Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МІХАІЛ САВІЦКІ – БЕЛАРУСКІ САВЕЦКІ МАСТАК


Валянціна Аксак, Менск

Пра ролю Міхаіла Савіцкага ў гісторыі беларускага жывапісу гаворыць у інтэрвію нашаму радыё вядомая мастацтвазнаўца Валянціна Трыгубовіч.

(Трыгубовіч:) "Як мастак, я лічу, ён здолеў рэалізаваць сябе: ён напісаў шмат твораў, ён мае сваіх вучняў, ён набыў шырокую вядомасьць, ён атрымаў усе мажлівыя беларускія і савецкія узнагароды. Можна сказаць, што чалавек рэалізаваўся. Сакрэт такога посьпеху ў тым, што ён быў песьняром той ідэялёгіі, якая панавала ў той час у краіне. Выбар ён зрабіў сьвядома, і выбар гэты і даў яму мажлівасьць узьняцца на ўсе тагачасныя вяршыні.

Ён разумны чалавек, ён дастаткова крытычна пазіраў на тое, што адбывалася. І ў прыватных гаворках ён мог разважаць пра тое, што ў сельскай гаспадарцы няправільна нешта робіцца, нешта яшчэ крытыкаваць. Ён гэткім чынам ствараў сабе вобраз самастойнага чалавека, бо ён мог кінуць крытычную рэпліку і ў прысутнасьці сакратароў ЦК КПБ. Але пры гэтым і ў сваіх творах, і ў сваіх прамовах з трыбуны ён заўсёды быў ідэялягічным апалягетам, носьбітам тых каштоўнасьцяў, якія на той момант патрабавала ўлада".

У творчай спадчыне мастака ёсьць і творы, прысьвечаныя Янку Купалу, беларускай гісторыі, народнай культуры. Але назваць яго нацыянальным мастаком гэтыя факты біяграфіі Савіцкага, на думку мастацвацтвазнаўцы Валянціны Трыгубовіч, не даюць падставаў.

(Трыгубовіч:) "У час існаваньня Савецкае Беларусі беларускае выкарыстоўвалася як фасад. Яно было нацыянальным па форме. Памятаеце, нават устаноўка такая была, што мастацтва павінна быць нацыянальнае па форме і сацыялістычнае па зьмесьце. І вось гэтую форму ён вельмі дакладна ўмеў прадстаўляць. Імітацыя беларускасьці выразна прасочваецца ва ўсёй ягонай ваеннай тэматыцы і партызанскай таксама. Для яго нацыянальнае, як самакаштоўнасьць, ніколі не было вызначальным. Таму я б яго пакінула ў гісторыі беларускага савецкага мастацтва, не нацягваючы на нешта большае".
XS
SM
MD
LG