Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТАР АБАРОНЫ ЛЕАНІД МАЛЬЦАЎ НАЗВАЎ БЕЛАРУСЬ “ПРАЗРЫСТАЙ ДЛЯ ЗАМЕЖНЫХ ІНСПЭКЦЫЯЎ КРАІНАЙ”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньняшняя прэсавая канфэрэнцыя Леаніда Мальцава пачалася з пытаньняў адносна нядаўняга візыту ў Беларусь амэрыканскіх кангрэсмэнаў ды іхных падазрэньняў наконт таго, што Беларусь прадае зброю краінам, якіх абвінавачваюць у падтрымцы тэрарыстаў. Мальцаў сустракаўся з амэрыканскімі кангрэсмэнамі. Адказваючы на пытаньне Радыё Свабода, ён паведаміў:

(Мальцаў: ) “Мы сувэрэнная дзяржава, і пытаньне: гандляваць ці не гандляваць, з кім гандляваць, вырашаем мы. Але мы гэта робім строга ў адпаведнасьці зь міжнароднымі пагадненьнямі”.

Далей ён пералічыў яшчэ некалькі аргумэнтаў, якія гучалі падчас сустрэчы з кангрэсмэнамі ЗША. Гэта, паводле Мальцава, у тым ліку адказ Беларусі ад ядзернай зброі й выкананьне пагадненьня аб скарачэньні звычайных узбраеньняў. Пасьля экскурсу ў гісторыю міністар перайшоў да рэаліяў сёньняшніх. Паводле яго Беларусь і яе ўзброеныя сілы — узор празрыстасьці.

(Мальцаў: ) “Штомесяц фактычна па 2–3 інспэкцыі ў нас на тэрыторыі. Са Швэцыі, Францыі, Нямеччыны прыяждаюць і ўсё правяраюць. Да таго ж мы рэгулярна даем справаздачу пра ўзбраеньні ў ААН”, — запэўніў міністар абароны.

Пры гэтым ён так і не сказаў, якой, на ягоную думку, можа быць сыстэма кантролю за гандлем зброі Беларусьсю. Паводле Мальцава, краіна і без таго “празрыстая”.

Леанід Мальцаў ухіліўся і ад пытаньня пра месца, якое Беларусь займае сярод экспартэраў зброі. Ён толькі запэўніў, што Беларусь ня ёсьць вядучай у гэтай галіне, бо сама зброі не вырабляе. Між тым, на гэтай жа прэсавай канфэрэнцыі прагучалі зьвесткі пра мадыфікаваную сыстэму залпавага агню “Град”, якая ў беларускім варыянце называецца “Белград”, пра выведчы танк “Кобра” і прыцэлы, таксама беларускай вытворчасьці.

Паводле міністра, неўзабаве гэтая зброя зьявіцца і ў беларускім войску, але што да продажу яе за межы краіны — тут Мальцаў нічога не паведаміў.


XS
SM
MD
LG