Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПОЛЬШЧЫ БЫЛЫХ СЭКСОТАЎ МОГУЦЬ ВЫЗВАЛІЦЬ АД АДКАЗНАСЬЦІ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Ад 97 году кожны грамадзянін Польшчы, які прэтэндуе на кіраўнічую пасаду ў дзяржаўнай установе альбо ёсьць абраным ва ўладныя структуры ў часе выбараў, мусіць зрабіць так званую “люстрацыйную заяву”, якая ўтрымлівае афіцыйнае паведамленьне, што гэты кіраўнік альбо дэпутат у мінулым не супрацоўнічаў са спэцслужбамі. У выпадку высьвятленьня такога супрацоўніцтва асоба на 10 гадоў пазбаўляецца права займаць кіраўнічыя пасады ці балятавацца ў выбарныя ворганы ўлады.

Аднак на думку прэзыдэнта Квасьнеўскага, існуючы закон занадта агульна акрэсьлівае паняцьце “супрацоўніцтва” ды пакідае шматлікія магчымасьці для несправядлівага абвінавачваньня палякаў, якія нічога дрэннага для краіны не зрабілі. Паводле прэзідэнта, ня варта, да прыкладу, абвінавачваць грамадзянаў, якія супрацоўнічалі з выведкай, контрвыведкай ды службай аховы межаў, бо гэтыя людзі працавалі на карысьць дзяржавы ды кіраваліся патрыятычнымі пачуцьцямі.

Аляксандар Квасьнеўскі разам з Сэнатам таксама лічаць, што простай наяўнасьці чалавека ў сакрэтных сьпісах спэцслужбаў, як гэта было дагэтуль, недастаткова – трэба давесьці, што супрацоўнічаў ён сьвядома, ды гэтае супрацоўніцтва было скіраванае на барацьбу з апазыцыяй рэжыму ці каталіцкай царквой.

Аднак прадстаўнікі парлямэнцкай апазыцыі лічаць, што прапанаваныя сацыялістам Квасьнеўскім папраўкі папросту вызваляюць добрую частку былых сэксотаў ад адказнасьці. Паводле іхных словаў, у супрацоўніцтве з выведкай ці контрвыведкай Польскай Народнай Рэспублікі нельга было кіравацца пачуцьцём патрыятызму, бо тады Польшча не была незалежнай дзяржавай, а толькі калёніяй СССР.

“Напрыклад, асяродзьдзі незалежнай польскай эміграцыі на Захадзе лічыліся ў ПНР варожымі. І пра іх выведка несуверэннай, таталітарнай Польшчы мусіла зьбіраць інфармацыю. А контрвыведка мусіла змагацца з так званымі “шкоднымі ідэалягічнымі ўплывамі” – сачыць, арыштоўваць ды садзіць у турму “ворагаў народу”. Таму няма крытэрыяў, паводле якіх можа аддзяліць дзеяньні агэнтаў супраць незлежнасьці Польшчы, правоў чалавека і дэмакратыі ад іншых дзеяньняў. Акрамя гэтага, выведка ды контрвыведка ПНР – гэта былі структуры, якія найбольш шчыльна супрацоўнічалі з Савецкай імпэрыяй,” – заяўляюць прадстаўнікі апазыцыі.

Варта адзначыць, што напярэдадні люстрацыйны суд распачаў паўторны разгляд справы цяперашняга кіраўніка парлямэнцкай фракцыі Саюзу Левых Дэмакратаў Ежы Яскерні, які абвінавачваецца ва ўтойваньні факту свайго супрацоўніцтва са спэцслужбамі. Акрамя спадара Яскерні, клопаты зь люстрацыйным заканадаўствам меў, напрыклад, былы прэм’ер-міністар левай кааліцыі Юзэф Олексы.

Паводле апазыцыі, гэта яскрава сьведчыць пра тое, што папраўкі прыймаюцца менавіта паводле інтарэсаў канкрэтных дзеячоў кіраўнічых левых сілаў, якія калісьці былі сябрамі Польскай Аб’яднанай Рабочай Партыі ды дзеячамі камуністычнай Польшчы, а цяпер засядаюць у Сэйме ды маюць пасады ва ўрадзе.

Адразу па галасаваньні прадстаўнікі апазыцыйнай партыі “Закон і справядлівасьць” заявілі аб намеры абскардзіць папраўкі ў Канстытуцыйным судзе.
XS
SM
MD
LG