Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА РАХУНКУ БЕЛАРУСКАЙ АЛІМПІЙСКАЙ КАМАНДЫ ПЕРШЫ МЭДАЛЬ І ПЕРШЫ НЕВЯРТАНЕЦ


Ігар Карней, Менск

Аляксей Грышын быў апошнім зь беларусаў, хто рэальна мог спрачацца за ўзнагароды. Авансавыя чаканьні цуда ад біатляністаў, тэрмінова выпісаных з Расеі лыжніц, канькабежкі Кацюгі, фрыстайлісткі Цупер, на жаль, ня спраўдзіліся.

Праўда, і Грышын за “бронзу” літаральна “зачапіўся” ў апошні момант, бо пытаньне зь месцамі заставалася адкрытым да апошняй спробы алімпійскага чэмпіёна, амэрыканца Бэргуста. У выпадку ягонага пасьпяховага скачка, Грышын быў бы толькі чацьверты. Уражаньнямі ад учорашніх спаборніцтваў дзеліцца спартовая журналістка Эльміра Харавец:

(Харавец: ) “Калі б амэрыканец Эрык Бэргуст дакладна выканаў апошні скачок, Аляксей Грышын пэўна застаўся б без мэдаля. У гэтым ёсьць і ягоная віна, бо другая спроба была выкананая з памылкамі.

Але, калі рабіць больш глыбокі аналіз, нельга не закрануць тэму судзейства. Відавочна, што для алімпійскага чэмпіёна Нагана месца на вышэйшай прыступцы п’едэсталу было прыхаванае загадзя. Гэта стала зразумела, калі арбітры пашкадавалі некалькі сотых бала для фэерычнага скачка чэха Алеша Валенты.

Нельга саказаць, што арбітры былі вельмі шчодрымі да наватара. Але ў тым, што Бэргуст прызямліўся на сьпіну, выявілася нейкая найвышэйшая справядлівасьць. Асабліва хацелася б адзначыць Зьмітра Дашчынскага. Ён выступаў з траўмай, ня збавіў ніводнага абароту, і нават сёмае месца пры гэтых абставінах можна назваць гераізмам”.

Паводле яшчэ аднаго назіральніка — фіналіста Лілехамэра фрыстайліста Аляксея Парфянкова, толькі пяцёра лыжных акрабатаў прадэманстравалі два скачкі, якія сапраўды адрозьніваюцца адзін ад аднаго (гэтага патрабуюць правілы). Усе беларусы ў гэтым ліку. На плягіят іншых спартовая Фэміда не зьвярнула ніякай увагі.

Астатнія старты з удзелам беларусаў аказаліся цалкам правальныя. У лыжным спрынце найлепшыя бегуны ледзьве ўвайшлі ў другую дзясятку яшчэ на этапе кваліфікацыі і, адпаведна, фінальная частка абышлася бязь іх. Гіпатэтычныя спадзяваньні застаюцца на сёньняшнюю біатлённую мужчынскую эстафэту, але ўлічваючы сумны досьвед апошніх стартаў, надзеі гэтыя ня дужа вялікія.

Тымчасам у беларускай камандзе насьпявае новы скандал. Гэтым разам ён зьвязаны зь невяртанцам — скакуном з трампліну Андрэем Лыскаўцом. У спаборніцтвах Лыскавец выступіў зусім няўдала, і, падобна, вырашыў паправіць невысокі кляс ня дома, а ў ЗША, дзе, паводле ягоных словаў, шмат сяброў, якія дапамогуць з уладкаваньнем. Спробы пераканаць Лыскаўца вярнуцца дадому працягваюцца, але ў прызначаныя тэрміны да самалёту спартовец упарта не прыходзіць.

Затое іншая ўдзельніца гучнага інцыдэнту, Юлія Паўловіч, ужо на шляху ў Менск. Ейны дэбют у шорт-трэку аказаўся куды больш гучным, чым хтосьці мог сабе ўявіць. Шэф алімпійскай місіі Яраслаў Барычка, якога ў выпадку з Паўловіч МАК абвінаваціў у спрыяньні допінгавым справам, пакуль застаецца ў Солт-Лейк-Сыты, але функцыі кіраўніка дэлегацыі ўжо адышлі да Генэральнага сакратара НАК Анатоля Іванова.

Нарэшце, стала вядома, што ўжо набытыя квіткі на адлёт беларускіх хакеістаў, якія ў чвэрцьфінале сёньня гуляюць супраць швэдаў. Такім чынам, беларускія трэнэры нават гіпатэтычна не дапускаюць верагоднасьці пасьпяховай гульні сваіх выхаванцаў.

XS
SM
MD
LG