Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ЗАМІНАЕ БЕЛАРУСКІМ СПАРТОЎЦАМ АДСУТНАСЬЦЬ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ СЫМБОЛІКІ?


Галіна Абакунчык, Менск

Толькі аднойчы ў найноўшай гісторыі Беларусі нашыя спартоўцы рэпрэзэнтавалі сьвету на Алімпійскіх гульнях бел-чырвона-белы сьцяг як дзяржаўны сымбаль незалежнай краіны. Гэта было ў 1994 годзе ў нарвэскім Лілехамэры. Прыемным напамінкам пра тыя часы здаецца вопратка тых гадоў, якая зрэдку яшчэ трапляецца на менскіх вуліцах: спартовыя курткі зь бел-чырвона-белай аздобай у выглядзе сьцягу.

Якія пачуцьці выклікае цяперашняя сымболіка беларускай алімпійскай зборнай у Солт-Лейк-Сыты, я пацікавілася ў вядомых прадстаўнікоў творчай інтэлігэнцыі Беларусі. Адказы былі розныя й дастаткова нечаканыя.

Гаворыць мастак Аляксей Марачкін:

(Марачкін: ) “Нашыя хлопцы пад бальшавіцкім сьцягам выступаюць — такое й стаўленьне міжнароднай супольнасьці. Якое магло быць стаўленьне да нямецкай алімпійскай каманды, якая ў свой час выступала пад фашыстоўскім сьцягам? Такая аналёгія й у гэтым выпадку напрошваецца”.

Падобных меркаваньняў прытрымліваецца й другі дзеяч нацыянальнага адраджэньня, паэт Рыгор Барадулін:

(Барадулін: ) “Любы аўтарытарны рэжым заўсёды “націскае” на спорт. Так званую ГДР таксама ніхто не прызнаваў. Там таксама ў кожным двары былі корты, пляцоўкі — каб перамагалі, каб паднімаць гэты сьцяг і каб гучаў гімн. Тое ж і ў нас”.

У адрозьненьне ад калегаў, паэт і аматар спорту Леанід Галубовіч да спартоўцаў ставіцца з большай паблажлівасьцю, але адсутнасьць нацыянальнай сымболікі лічыць сур’ёзным хібам у маральнай моцы каманды:

(Галубовіч: ) “Я ведаю, некаторыя спартоўцы таксама перажываюць гэтую сытуацыю з сымболікай, бо сярод іх шмат адукаваных і сьвядомых людзей. Так, нам бракуе свайго гімну й сьцягу, нават для духоўнай моцы, якая яднае каманду. Таму, мажліва й мэдалёў няма”.

Неардынарны пісьменьнік Адам Глёбус гэтак жа неардынарна ставіцца й да рэпрэзэнтацыі сьцягу Беларусі ў амэрыканскім Солт-Лейк-Сыты.

(Глёбус: ) “Быў такі Майсей Сяднёў, выдатны паэт, які ў 1938 годзе напісаў вершык пра тое, што яму ўсё роўна, які ўздымаюць сьцяг. Мне падабаецца гэты верш”.

Літаратары маладзейшага пакаленьня больш прагматычна ставяцца да такіх сымбаляў як гімн, герб і сьцяг. Гаворыць рэдактар часопісу “Архе” Валеры Булгакаў:

(Булгакаў: ) “Калі глядзець на гэтую зьяву прагматычна, то большасьці людзей сьвету глыбока абыякава, пад якім сьцягам выступаюць беларускія спартоўцы. Галоўнае, што людзі дазнаюцца, што такая краіна ёсьць і спартоўцы прэтэндуюць на ўзнагароды. Для Беларусі гэта невялікі шанец заявіць пра сябе міжнароднай супольнасьці”.

Рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько перакананы, што ад спартоўцаў чакаць патрыятычных пачуцьцяў увогуле ня варта. Тым больш ад айчынных.

(А.Дынько: ) “Спартоўцы — гэта вельмі спэцыфічная катэгорыя людзей. Гэта — як ацэньваць з маралі інтэлігента мараль цыркача. Гэта людзі папулярныя ў грамадзтве, і папулярнасьць яны заслужылі фізычнымі здольнасьцямі, але не маральнымі ці разумовымі. Таму патрабаваць ад іх нейкіх прынцыпаў напэўна ня варта. Няхай выступаюць. Далібог, яны ня так добра выступаюць. Шкада, што яны ня так добра выступаюць. Думаю, што пад бел-чырвона-белым сьцягам яны выступалі б лепш”.

І ўсё ж бел-чырвона-белы сьцяг лунаў на трыбунах алімпійскага Солт-Лейк-Сыты — дзякуючы маладому грамадзяніну Беларусі, які вучыцца ў адным з амэрыканскіх унівэрсытэтаў. Праўда, наяўнасьць палотнішча не дапамагла беларускай хакейнай зборнай перамагчы каманду Расеі, але ўсплёск станоўчых эмоцыяў у тысячаў аматараў спорту ў Беларусі ён выклікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG