Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІКОЛУ МАРКЕВІЧА ПАЗНАЁМІЛІ З МАТЭРЫЯЛАМІ ЯГО КРЫМІНАЛЬНАЙ СПРАВЫ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Мікола Маркевіч зьяўляецца абвінавачаным па крымінальнай справе адносна публікацыі паклёпу на прэзыдэнта. Пракуратура сканфіскавала нумары "Пагоні" з публікацыямі, таму абвінавачаньне абапіраецца на зьмяшчэньне матэрыялаў з паклёпам у інтэрнэце. Сп. Маркевіч заявіў сьледчаму пракуратуры Кулевічу, што ня мае дачыненьня да інтэрнэту.

У пятніцу сьледчы выклікаў кампутаршчыка "Пагоні" Аляксея Салея. Па словах апошняга, у крымінальнай справе ў якасьці рэчавых доказаў знаходзяцца раздрукоўкі з кампутарнага дыску, а не з інтэрнэту. Таму ў рэдакцыі лічаць, што цьверджаньні аб распаўсюдзе публікацый непераканаўчыя.

Жонка Міколы Маркевіча Вольга паведаміла мне, што судовыя выканаўцы сёньня пакуль не зьявіліся. Яны паабяцалі, што папярэдзяць аб сваім прыходзе. Тыдзень таму яны апісалі ў кватэры бытавую тэхніку, прычым, па словах спадарыні Вольгі, занізілі кошты. Напрыклад, ацанілі пральную машыну “Сімэнс” толькі на 100 тысяч рублёў. Апісалі таксама мікрахвалёвую печку, пыласос, кампутарны манітор, прас.

Мікола Маркевіч аштрафаваны судом за тое, што пратэставаў супраць закрыцьця сваёй газэты.

XS
SM
MD
LG