Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЯ АПАЗЫЦЫЯ ЕДЗЕ Ў ВЕНУ, КАБ ТАМ ГУЧАЛА БЕЛАРУСКАЕ ПЫТАНЬНЕ


Уладзімер Глод, Менск

Дэлегацыя Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў, у якую ўваходзяць Анатоль Лябедзька, Уладзімер Нісьцюк і Валянціна Палевікова, запрошаная на сэсію назіральнікам. Такім чынам, упершыню на сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ будзе працаваць беларуская дэлегацыя апазыцыйных партыяў, да таго ж — у неафіцыйным статусе.

Ці паўплываюць гэтыя абставіны нейкім чынам на мэты дэлегацыі? Вось як адказаў на маё пытаньне кіраўнік дэлегацыі Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Мэта простая — беларускае пытаньне павінна гучаць у Вене, якім бы фармат яго разгляду ні быў. Калі ня будзе разгляду на Сталым камітэце, мы будзем лічыць, што задача-максымум намі выкананая. Калі яно будзе разглядацца, мы будзем прыводзіць свае аргумэнты. Па-другое, мы разьлічваем на дыскусію на рабочай групе ў справах Беларусі. І па-трэцяе, разьлічваем атрымаць слова падчас паседжаньняў палітычных груп і трох камітэтаў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ”.

Якія дакумэнты зь Беларусі атрымаюць міжнародныя парлямэнтары? На пытаньне адказвае сябар дэлегацыі Ўладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) “Першы з гэтых дакумэнтаў, мы бачым яго самым важным, — гэта зварот Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў да міжнароднай супольнасьці “Аб невыкананьні Рэспублікай Беларусь абавязкаў у галіне забесьпячэньня свабоды выказваньня думак”. Мы бачым, што гэта зараз самая галоўная праблема ў Беларусі.

Затыкаецца рот незалежным недзяржаўным сродкам масавай інфармацыі. Працягваецца антыканстытуцыйная, процізаконная манапалізацыя дзяржаўных СМІ, асабліва электронных. І ёсьць неабходнасьць сусьветнай супольнасьці прадэманстраваць сытуацыю і прапанаваць выйсьце з гэтай сытуацыі.

І другі дакумэнт, ня менш важны — гэта заява Кансультацыйнай рады “Аб прадстаўніцтве палітычных суб'ектаў Рэспублікі Беларусь у міжнародных арганізацыях”. Тут канстатуецца факт, што Вярхоўны Савет застаецца апошнім легітымным дэмакратычным парлямэнтам. Зараз няма прававых падставаў прызнаць Нацыянальны сход у якасьці легітымнага дэмакратычна абранага парлямэнту”.
XS
SM
MD
LG