Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЛЕАНІД ЛЫЧ: “НАМ ПАТРЭБЕН СТАТУС НАЦЫЯНАЛЬНАЙ МЕНШЫНІ!”


Міхась Скобла, Менск

(Міхась Скобла: ) “Спадар Леанід, чытачы незалежнага друку звыкліся, што калі пад артыкулам стаіць ваша прозьвішча, то праблема ў ім узьнятая сур’ёзная і абмяркоўваецца на адпаведным навуковым роўні. А тут раптам вы прапануеце зрабіць беларусаў нацменшынёй”.

(Леанід Лыч: ) “За апошняе дзесяцігодзьдзе ў выніку мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкі колькасьць беларускамоўных беларусаў стала меншай, чым колькасьць беларусаў расейскамоўных. Я лічу, што мы маем усе падставы й права карыстацца ў адносінах да беларускамоўных беларусаў тэрмінам “нацыянальная меншыня”. Гэты тэрмін вельмі шырока ўжываецца міжнароднымі арганізацыямі, якія надзяляюць гэтыя самыя мяншыні ўсімі неабходнымі для іх захаваньня правамі.

І калі б мы дамагліся для сябе статусу нацыянальнай меншыні, беларуская дзяржава павінна была б прыняць шэраг прадугледжаных міжнародным правам захадаў. Напрыклад, стварыць беларускія СМІ, беларускамоўную сыстэму адукацыі, прафэсійныя пласты культуры і г.д. Да тае пары, пакуль мы не даможамся для сябе статусу нацменшыні, наша дзяржава й надалей будзе ігнараваць правы карэнных беларусаў”.

(Скобла: ) “Гаворачы пра падзел беларускага народу на дзьве — беларускамоўную й расейскамоўную — часткі, нельга забывацца на вынікі перапісу насельніцтва нашай краіны. Нагадаю, што два гады таму 73,6% насельніцтва прызналі сваёй роднай мовай мову беларускую. А 37,6% заявілі, што карыстаюцца ёю штодня ў сям’і. Гэта многа. Я не закранаю тут іншых аспэктаў, але нават псыхалягічна пачуваць сябе нацменшынёй у невялікай Беларусі яны наўрад ці змогуць. Тут куды больш да месца вядомае цёткаўскае, сказанае амаль сто гадоў таму: “Мы — сіла! Мы — права!”

(Лыч: ) “Калі Цётка прамаўляла гэтыя словы, былі для гэтага падставы. Цяпер — няма. Штодзённая моўная практыка, якую мы назіраем, скажам шчыра, зусім не адпавядае дадзеным перапісу. Фармальнае прызнаньне беларускай мовы роднай, калі яно не пацьвярджаецца практычным выкарыстаньнем мовы ў грамадзкім жыцьці — гэта суцяшае слаба. Тое, што паказаў наш перапіс, уласьціва многім народам, якія прызнаюць мову роднай, але не карыстаюцца ёй у грамадзкіх месцах (падкрэсьліваю — у грамадзкіх месцах, а не на кухні)”.

(Скобла: ) “Дадзеныя перапісу вас не задавальняюць. Якімі ж дадзенымі карыстацца падчас вызначэньня колькасьці тых, хто “мае падставы і права”, як вы кажаце, атрымаць статус нацменшыні?”

(Лыч: ) “Тут можна было б правесьці па раёнах невялікія рэфэрэндумы. Яны нам паказалі б дакладна, колькі ў тым ці іншым рэгіёне беларускамоўных і расейскамоўных беларусаў. Я думаю, што тут зьвесткі былі б атрыманыя куды больш аб’ектыўныя, чым падчас агульнакраёвага перапісу. Тут людзі арыентаваліся б толькі на адзін паказчык — якой моваю яны карыстаюцца ў грамадзкім жыцьці?

“Сямейнае” выкарыстаньне той ці іншай нацыянальнай мовы ніколі не выратоўвае яе, яна толькі тады разьвіваецца й сьцьвярджае сябе, калі ўжываецца ў грамадзкім жыцьці. У нас беларуская мова ў грамадзкім жыцьці не выкарыстоўваецца. Дастаткова аднаго гэтага фактару, каб лічыць, што мы ёсьць беларускамоўная нацыянальная меншыня”.

(Скобла: ) “Тая Канстытуцыя, паводле якое жыве Рэспубліка Беларусь, дае бацькам права выбару мовы навучаньня для сваіх дзяцей. Ці ня страціць беларуская нацменшыня й гэтае права й ці не апынецца ў становішчы палякаў на Гарадзеншчыне, якім нават сваім коштам улада не дазваляе будаваць польскія школы?”

(Лыч: ) “А польскія школы на Гарадзеншчыне ніхто не забараняе. Скажам, існуе й нармальна функцыянуе польская школа ў Горадні. Тое, пра што вы кажаце, адбывалася ў Наваградку. І то, здаецца, там прыйшлі да паразуменьня. Увогуле, неўзабаве польскія школы там будуць у лепшым становішчы, чым беларускія.

Ёсьць тры кіты, на якіх трымаецца кожны народ. Гэта дзяржава, адукацыя, рэлігія. Ніводзін з гэтых кітоў ня служыць апірышчам для беларускага народу.

Калі дзяржава будзе супраціўляцца, як яна сёньня супраціўляецца... Ну й што з таго? Вось калі б мы былі нацыянальнай меншынёю, у нас было б права спаслацца на 27-ы артыкул Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэта нічога, што ён быў прыняты яшчэ ў 1966 годзе — яго ж ніхто не адмяняў. Там сказана: “У тых краінах, дзе існуюць этнічныя, рэлігійныя й моўныя мяншыні, асобам, што належаць да такіх мяншыняў, ня можа быць адмоўлена ў праве карыстацца сваёй культурай і роднай мовай”.

Тое, што запісана ў нашай Канстытуцыі, значна саступае таму, што ўтрымліваецца ў тым пакце. Калі парушаецца наша Канстытуцыя, то пра гэта ня ведае й не жадае асабліва ведаць міжнародная супольнасьць. Калі б мы былі нацыянальнай меншынёй, нам дапамагалі б выжываць адпаведныя міжнародныя структуры. Ды й перад сваёй дзяржавай мы мелі б значна большыя правы.

Нас чакае жахлівы лёс, калі ўсё пакінуць такім, як яно ёсьць на сёньня. Нам не пашанцавала ў нацыянальна-культурным жыцьці. У нас мова знаходзіцца на нулявым цыкле, з прычыны таго, што самі беларускія палітыкі зьвялі яе да такога нікчэмнага роўню”.

(Скобла: ) “А якое вам бачыцца палітычнае ўладкаваньне беларускамоўнай нацменшыні? Гэта будзе асобная тэрыторыя, як францускамоўны Квэбэк у Канадзе, ці нешта іншае?”

(Лыч: ) “Нам трэба ствараць паралельныя дзяржаўныя палітычныя органы. У нас павінен быць супрэзыдэнт ці канцлер, ці камісар па беларускіх справах. Вось глядзіце, калі ўзьнікла патрэба ў 1920-я гады ратаваць беларускую меншыню ў Латвіі, там было створанае Міністэрства па беларускіх справах. Нам патрэбен такі орган і ў сваёй краіне.

Мы павінны сьмела прызнаць, што мы не зьяўляемся тут гаспадарамі. У беларускай краіне зусім не задавальняюцца патрэбы людзей у іх нацыянальна-культурным разьвіцьці. Няма нацыянальных радыё й тэлебачаньня.

Нам, як кісларод, патрэбная беласкамоўная фракцыя ў Нацыянальным сходзе. З наяўных там дэпутатаў такую фракцыю ня створыш, бо ўсе яны шчыра служаць інтарэсам галавы дзяржавы. Значыць, неабходная кааптацыя дэпутатаў, якія б пільна адсочвалі, як тут праводзіцца палітыка па захаваньні этнакультурных адметнасьцяў нашага народу, што робіцца дзеля таго, каб ён і надалей ня нёс стратаў у выніку русіфікацыі.

Усё гэта трэба рабіць неадкладна. Іначай, калі будзем чакаць новых выбараў, то праз чатыры гады наш нацыянальны патэнцыял яшчэ больш аслабне”.

(Скобла: ) “А якую канчальную мэту бачыце вы для прапанаванай вамі мадэлі існаваньня? Вобразна кажучы, як беларусам, якія самахоць пойдуць жыць у прыбудоўку, потым зноў зрабіцца гаспадарамі ў сваёй хаце?”

(Лыч: ) “Чалавецтва даўно займаецца сэлекцыяй. Сэлекцыяй жывёльнага сьвету, сэлекцыяй палітыкаў. Можна займацца й сэлекцыяй нацыянальна сьвядомых людзей. Што, школа не займаецца сэлекцыяй? Калі беларуская школа, адчыненая для беларускай нацменшыні, будзе працаваць на прыродным беларускім этнакультурным матэрыяле, зь яе сьценаў будуць выходзіць актыўныя носьбіты беларускай культуры. Таксама і з ВНУ і г.д. Будуць, безумоўна, вынікі й ад працы тэлебачаньня.

Дык ці не было б гэта колькасным павелічэньнем беларускамоўнай меншыні? Было б. І такіх спосабаў існавала б нямала. Зь цягам часу меншыня ператварылася б у бальшыню. Усё ў руках грамадзтва, у руках народу, калі такую палітыку будзе вымушаная праводзіць дзяржава.

Ініцыятыўным шляхам, пры ўсёй маёй павазе да Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны, іншых грамадзкіх арганізацый, праблему вырашыць немагчыма. Грамадзкіх высілкаў тут недастаткова. Выратоўвае народ з асыміляцыйнай багны толькі дзяржава”.

(Скобла: ) “Вы ўвесьчасна падкрэсьліваеце ролю дзяржаўнага фактару. Наўрад ці беларуская дзяржава будзе выконваць нейкія міжнародныя пагадненьні. Не выконвае ж яна ўласныя законы”.

(Лыч: ) “Я ня думаю, што нашыя дзяржаўныя дзеячы так безаглядна варожа ставяцца да беларускай культуры, да будучыні свайго народу, жадаюць, каб ён стаў гноем для нейкай вялікай нацыі. Гэта ж закранае любога чалавека, у тым ліку й любога палітыка.

Я шкадую, што на працу ў дзяржорганы не ідуць нацыянальна арыентаваныя палітыкі. Некаторыя зь іх кажуць — маўляў, я толькі зганьблю сябе перад народам. Няма такой улады, зь якой нельга было б супрацоўнічаць дзеля выратаваньня свайго народу! Нават у час нямецкай акупацыі беларусы ішлі ў цывільныя органы ўлады, каб хоць неяк аблегчыць становішча беларусаў. Сёньняшні рэжым ніяк не параўнаеш з фашысцкім. Дык тым большыя магчымасьці існуюць для супрацоўніцтва!

Ігнараваньне дзяржслужбы й апазыцыя да яе вялікага нам посьпеху не прынясе. Я не апраўдваю й тых палітыкаў, якія ў змаганьні за ўладу пацярпелі фіяска й ад’ехалі за мяжу. У выніку той асяродак, які іх падтрымліваў, тая створаная вакол іх сацыяльная база, застаюцца незапатрабаванымі”.

(Скобла: ) “Пры канцы я дазволю сабе невялічкае пасьляслоўе. Каб тытульная нацыя карысталася ў сваёй краіне статусам нацменшыні — такога сусьветная практыка яшчэ ня ведала. Але за апошнія восем гадоў міжнародная супольнасьць, гледзячы на Беларусь, зьдзіўлялася столькі разоў, што й гэткая навіна вялікага дзіва ў эўропах ды амэрыках ня выкліча.

Ну, паклічуць кіраўніка беларускай дзяржавы ў ААН, каб заслухаць яго даклад пра становішча гэтай самай беларускамоўнай нацменшыні. І ён ім пра ўсё шчыра раскажа, і нават чаравікам па трыбуне грукаць ня будзе. Як тут не паверыць...”
XS
SM
MD
LG