Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ АДНОЛЬКАВЫЯ ПАКАРАНЬНІ ЗА ВЫКАРЫСТАНЬНЕ ДОПІНГУ?


Кастусь Бандарук, Прага

“Мы можам сказаць, што вынік лябараторнага аналізу быў станоўчы, ” - дадаў ён. Аднак паводле выканаўчага дырэктара Міжнароднага алімпійскага Камітэту Франсуа Карара, першы тэст на допінг мог бы лічыцца несапраўдным, паколькі ў часе дасьледаваньня было дапушчанае парушэньне. Маладасьведчаны супрацоўнік неахайна расьпячатаў пакет з аналізам. У гэтай сувязі цяжка было даказаць, ці допінг сапраўды ўжываўся.

Трэба адзначыць, што пакараньні за ўжываньне допігну абсалютна не аднолькавыя. Справа ў тым, што сваіх спартоўцаў могуць караць свае краіны і нацыянальныя аліміпійскія камітэты, а могуць таксама і міжнародныя арганізацыі: скажам, Алімпійскі Камітэт, фэдэрацыя Боксу, Лёгкай Атлетыкі і гэтак далей.

Год таму, парлямэнт Італіі прыняў закон, згодна якому за допінг у спорце можна атрымаць нават тры гады турмы і штраф у памеры 50 тысячаў даляраў. Гэта выключная строгасьць, але пераважна за ўжываньне недазволеных анаболікаў спартоўцаў пазбаўляюць мэдалёў і атрыманых пунктаў, а таксама адхіляюць ад удзелу ў спаборніцтвах на пэўны пэрыяд, пераважна на два гады.

За ўжываньне таго ж нэндралёну футбалісты Эдгар Дэйвідс і Фэрнанда Коўта былі дыскваліфікаваныя на чатыры месяцы, аднак бягуны Робэрта Барбі і Андрэа Лонго адпаведна на чатыры і два гады. Варта адзначыць, што бразылійка Фабіянэ Дос Сантас за паўторнае выяўленьне нэндралёну была дыскваліфікаваная пажыцьцёва. Аднак выглядае, што спартоўцы і дзеячы ўсё роўна скарыстоўваюць і, мабыць, будуць скарыстоўваць недазволеныя сродкі.

Зараз яны робяць гэта як мага больш умела, ужываюць ня проста нэндралён, тэстастэрон ці вядомыя гарманальныя прэпараты. Заміж гэтага скарыстоўваюць сродкі, якія цяжка выявіць ў арганізьме альбо проста шырокаму колу спэцыялістам яны дагэтуль невядомыя.

У якасьці прыкладу скажу, што перад Алімпіядай у Сыднэі японская спартоўка Такагашы ўхітрылася піць сок са страўнікаў вялікіх шаршанёў. Гэта, напэўна, агідна, але ня лічыцца недазволеным і ў два разы ўзмацняе арганізм. Напэўна можна сказаць, што ня ўсе сродкі лічацца аднолькава недапушчальнымі. Міжнародны Алімпійскі Камітэт дасьледуе кожны выпадак допінгу асобна, адсюль і неаднолькавае пакараньне. Дарэчы, МАК выказвыаецца за тое, каб пакараньне было больш стандартнае, каб не гэта не было раз турэмнае зьняволеньне, а у іншым выпадку звычайная вымова.

Выпадак зь беларускай Юліяй Паўловіч, напэўна, не адзіны на гэтых гульнях. Дарэчы, існуе гэтак званае Міжнароднае Агенцтва Супрацьдзееньня Допінгу. Цягам апошніх 10-ці месяцаў супрацоўнікі Агенцтва правялі 3500 допінгавых тэстаў, у тым ліку праверылі 1621 спартоўца, якія рыхтаваліся да Алімпіяды ў Солт Лэйк Сыты. У выніку, яшчэ да пачатку Зімовых Гульняў 27 спартоўцаў былі адхіленыя ад удзелу ў любых бліжэйшых спаборніцтвах. Сярод іх чатыры фінскія лыжнікі. Яны былі пазбаўленыя права ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах цягам ажно двух гадоў.

Да ўдзелу ў Алімпіядзе не былі дапушчаныя: расейская ды італьянская лыжніцы Натальля Баранава-Масолкіна і Кармэн Ранігэр, а таксама польскі бабслеіст Замлынскі. Ужываньне нэндралёну закідаюць латыскаму бабслеісту Сандзісу Прусісу, аднак пасьля чатырохмесячнай дыскваліфікацыі ён усё ж атрымаў дазвол удзельнічаць ў Алімпіядзе.

Усё гэта невялікае суцяшэньне для алімпійскай каманды ў Солт Лэйк Сыты. Кіраўнік Супрацьдопінгавага Агенцтва Рычард Паўнд заявіў, што на прэс-канфэрэнцыі ў пятніцу ён абвесьціць прозьвішчы спартоўцаў, якія скарыстоўвалі недазволеныя, допінгавыя сродкі. “ “Аднак, - адзначыў ён, - сьпіс ня будзе доўгі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG