Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДСТАЎНІКІ ДЗЯРЖДЭПАРТАМЭНТУ ЗША АБМЯРКУЮЦЬ ПРАБЛЕМЫ ПАСТАВАК БЕЛАРУСКАЙ ЗБРОІ Й СУСТРЭНУЦЦА З ЖОНКАМІ ЗЬНІКЛЫХ ПАЛІТЫКАЎ


Валеры Каліноўскі, Менск

21 лютага Стывэн Пайфэр і ягоныя калегі зь Дзярждэпартамэнту сустрэнуцца зь лідэрамі найбуйнейшых беларускіх апазыцыйных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў, прадстаўнікамі незалежных СМІ. Пасьля абеду ў іх заплянаваныя сустрэчы зь міністрамі замежных справаў і абароны Беларусі, кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Напярэдадні гэтых сустрэчаў Аб’яднаная грамадзянская партыя Беларусі зьвярнулася да міністра замежных справаў Міхаіла Хвастова з прапановай давесьці ўсім грамадзянам зьвесткі, факты й лічбы, што датычаць продажу Беларусьсю зброі, якія агучваліся ім падчас сустрэчы з амэрыканскімі кангрэсмэнамі ў мінулую суботу.

Тэма продажу Беларусьсю зброі будзе дамінаваць і цяпер, падчас перамоваў з прадстаўнікамі Дзяржэпартамэнту, хоць яна й пастаўленая амэрыканскім бокам ў адзін шэраг з выкананьнем афіцыйным Менскам сваіх абавязацельстваў у рамках АБСЭ.

Паводле пакуль не пацьверджанай інфармацыі, дэлегацыя Дзярждэпартамэнту ЗША прывезла канкрэтныя прапановы адносна стварэньня супольнай сыстэмы кантролю за гандлем зброяй, пра што дамовіліся ў Менску ў мінулую суботу сябры Кангрэсу.

Адзін з запрошаных на сустрэчу са Стывэнам Пайфэрам — лідэр БНФ Вінцук Вячорка — лічыць, што пытаньні незаконнага продажу зброі наўпрост зьвязаныя з праблемамі ўнутранай беларускай дэмакратыі, празрыстасьці бюджэту, свабоды слова ды праблемай абмежаваньня цяперашнім кіраўніцтвам сувэрэнітэту краіны за кошт большай залежнасьці ад Расеі:

(Вячорка: ) “Беларусь — краіна недэмакратычная, краіна, у якой не існуе празрыстасьці падчас прыняцьця пэўных заканадаўчых актаў і пры распрацоўцы стратэгічна важных для любой дзяржавы пытаньняў вайсковага і тым больш вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва, продажу зброі. Ніхто ня ведае, з кім рэальна Беларусь гандлюе і каму ідуць узбраенне, боепрыпасы — альбо вырабленыя ў нас альбо прывезеныя да нас — скажам, з той жа самай Расеі.

Дарэчы, Беларусь магла б быць той жа чорнай дзіркай, празь якую ва ўмовах непразрыстасьці маглі б рэалізаваць сваю зброю тыя краіны, якія пры гэтым самі жадалі б застацца чыстымі ў вачах міжнароднай супольнасьці. Я дапускаю, што такія гіпотэзы якраз і штурхаюць амэрыканцаў, сыстэма каштоўнасьцяў якіх моцна скарэктаваная пасьля 11 верасьня, дамагацца свайго. Гэта значыць — дабівацца ад Лукашэнкі ясных адказаў на ясныя пытаньні”.

(Карэспандэнт: ) “Ці можна, на ваш погляд, давяраць тым адказам, адмаўленьням зь беларускага боку, што яны ў абход санкцыяў ААН ніякай зброі не прадаюць?”

(Вячорка: ) “Пакуль у Беларусі ня будзе празрыстай сытуацыі й грамадзкага кантролю, прынамсі, парлямэнцкага кантролю (але парлямэнту, які выбраны сапраўды дэмакратычным чынам) над усімі сфэрамі жыцьця, датуль ніводнаму слову беларускіх уладаў у любым пытаньні верыць крайне цяжка”.

Іншая важная сустрэча прадстаўнікоў Дзярждэпартамэнту — з жонкамі зьніклых беларускіх дзеячоў. Стывэн Пайфэр будзе гутарыць зь імі ўжо другі раз. Гаворыць Сьвятлана Завадзкая:

(Завадзкая: ) “Мы шукаем усе магчымыя шляхі, каб нашыя справы рухаліся. І па-мойму, амэрыканскі бок нас разумее лепш, чым хто іншы. Гэта бачна па нашых сустрэчах у Вашынгтоне. Нам вельмі важныя гэтыя кантакты, нам патрэбна на кагосьці абаперціся, а з уладаў нашай краіны, як вы разумееце, абаперціся няма на каго”.

XS
SM
MD
LG