Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФРОЙДАЎСКІЯ КОМПЕКСЫ Й БЕЛАРУСКІ ЛЁС


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

(Ракіцкі: ) "Што рухае гісторыю плянэты, кантынэнтаў, краінаў і народаў? Мы навучыліся шукаць прычыны грамадзкіх пераменаў у пісаных і непісаных законах гісторыі ў агульных схэмах, а пасьля дзівімся капрызам гісторыі, яе парадоксам і нечаканым праявам. А можа шукаць трэба бліжэй да людзкой існасьці, у глыбінях чалавечага несьвядомага, як вучыў псыхоляг Зыгмунд Фройд? Ён меркаваў, што палітыка, гісторыя, культура й мастацтва – ёсьць прадуктамі цьмяных чалавечых інстынктаў і комплексаў.

А што, калі ўзяць дый прымяніць гэтую тэорыю да беларускай гісторыі й культуры? Фройдаўскія комплексы й беларускі лёс...”

(Васючэнка: ) "На маю думку, для беларускага лёсу найбольш істотнымі сталіся два базавых існстынкты, апісаныя Зыгмундам Фройдам: "Інстынкты, якія ўтвараюць комплексы". Боязь сьмерці й адначасовае прытоенае жаданьне сьмерці, і інстынкт, які Зыгмунд Фройд назваў лібіда, альбо сэксуальны існтынкт . Яны й ўтвараюць коплексы танатусу ды эрасу — сьмерці й каханьня".

(Ракіцкі: ) "Маім госьцем літаратуразнавец і пісьменьнік Пятро Васючэнка. Сьмерць і каханьне — гэтыя паняцьці збліжаў яшчэ Максім Багдановіч".

(Васючэнка: ) "Напраўду, Максім Багдановіч у цыкле вершаў "Каханьне й сьмерць" апісаў гісторыю каханьня, як марудны шлях да сьмерці. Гэта гісторыя першай сустрэчы, гэта — шлюб, гэта — першая вясельная ноч, запачацьце, вагітнасьць і нарэшце сьмерць жанчыны пры нарадзінах. Каханьне, як марудны, але няўмольны шлях да паміраньня".

(Ракіцкі: ) "Багдановіч, як мне падаецца, насіў сваю хваробу й немінучую сьмерць разам з сабой".

(Васючэнка: ) "Пра гэта сьведчаць многія ягоныя творы, у якіх ён наракае на сваю балеснасьць і немінучую сьмерць.

"Даўно ужо целам я хварэю", "У краіне сьветлай, дзе я ўміраю", "Грудзі хворыя мае", "Я бальны бескрылаты паэт" і гэтак далей.

Сьмерць у ягоных вершах нават мае пах. Гэта пах мігдалу, спаленай паперы й таксама друкарскай фарбы, якой надрукавана ў газэце абвестка пра сьмерць нейкай грамадзянкі Івановай, што жыла на вуліцы Мяшчанскай, 17 ды атруцілася сінільным квасам".

"Калі патрыцый сьмерць з прыветам спатыкаў,
Прабіўшы жылы на руках,
Дрыжалі сьпевы флейт, дзень ясны дагараў,
А праз акно струёю вецер павяваў,
І... мігдаловы горкі пах".
("Дзве сьмерці")

(Ракіцкі: ) "Спадар Васючэнка, напэўна, мы можам сказаць, што ў гэтым вершы Багдановіча ды ўвогуле ў ягонай творчасьці існавала пэўная эстэтызацыя хваробы й сьмерці. А вось ці адлюстроўвае асабісты досьвед Багдановіча стаўленьне беларусаў да сьмерці? Што ў іх пераважае: інстынктыўны страх перад сьмерцю, неасэнсаваны комплекс танатусу альбо ўсё ж такі пераадоленьне страху?"

(Васючэнка: ) "Багдановіч, як і іншыя беларусы, у тым ліку й літаратурныя героі, ён жыў у звычцы са сьмерцю, ён звыкся з думкаю пра яе. А на маё меркаваньне, звычка да сьмерці, нейкая спакойнасьць у дачыненьні да яе, а можа быць і абыякавасьць, ёсьць праявай мэнтальнасьці беларусаў".

(Ракіцкі: ) "Вы хочаце сказаць, што нацыя вельмі часта памірала фізычна й духоўна?"

(Васючэнка: ) "Магчыма, прычына менавіта ў гэтым. Беларусы звыкліся да маруднага свайго паміраньня, бо ведалі, што яно ня вечнае. Кожнае паміраньне можа перарасьці ў новае адраджэньне й нараджэньне. Таму мы маем такія ўзоры філязофскае лірыкі, прыкладам, верш Алеся Гаруна "Нактурно", дзе сьмерці як бы няма. Ёсьць падземны ручай, які можа нырнуць падзямлю й зноў вынырнуць на паверхню. А ў вершы Максіма Багдановіча "Дзед" — сьмерці таксама як бы няма. Дзед сядзіць на беразе рэчкі й спакойна думае пра тое, як ён не памрэ, а сальецца з травамі, краскамі, пчоламі, што лятуць да гэтых красак".

"Так цёпла цэлы дзень было,
Што дзед — і той сьцягнуўся з печы,
Ля рэчкі сеў, дзе больш пякло,
І грэў пад старай сьвіткай плечы.

Сінеўся бор, цякла вада,
Скрозь пахла мёдам і травою...
А дзеду нат і не шкада,
Што хутка будзе ён зямлёю."

(Ракіцкі: ) "Спадар Васючэнка, калі слухаеш гэты верш, пачынаеш разважаць над тым, што беларусы ўсьведамлялі сьмерць, як пераход у нейкі іншы стан?"

(Васючэнка: ) "Магчыма, гэта й так. Магчыма, яны звыкліся з думкаю пра сьмерць, бо ведалі, што ёсьць іншыя формы жыцьця, у тым ліку форма жыцьця па той бок рэчаіснасьці. А, магчыма, і таму, што яны ведалі: у гэтым жыцьці ёсьць рэчы, якіх трэба баяцца больш, чым сьмерць".

(Ракіцкі: ) "Але ў такім выпадку, напэўна, ўзьнікаюць крыху іншыя адносіны да сьмерці?"

(Васючэнка: ) "Нават бурлескава-гумарыстычныя, як у дачыненьні да Гервася Вылівахі, героя "Ладзьдзі роспачы" Ўладзіміра Караткевіча. У той час, як трэба было памаліцца й думаць пра свае былыя грахі, ён гуляе са сьмерцю ў шахматы".

(Ракіцкі: ) "Панібрацкія адносіны да сьмерці?"

(Васючэнка: ) "Так".

(Васючэнка: ) "Такім чынам, гэта ўжо крок да пераадоленьня комплексу боязі сьмерці?"

(Васючэнка: ) "Уласьцівасьць комлексаў у тым, што пераадолець іх цалкам немагчыма. Можна толькі сублімаваць альбо перавесьці гэты комплекс на іншы. І пачаць баяцца іншых рэчаў. Прыкладам, беларусы часам баяцца самога жыцьця болей чым самога паміраньня. Сьвятая Эўфрасіньня Полацкая баялася жыцьця як паміраньня ў міру. І калі была ў Ерусаліме, прасіла анёла пра тое, каб ён дараваў ёй сьмерць. І сьмерць прыйшла праз 24 дні".

"Раскрыйся на нова магіла, страшней цябе людзі й сьвет", — кажа мужык з паэмы Янкі Купалы "Адвечная песьня", маючы на ўвазе, што паміраньне яму меньш жахлівае, чым чалавечае зямное існаваньне".

(Ракіцкі: ) "Вось чаму Лявон Зяблік так лёгка вырашае пайсьці на сьмерць?"

(Васючэнка: ) "А выбар перад ім — альбо сьмерць, альбо страта дому. Беларусы часам болей, чым сьмерці, баяцца страціць сваё жытло. Сваю гістарычную хату, беларускі дом. Яны ведаюць, што гэта кавал прасторы. Можа адзінае, што ў іх засталося".

(Ракіцкі: ) "А можа тут яшчэ й боязь нейкіх анавацыяў, зьменаў у жыцьці?"

(Васючэнка: ) "Кансэрватызм беларусаў дастаткова вядомы. Памятаеце: герой барочнага твора "Прамова Мялешкі" страшэнна баяўся нават такой рэчы, як гадзіньнік. Лічыў, што певень лепш кукарэкае й паказвае час".

(Ракіцкі: ) "Неасэнсаваны страх?"

(Васючэнка: ) "Таксама фобія, як вызначаў Фройд. Выціснуты існтынкт боязі сьмерці".

(Ракіцкі: ) "Куды выціскаюцца гэтыя страхі?"

(Васючэнка: ) "На вялікі жаль, яны таксама выціскаюцца ў нашае гістарычнае быцьцё. Прыгнятаньне страху сьмерці прытуплівае існтынкт самазахаваньня. Нацыя ўжо не баіцца самазьнішчэньня. Яна не баіцца страціць мову, хаця Францішак Багушэвіч папярэджваў: "Не пакідайце ж мовы нашай роднай, каб ня ўмерлі". Беларус духоўнай сьмерці ўжо не баіцца. І на жаль, у іх сьвядомасьці ўзьнікаюць на гэтай глебе суіцыдальны інстынкт, альбо памкненьне да самагубства.І нават памяркоўны герой Коласа Андрэй Лабановіч у патаемнай каморы трымае рэвальвер і час ад часу прыстаўляе яго да скроні, каб адчуць гэту спакусу суіцыду. На вялікі жаль, часам уся беларуская нацыя прымала рашэньні, якія можна параўнаць з суіцыдальнымі".

(Ракіцкі: ) "А рэальныя самагубствы?"

(Васючэнка: ) "Былі й рэальныя самагубствы. На жаль, мы страцілі Сяргея Палуяна, 20-гадовага адоранага юнака, зь якога Бог ведае, што б магло вырасьці. Ён, як вядома, засіліўся й пакінуў запіску, у якой прасіў прабачэньня за пошлую сьмерць, бо не было грошай, каб набыць рэвальверу. Гэтак мы згубілі Янку Купалу, бо, на маю думку, ягоная гібель у 42 годзе, была паўторнай спробаю суіцыду".

(Ракіцкі: ) "Нацыя прымае суіцыдальныя рашэньні? Цалкам нацыя?"

(Васючэнка: ) "Яе прадстаўнікі ў тыя ці іншыя часы. Але гісторыя мінаецца, мяняюцца пакаленьні, і новая генэрацыя адраджаецца, нараджаецца з тымі ж комплексамі, з тым жа эрасам і танатасам".

(Ракіцкі: ) "А цяпер давайце вернемся да комплексу эрасу альбо лібіда, як яго называў Фройд. Ці ў дастатковай ступені ён пераадолены беларусамі? Мы ж маем усё такі рэпутацыю цнатлівай нацыі?"

(Васючэнка: ) "Мяркую, што гэта чарговая мефалягема, якая ўзьнікла з-за таго, што беларусы часам сьведама выціскалі гэты інстынкт лібіда. І накіроўвалі яго, скажам, на мастацкую творчасьць, на фальклёрныя творы. Дзякуючы гэтаму мы маем цэлы пласт фрывольнага фальклёру. Калі перагартаць аўтэнтычныя запісы Федароўскага, Раманава альбо Серж-Путоўскага. Часовая мефалягема, скажам, якая належыць да літаратуры, гэта — цнатлівасьць Максіма Багдановіча. Лічылася, што паэт памёр, так і ня зьведаўшы зямнога каханьня, хаця ягоны дзёньнік сьведчыць пра адваротнае. Дый у вершах яго вельмі шмат зямнога, плоцкага ў паказе каханьня".

(Ракіцкі: ) "Вы гаворыце пра Максіма Багдановіча. Ці працягнутая гэтая лінія ў нашае літаратуры?"

(Васючэнка: ) "І ў сучаснае літаратуры гэтая сублімацыя лібіда, альбо разьняволеньне сэксуальнасьці выяўляецца ў формах фрывольнасьці. Назаву пару-тройку твораў, якія пазначаны гэтай фрывольнасьцю. Той жа "Дамавікамерон" Адама Глёбуса, альбо "Здубавецьце" Рыгора Барадуліна".

(Ракіцкі: ) "А вось калі эрас выплёскваецца ў гістарычнае быцьцё, што тады?"

(Васючэнка: ) "Сапраўды, літаратурныя гульні з эрасам большь бясьпечныя, чым гістарычныя гульні зь ім. Мы ўжо памятаем і паводле літаратуры, і паводле псыхалёгіі інстынкт эраса часам перарастае ў танатас, у свой, здавалася б, процілеглы комплекс. Інакш кажучы, каханьне спараджае сьмерць. І ў гістарычным быцьці гэта асабліва небясьпечна. Прыгадаем пра пагрозу дынастычнае сьмерці, якая ўзьнікла ад таго, што адным Вялікім Князем, Каралём Рэчы Паспалітай Жыгімонтам Аўгустам авалодала жарсьць да найпрыгажэйшай паненкі ў тагачасным сьвеце Барбары Радзівіл. І чым гэта скончылася? Скончылася сьмерцю Барбары, хуткай сьмерцю самога Караля, скончылася зьяўленьнем "чорнай панны" у Нясьвіжы й ледзьве не скончылася сьмерцю дынастыі, бо Барбара была бязьдзетнаю. Дынастыя магла застацца без спадкаемцы. Можна прывесьці яшчэ адзін прыклад, яшчэ больш разбуральны паводле наступстваў, прыклад, калі чалавекам таксама авалодала, як пісаў некалі храніст, "неўтаймоўная жарсьць да белагаловай". Гэта значыць, да жанчыны. Прыгадаем нашага земляка, беларуса па крыві, Станіслава Панятоўскага, які, яшчэ ня быўшы каралём, закахаўся, а лепш так сказаць, ім завалодала жарсьць да маладой Кацярыны ІІ. У яе партрэце ён знайшоў тыя цноты, тое хараство будучай Царыцы, якой у яе на сам рэч не было. Гэта менавіта жарсьць. І ў гістарычным пляне жарсьць згубная. Як вядома, у выніку гэтай жарсьці настала сьмерць Рэчы Паспалітай, сьмерць Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай, сьмерць самога Станіслава Панятоўскага, а праз паўтара гады й сьмерць Кацярыны ІІ, якую паралюш разьбіў у пазалочаным троне Станіслава Панятоўскага. Такая вось гісторыя каханьня й сьмерці".

(Ракіцкі: ) "Слухаючы Вас, мне падаецца, што беларусы ці не зашмат гулялі са сьмерцю на доўгім сваім гістарычным шляху. Якая пэрспэктыва, калі мы й надалей будзем гуляць з танатасам і эрасам?"

(Васючэнка: ) "Мы ўжо пераканаліся, што цалкам гэтыя інстынкты зьнішчыць немагчыма. Такая чалавечая прырода. Але іх магчыма разумна кантраляваць, шукаць залатую сярэдзіну. Мне думаецца, што жарты й гульні з танатасам і эрасам — згубныя. Мы ўжо пераканаліся, што комплексы, базавыя інстынкты, якія ляжаць у аснове чалавечай прыроды, не зьнішчальныя. Але яны могуць ў пэўнай ступені кантралявацца розумам. Да таго ж трэба прыгадаць, што й законы, вынайдзеныя Фройдам, не абсалютныя. Сьвет здаваўся б надзвычай пляскатым і шэрым, калі б мы жылі й кіраваліся ў сваіх учынках адно патаемнымі інстынктамі ды комплексамі. Адначасова й сьвет быў бы шэрым і пляскатым і тады, калі б цалкам падпарадкоўваўся розуму, рацыі. На маю думку, будучы беларус, як і кожны цывілізаваны чалавек, грамадзянін будучай цывілізацыі, мусіць у сваіх учынках кіравацца як розумам, так і ў меру раскамплексоўвацца".
XS
SM
MD
LG