Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТЭРСТВА ТРАНСПАРТУ АБВЕСЬЦІЛА ПРА НАМЕР СКАСАВАЦЬ СЫСТЭМУ ЛЬГОТАЎ У СФЭРЫ ГРАМАДЗКАГА ТРАНСПАРТУ


Міхал Стэльмак, Менск

Мяркуецца замест сыстэмы льготаў укараніць мэханізм адраснай падтрымкі, калі льготы будуць кампэнсавацца пэўнымі міністэрствамі. Улады напачатку плянуюць укараніць гэткі мэханізм у адным з раёнаў, і таму пакуль невядома, ці будзе падтрыманы гэты экспэрымэнт у межах усяе краіны.

А як ставяцца да скасаваньня льготаў шараговыя грамадзяне? Наш карэспандэнт Міхал Стэльмак правёў апытаньне на вуліцах Менску.

(Карэспандэнт: ) “Ці патрэбныя льготы ў грамадзкім транспарце?”

(Уладзімер: ) “Для пэнсіянэраў патрэбныя”.

(Васіль: ) “Пэнсіянэры й інваліды мусяць усё ж нейкія льготы мець”.

(Аляксандар: ) “У мяне льгота пакуль ёсьць”.

(Карэспандэнт: ) “Да канца году Міністэрства транспарту зьбіраецца зьліквідаваць ільготы. Ці зможаце вы аплачваць паездкі?”

(Аляксандар: ) “Мяне гэта ня тычыцца. Я інвалід вайны”.

(Карэспандэнт: ) “Трэба скасоўваць ільготы ці не?”

(Аляксандар: ) “Ёсьць такія, што трэба іх скасаваць. А вось у мяне рукі няма, нагі. Шмат едзе здаровых у транспарце, але безь білетаў. Калі б быў кандуктар! Вось у Гомелі — дык там кандуктар, там нікуды ня падзенесься”.

(Карэспандэнт: ) “Ці вырашацца такім чынам праблемы транспарту?”

(Аляксандар: ) “Не, гэта ўсё не дапаможа”.

(Генадзь: ) “Калі будуць атрымліваць гэтыя грошы транспартныя арганізацыі — так, а не датацыі аднекуль, якія могуць даць, а могуць і не”.

(Карэспандэнт: ) “А вы маеце льготы?”

(Генадзь: ) “Так. Пэнсіянэр. Хай дададуць 5 тысяч рублёў да пэнсіі — і ніякія льготы не патрэбныя. І не патрэбныя гэтыя 50% ні на цягнік, ні на грамадзкі транспарт”.

(Карэспандэнт: ) “Вы з гэтым згодныя?”

(Маргарыта: ) “Не, я лічу, што льготы пэнсіянэрам патрэбныя ў першую чаргу”.

(Карэспандэнт: ) “Зьбіраюцца скасаваць ільготы. Вы з гэтым згодныя?”

(Амельчанка: ) “Я з гэтым ня згодны”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму?”

(Амельчанка: ) “Таму што мы за гэтыя грошы ня можам пражыць і аплачваць поўны кошт. Вось я зараз еду, узяў ільготны білет за 200 рублёў, які каштуе 400 рублёў. Для мяне гэта накладна. У нас пэнсіянэры вельмі пакрыўджаныя сваёй пэнсіяй. Яна нізкая, яна не забясьпечвае пражытковы мінімум. Вось заплаціш за кватэру, за электрычнасьць, за тэлефон, за летнік 7 тысяч рублёў. Дык што ж застаецца?! А жыць жа трэба”.

(Карэспандэнт: ) “Вы маеце льготы на транспарт?”

(Ксенія: ) “Маю. Я беспрацоўная. Я ежджу па картцы беспрацоўнай”.

(Карэспандэнт: ) “А калі скасуюць гэтую льготу?”

(Ксенія: ) “Я ня ведаю, не магу сказаць”.

(Андрэй: ) “Нейкія льготы, магчыма, і трэба зьліквідаваць. Напрыклад, пэнсіянэрам трэба захаваць, бо яны жыцьцё аддалі за гэтую краіну. Маладзейшым трэба зьліквідаваць ільготы, але чарнобыльцаў лепш не чапаць”.

(Карэспандэнт: ) “Ідэя скасаваньня льготаў грунтуецца на тым, што нібыта гэтак вырашацца транспартныя праблемы”.

(Андрэй: ) “Глупства. Транспартныя праблемы ня будуць вырашаныя. Паглядзіце, якія ў нас трамваі — 1960-х гадоў. За кошт гэтага нічога ня вырашыш. Трэба падыходзіць з другога боку”.

(Карэспандэнт: ) “Якім чынам?”

(Андрэй: ) “Галаўны боль таварыша Лукашэнкі, а ў яго асобе і нашай дзяржавы — трэба абнаўляць усё гэта. Не адразу, а паступова. І так усё гэта можа і рашыцца”.

(Надольскі: ) “Я пэнсіянэр, матэматык па адукацыі, жыву ў Калодзішчах. Транспартная праблема, я лічу, можа рашацца толькі праз павелічэньне туды капіталаўкладаньняў”.
XS
SM
MD
LG