Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СЫМБАЛЬ ВЕРЫ. РЭЛІГІЯ І СПОРТ


Кастусь Бандарук, Прага

Найперш прызнаюся, што мяне асабіста Алімпійскія Гульні цікавяць значна менш, чым некалі, у маладосьці. Аднак не магу ня бачыць, зь якой незвычайнай цікаўнасьцю тысячы людзей на трыбунах і мільёны перад экранамі тэлевізараў сочаць за змаганьнямі спартоўцаў у Солт Лэйк Сыты. У спорце сапраўды ёсьць нешта дзівоснае. Гэта ня толькі відовішча, пустыя гульні, якія служыць забаве гледачоў, але шматбаковая зьява, у якой радасьць і смутак, дабро і зло, перамога і параза, высілак і боль спляліся нават больш неразрыўна, чым ў іншых дзялянках жыцьця.

Бацька сучаснага алімпізму П’ер дэ Кубэртэн (1863-1937) лічыў спорт шляхам да фармаваньня лепшага чалавека і лепшага грамадзтва, надзеяй на мір паміж людзьмі і народамі. Адвечнымі крыніцамі спорту, паводле яго, зьяўляюцца забава, прыгажосьць і справядлівасьць. Заміж тагачаснай моды на азарт і цыркавыя штучкі, Кубэртэн заклікаў да гонару, рыцарскіх цнотаў і бескарыснага высілку.

Індывідуальнасьць П’ера дэ Кубэртэна ў значнай ступені сфармаваліся пад уплывам выхаваўчых мэтадаў езуіцкага калегіюму сьв. Ігната Лаёлі ў Парыжы. Езуіты надавалі школьнаму выхаваньню форму спаборніцтва: за лепшыя адзнакі ў навуцы і ў гімнастыцы, за лепшае мейсца пры стале і за гонар прыслугоўваць падчас Імшы. Дзякуючы езуіцкай школе, Кубэртэн паверыў у сэнс спаборніцтва і дасяганьня мэты шляхам высілку. Адсюль у яго зьявілася перакананьне, што спартовае спаборніцтва зьяўляецца найлепшым выхаваўчым сродкам.

Ад 1896-га году алімпійскія гульні пачалі адбывацца па лёзунгам Citius – Altius-Fortius (хутчэй, вышэй, мацней), які прыдумаў сябра Кубэртэна дамініканец Анры ле Дзідон (Henry Le Didon). Лёзунг тычыцца ня толькі фізычнага намаганьня, але ахоплівае эстэтычныя і маральныя мэты. Мэта спорту, паводле Кубэртэна, удасканаленьне душы і цела. У гэтым сэнсе спорт павінен быць саюзьнікам Царквы. Але ці так яно на самой справе?

Паколькі ў Беларусі няма спартовых капэлянаў, з гэтым пытаньнем я найперш зьвяртаюся да каталіцкага біскупа і духоўніка спартоўцаў Польшчы Анджэя Сьлівінскага:

(Сьлівінскі: ) “Царква ніколі асабліва не аддзяляла справаў духу ад справаў цела. Яна заўсёды прытрымлівалася і прапагандавала старажытную крылатую фразу, што “у здаровым целе здаровы дух”. На самой справе, гарманічны чалавек - гэта той, які здаровы фізычна, але таксама псыхічна і рэлігійна. Таму Царква асабліва зацікаўленая ў тым, каб чалавек разьвіваўся ва ўсіх адносінах. Спорт сам па сабе ў каталіцкай царкве ня лічыцца першаснай каштоўнасьцю, але Царква хоча скарыстаць яго ў сваіх мэтах.

Справа ў тым, што спартовыя мерапрыемствы, неабавязкова тыя, за якімі мы сочым ў часе аліміпійскіх гульняў, гуртуюць мноства людзей. Царква разумее, што любы спорт, рух, практыкаваньне служаць здароўю чалавека, і Царква гэта бласлаўляе. Сам Папа Ян Павал ІІ шмат гаварыў пра каштоўнасьць спорту. Ён дзякаваў спартоўцам за тое, што яны могуць стаць для моладзі тымі станоўчымі ідаламі, а іхныя высілкі і самаахавярнасьць, разьлічаныя ня толькі на мэдалі і рэкорды, могуць быць ўзорам і прыкладам”.

Гэта быў каталіцкі біскуп Анджэй Сьлівіньскі, галоўны душапастыр спартоўцаў. Дарэчы, Папа Ян Павал ІІ у маладосьці сам займаўся некалькімі відамі спорту, асабліва лыжамі. Прамаўляючы да спартоўцаў у Рыме, заявіў: “спорт - гэта божы дар. Празь яго чалавек практыкуе сваё цела, розум і волю…У наш час спорт мае вялікае значэньне, бо ён можа спрыяць пашырэньню сярод моладзі такіх каштоўнасьцяў як ляяльнасьць, стойкасьць, cяброўства, супольнасьць, салідарнасьць…Спорт пашырыўся ва ўсіх частках сьвету, пераступаючы межы культураў і дзяржаваў… ён можа ўносіць каштоўны ўклад ў мірнае паразуменьне паміж народамі і спрычыніцца да ўмацаваньня ў сьвеце новай цывілізацыі любові”.

Паводле Папы, спорт вучыць таму, што, каб дасягнуць посьпеху, трэба быць вельмі цярплівым і настойлівым. Хто займаецца спортам, той ведае, што добрыя вынікі не даюцца дарам. Іх дасягаюць натужлівай працай і самаахвярнасьцю. Братэрства, вялікадушнасьць, сумленнасьць і павага для цела - гэта неабходныя рысы кожнага добрага спартоўца.

Яны спрычыняюцца да пабудовы грамадзтва, дзе месца антаганізмаў займае спартовае спаборніцтва, дзе сустрэча важнейшая за канфлікт, сумленнае спаборніцтва за жорсткае супрацьстаяньне. Спорт можа схіляць людзей да таго, каб яны выяўлялі свае найлепшыя рысы. Кожны спартовец едзе на гульні, каб, згодна ідэі алімпізму, спалучыць спорт з культурай і выхаваньнем, каб знайсьці радасьць ў спаборніцтве, заснаваным на ўнівэрсальных этычных нормах.

Гэта пазыцыя каталіцкай Царквы. А вось што думае на гэты конт сьвятар Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы а. Касьян Невяроўскі.

(Невяроўскі: ) “Сам асабіста я не займаўся спортам. Хутчэй, фізкультурай у школе, як, дарэчы, усе мае равесьнікі. Пазьней, калі вучыўся ў духоўнай сэмінарыі, таксама гуляў з хлопцамі ў футбол і валейбол, але прафэсійна, але, зноў жа, у прафэсійных спартовых змаганьнях ня ўдзельнічаў. У спорце я хацеў бы адрозьніць дзьве рэчы. Першая, гэта спорт як зьява, як у сучасным разуменьні вялікае “шоў”, як камэрцыйнае мерапрыемства зь вялікімі фондамі. Аднак гэта якраз тое, што Царкву найменш цікавіць і чаго ніяк нельга супастаўляць з мэтамі Царквы. Я хачу сказаць пра іншы аспэкт спорту, пра людзей спорту, пра сьведчаньне іхнай хрысьціянскай прыналежнасьці. Кожны вернік у сваім рэлігійным жыцьці ў нейкай ступені нагадвае спартоўца. У хрысьціянскім жыцьці таксама ёсьць барацьба, хаця гэта барацьба з грахом, са злом. У гэтым сэнсе для верніка вельмі павучальныя словы Апостала Якуба: “шчасьлівы той чалавек, які не паддаецца спакусам, бо выпрабаваны, ён атрымае вянок жыцьця, што абяцаў Госпад тым, якія любяць Яго”.

Хрысьціяне, калі яны займаюцца спортам, таксама маюць магчымасьць засьведчыць аб сваёй хрысьціянскай веры. Для беларусаў ўзорам можа быць славуты трэнер Эдуард Малафеяў, які ў розных інтэрвію на радыё і тэлебачаньні шмат разоў гаварыў аб сваё веры і рэлігійнасьці. Гэта для нас добры прыклад, як можна абвяшчаць аб збаўленьні ў Хрысьце менавіта гэткім чынам”.

Гэта быў праваслаўны сьвятар з БАПЦ Касьян Невяроўскі. Праваслаўная Царква, відавочна, дацэньвае значэньне спорту. Тут маю на ўвазе, у прыватнасьці, Грэцыю, радзіму алімпійскага руху.

Аб гэтым паведаміў у інтэрвію прэс-службе Ўкраінскай Праваслаўнай Царквы легендарны ўкраінскі футбаліст, а таксама трэнер грэцкіх футбалістаў, Алег Блахін:

“У спорце, у асноўным, усё залежыць ад волі, майстэрства, упартасьці, ад уласных сілаў. Усё павінна быць у меру і ў пару . Сучасны спорт - гэта прафэсія, і да яго трэба ставіцца прафэсійна. Аднак спорт і вера не такія ўжо несумяшчальныя паняцьці. Калі гулец прыйшоў раней, каб памаліцца, і гэта яму дапамагае, дык я гэта вітаю. Калі ў гардэробе вісіць ікона, гэта таксама нармальна. У Грэцыі перад пачаткам чэмпіянату прыходзіць сьвятар, асьвячае поле, вароты, спартовую базу, памяшканьні, бласлаўляе гульцоў і трэнераў. Духоўнікі дапамагаюць пераадоленьня розных псыхалягічных праблемаў спартоўцаў. Некаторыя трэнеры часта карыстаюцца парадамі духоўнікоў. У іх гэтак прынята і гэта не перашкаджае ні ў трэнінгу, ні ў самой гульні. Калі раней я сам забіваў галы, калі ў мяне нешта на полі атрымоўвалася, дык, напэўна, гэта не адбывалася бяз вышняй дапамогі .

У Грэцыі я наведваю храм некалькі разоў у месяц. Перад кожным важным матчам таксама жонка Валерыя Лабаноўскага малілася ў храме. Згодна майму грэцкаму дасьведчаньню, вера і спорт сумесна могуць дапамагчы ў справе сацыяльнага служэньня, найперш, моладзі, адарваць яе ад наркотыкаў, алькаголю, злачыннасьці. Тое, што Мітрапаліт Уладзімір уручае царкоўныя ўзнагароды выдатным спартоўцам сьведчыць аб тым, што Царква таксама разумее важную ролю, які спорт адыгрывае ў жыцьці чалавека і грамадзтва”.

Значэньне спорту разумеў і ўмела скарыстаў яго ў прапаведніцкіх мэтах Апостал Павал. У Карынце, куды Апостал прыбыў з Дабравесьцем, знаходзіўся вялікі стадыён. Там увесь час праводзіліся спартовыя спаборніцтвы, а сам спорт быў вельмі папулярны. Вось таму, гаворачы пра значэньне высілку дзеля дасягненьня збаўленьня, Павал скарыстаў усім зразумелую мэтафару здаровага спартовага спаборніцтва. “Ці ж ня ведаеце, што бегуны на стадыёне бягуць усе, але толькі адзін атрымоўвае ўзнагароду? Дык бяжыце гэтак, каб атрымаць яе. Кожны, хто змагаецца, адмаўляе сабе ва ўсім, і гэта пры тым, каб атрымаць вянок тленны, а мы - нятленны” (1 Кар.9,24-25). Хрысьціянскае жыцьцё ён параўнаў да бягу ня толькі да зямной мэты, але і да вечнай, дзе не адзін бягун можа быць пераможцам, але ўсе. Гаворачы пра сваё жыцьцё, ён кажа: “я ўдзельнічаў ў добрых выперадках, бег закончыў, веру захаваў. Цяпер і мне адкладзены вянок славы, які дасьць і мне Госпад у свой час”.

Апостал Павал відавочна лічыў спорт прыдатнай, але не галоўнай каштоўнасьцю ў жыцьці. У некаторым сэнсе спорт ніяк не супадае з некаторымі эвангельскімі прынцыпамі. У спорце нельга сказаць: “апошні будзе першым і наадварот”. Слабейшы будзе заўсёды апошні. Калі ў адказ на ўдар у адну шчаку нехта падставіць другую, той прайграе”. Дык ці няма тут супярэчнасьці паміж ідэяй спорту і рэлігіяй. Айцец Касьян:

(Невяроўскі: ) “Я ня бачу тут ніякай супярэчнасьці. Тое, што робяць спартоўцы, гэты іхны занятак, які не пярэчыць іхнаму хрысьціянскаму пакліканьню ў рэальным жыцьці. Спорт - гэта ў значнай ступені відовішча, “ шоў”. Тут нельга сказаць, што гэтак адбываецца насамрэч. Тыя баксёры пасьля бойкі ў рынгу дружна гутарць, сьмяюцца і жартуюць. Гэта хутчэй свайго роду тэатар, і таму нельга сказаць, што іхная дзялянка спорту пярэчыць нейкім храсьціянскім прынцыпам”.

Усё ж акрамя спорту, які дасканаліць чалавечае цела, бывае і такі, што які яго нявечыць і прыніжае. Гімнастыка і танец могуць спрыяць здароўю, але ёсьць віды спорту, якія калечыць, як гэта было ў выпадку баксёра Мухамеда Алі, аўтагоншчыка Нікі Лаўды, штангістаў, альпіністаў ды многіх іншых. Апрача спорту, які служыць высокародным ідэалам бывае і той, які накіраваны на прыбытак, які дзеліць людзей заміж аб’ядноўваць. Узнагародай для пераможцаў на першых Алімпіядах быў вянок зь лісьцей аліўкавых дрэваў, што расьлі ў сьвятым гаі ў Алімпе. Сучасныя гульні моцна камэрцыялізаваныя. Апрача мэдалю, пераможцы атрымоўваюць ад сваіх нацыянальных алімпійскіх камітэтаў грашовыя ўзнагароды.

Сёлета беларускім залатым мэдалістам з Солт Лэйк Сыты абяцана значныя грашовыя прэміі, расейскім ажно 115 тысячаў эўра, хаця швэды і фіны ня плацяць нічога. Мноства спэцыялізаваных фірмаў апрацоўвюць усё лепшыя, лягчэйшыя, больш дасканалыя спартовыя ўборы і абсталяваньне. Паколькі галоўным у сучасным спорце становіцца рэкорд і першае мейсца любою цаною, мэдыцына і хімія навыперадкі працуюць над допінгавымі прэпаратамі, якіх не ўдасца выявіць. Ці Царква не заўважвае гэтую дэградацыю спорту? Калі ласка, біскуп Сьлівінскі:

(Сьлівінскі: ) “Зразумела, Царква заўважае гэта. Яна зьвяртае ўвагу ня толькі на станоўчыя моманты ў спорце, але і на адмоўныя, якіх таксама шмат. Яны зьвязаныя найперш з тым, што спорт камэрцыялізаваўся. Ён часткова адыйшоў ад прынцыпу фізычнага і духоўнага разьвіцьця чалавека. Побач са спортам пачалі зьяўляцца вялікія грошы, а высокародныя мэты спартовага спаборніцтва падмянілі ў якасьці галоўных вынікі і рэкорды. Дзеля іх дасягненьня пачалі ўжывацца недазволеныя мэтады і допінгавыя сродкі ў выглядзе, напрыклад, анаболікаў. У гэтым сэнсе спорт сапраўды апынуўся пад пагрозай. Гэтыя злоўжываньні нельга ігнараваць, але яны ня могуць зьвесьці на нішто тыя станоўчыя рысы спорту. Нельга з вадою выліць і дзіця! Нельга забывацца пра тое дабро, якое выплывае з чалавечага намаганьня, з таго вялікага энтузіязму мноства людзей. Праўда, чалавечымі эмоцыямі і пачуцьцямі на стадыёнах можна маніпуляваць, яны паддаюцца скажэньням. Трэба быць пільнымі, каб як гаварыў Апостал Павал, “распазнаваць духоў”, адрозьніваць зло ад дабра. Дарэчы, зло бывае ўсюды.

Асабліва там, дзе маем дачыненьне з грашыма. Таму і ў спорце, гэтак як і ў жыцьці, бываюць скажэньні, але яны не павінны азмрочваць самую ўзьнёслую ідэю спорту”.

Гаварыў біскуп Анджэй Сьлівінсьскі. Дарэчы, сам Папа Ян Павал ІІ перасьцерагаў, што спорт можа быць носьбітам высокародных, гуманістычных і духоўных ідэалаў толькі тады, калі практыкуецца згодна прынятым правілам. Спорт можа здрадзіць свайму сапраўднаму пакліканьню, калі служыць не сваім інтарэсам, калі сам спартовец адыходзіць на другі плян. Такі спорт небясьпечны для самой яго ідэі. Прыхільнікі чыстага спорту адзначаюць, што ён стаўся таксама прыладай у руках палітыкаў.

У нацыяналістычных краінах спартоўцы ператвараюцца ў ідалаў. Дзякуючы посьпехам у спорце, камуністычныя дзяржавы мелі магчымасьць выйсьці на міжнародную арэну і паказаць сваё вяршэнства над капіталістычным Захадам. Некаторыя наагул бачаць у спорце паганскае абожаньне цела, мускулы без мазгоў, камэрцыялізацыю, допінгавыя скандалы, злоўжываньні судзьдзяў, праданыя матчы, высокія прэміі для чэмпіёна, рэкляму, трансфэры.

Таксама рэгулярныя бітвы паміж заўзятарамі розных камандаў. Ці ж гэта не павінна непакоіць? Айцец Касьян?

(Невяроўскі: ) “Натуральна, тое, што Вы сказалі, непакоіць З пункту гледжаньня хрысьціянскай маралі гэта грэх, амаральнасьць. Я маю на ўвазе перш за ўсё допінг або барацьбу за грошы. Але тут таксама трэба глядзець на гэтыя зьявы ў шырэйшым кантэксьце. Я маю на ўвазе тое, што спорт не павінен быць прыладай ідалапаклонства, не павінен дапускаць, каб аб’ектам абагаўленьня становіцца стварэньне, заміж Творцы. Людзі сапраўды б’юцца за самыя рэкорды, за грошы і славу, але гэта не павінна быць на першым месцы у тым сапраўдным спаборніцтве ў духу алімпізму, якім мы яго ўсе разумеем”.

Гэта была думка праваслаўнага сьвятара а. Касьяна Невяроўскага. Калі азнаёміцца з большай колькасьцю выказваньня духавенства, дык можна канстатаваць наступнае: Царква ставіцца да спорту прыхільна, але і не бяз крытыкі. Некаторых тэолягаў насьцярожвае тоей факт, што бацька сучаснага алімпійскага руху П’ер дэ Кубэртэн увёў у спорт усе атрыбуты і рытуалы нэапаганскай, гуманістычнай, мяшчанскай рэлігіі, у якой аб’ектам культу сталася маладое, чалавечае цела: сьцягі, агонь, паходні, працэсіі і прысягі. Скептыкі лічаць, што з прычыны спорту на другі плян адыходзяць: сям’я, грамадзтва, дзяржава і Царква”. Кубэртэн наагул гаварыў пра спорт, як пра «religio athletae”. “ Першым і істотным знакам старога і новага алімпійскага руху было і ёсьць, каб ён стаўся рэлігіяй”.

Кубэртэн гаварыў пра спартоўцаў, як пра “жрацоў рэлігіі сілы мускулаў”. Ідэя спорту як рэлігіі, дабравесьце фізкультуры мела ня гэтулькі дапоўніць, колькі замяніць хрысьціянства. Гэтак як ў 4-м стагодзьдзі хрысьціянства перамагло паганскія рэлігіі, гэтак у 19-20 стагодзьдзях мяшчанскія рэлігіі, сярод іх спорт, перамаглі хрысьціянства.

Аднак іншыя, у прыватнасьці, філёзаф Ежы Махнач бачыць паміж рэлігіяй і спортам не супярэчнасьць, але аналёгію. Паводле яго, і рэлігія і спорт уводзяць у паўсядзённае жыцьцё сьвяты час і незвычайныя падзеі, заклікаюць да высілку і самаахвярнасьці.

Рэлігія ўзнагроджвае верніка чыстым сумленьнем і абяцаньнем шчасьцья ў загробным жыцьі, а спорт дае пераможцу пачуцьцё абсалютнага шчасьця ўжо тут, на зямлі. Выдатныя спартоўцы маюць гарантаваную будучыню.

І ў спорце, і ў рэлігіі існуе бачны і нябачны сьвет, яны на свой лад служаць дзяржаве, народу, грамадзтву і паасобным людзям, а таксама прапагандуюць канктрэтную мадэль паводзінаў.

Не палягае сумневу, што людзі здаўна шукалі ў спорце перш за ўсё дабра і міру. Гэтаму служылі старажытныя гульні, калі на час спартовых спаборніцтваў спыняліся ўзброеныя канфлікты. Зараз ня ўсе канфлікты спыніліся, але і ў наш час для мільёнаў аматараў спорту алімпійскія гульні - гэта незвычайны час –сьвята высокароднага спаборніцтва, міру і дабра.
XS
SM
MD
LG