Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАДЗВЫЧАЙНАЯ РАДА САЮЗУ ПІСЬМЕНЬНІКАЎ АБМЯРКОЎВАЕ ЗАПЛЯНАВАНАЕ ЗЬЛІЦЬЦЁ ЛІТАРАТУРНЫХ ВЫДАНЬНЯЎ


Валянціна Аксак, Менск

Пра тое ж, як будуць выглядаць аб’яднаныя выданьні, ці застануцца яны самастойнымі, які будуць мець аб’ём і пэрыядычнасьць, галоўныя рэдактары пакуль што ня ведаюць. Таму ніякіх канкрэтных прапановаў наконт рэфармаваньня выданьняў у новай сытуацыі сёньня на адмыслова скліканай радзе Саюзу пісьменьнікаў не прагучала.

Нагадаем, што яшчэ два тыдні таму пра зьліцьцё ў адзін у Міністэрстве інфармацыі гаварылі толькі ў дачыненьні часопісаў “Крыніца” і “Маладосьць”. З новага году спынілі дзяржаўную датацыю гэтых выданьняў. Пра астатнія ж чатыры, у ліку заснавальнікаў якіх значыцца і Саюз пісьменьнікаў, галоўныя рэдактары даведаліся ўжо пасьля падпісанага міністрам загаду. Выглядалі яны на радзе разгубленымі й камэнтаваць сытуацыю рашуча адмовіліся.

Гэтак сама і сакратарыят пісьменьніцкага саюзу адмовіўся камэнтаваць поўны фінансавы крах сваёй структуры. Прабыўшы восем месяцаў без заробку, з сакратарыяту звольніліся амаль усе тэхнічныя работнікі. Пры гэтым у сваіх заявах яны просяць кампэнсаваць ім нявыплаты пісьменьніцкай маёмасьцю: крэсламі, канапамі, сталамі, аргтэхнікай.

Ніякага рашэньня рада сёньня не прыняла, прызначыўшы праз тыдзень яшчэ адно паседжаньне з тым самым парадкам дня.

А вось як нашаму радыё пракамэнтаваў сытуацыю народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін:

(Барадулін: ) “Гэтаму рэжыму, каторы ў нас цяпер, не патрэбная літаратура. І наогул, яго раздражняе слова “культура”. Таму што гэта калгасны мэнталітэт. І колькі б мы ўладзе пісем ні пісалі... Ужо некалі пісалі “вялікамуСталіну”, ну і што з гэтага... 1937-ы год быў, і 1947-ы год...

Я лічу, што Саюз пісьменьнікаў — гэта не арганізацыя аднадумцаў, не арганізацыя змагароў за нацыянальную ідэю. Яна разводненая, гэта ж савецкае ўтварэньне... Таму з гэтым Саюзам пісьменьнікаў нічога, я лічу, ня будзе. Ён павінен разваліцца, і нешта новае павінна стварыцца. А вось што?

Безумоўна, усё ўпіраецца ў фінансы, таму што культура патрабуе грошай. Хоць слова “культура” ў перакладзе з латыні азначае праца, але ў дадзеным выпадку — праца, якая не аплачана...”

XS
SM
MD
LG