядлівага судовага працэсу. Таму ягоная экстрадыцыя супярэчыць польскму заканадаўству. Застаецца толькі цешыцца з таго, што мы маем дэмакратычны суд, які прыняў рашэньне ў адпаведнасьці з прадстаўленымі матэрыяламі і доказамі, а таксама ў адпаведнасьці з веданьнем сытуацыі, якая пануе цяпер у Беларусі”.

Варта адзначыць, што паводле польскага заканадаўства, у выпадку экстрадыцыі, суд толькі вырашае, магчымая, паводле заканадаўства, выдача замежніка ці не, аднак не вызначае ступень ягонай віны ў адпаведнасьці з заявай сьледчых ворганаў іншай дзяржавы.

Цяпер пракуратура мае права абскардзіць рашэньне суду цягам сямі дзён.


XS
SM
MD
LG