Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАРШАЎСКІ СУД ЗНОЎ АДКЛАЎ ВЫНЯСЕНЬНЕ ВЫРОКУ Ў СПРАВЕ ВАЦЛАВА МАРКЕВІЧА


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

У сярэдзіне 90-х Вацлаў Маркевіч быў адным з буйнейшых беларускіх бізнэсоўцаў і зьехаў зь Беларусі ў Польшчу пасьля таго, як на ініцыятыву кіраўніка краіны было вырашана аб’яднаць “Беларусбанк” з Ашчадным банкам. Спадар Маркевіч быў супраць гэтага аб’яднаньня. Потым, калі пачалася гучная справа Тамары Віньнікавай, беларускія сьледчыя ворганы ўзгадалі і пра Маркевіча, які, меў цесныя дзелавыя сувязі з былой старшынёй Нацбанку. Празь некаторы час сьледзства было спыненае. Аднак летась беларуская пракуратура нечакана запратрабавала ад польскіх уладаў выдаць Вацлава Маркевіча ў Беларусь, абвінаваціўшы яго ў невяртаньні банкаўскай пазыкі.

У чым жа дакладна беларускія сьледчыя ворганы абвінавачваюць Вацлава Маркевіча? Гаворыць Вацлаў Маркевіч:

(Маркевіч: ) “Як сьведчаць дакумэнты, якія прыйшлі сюды ў Польшчу, беларускія ўлады спрабуюць абвінаваціць мяне за гаспадарчую дзейнасьць ў 95-96 гадох, у прыватнасьці, у нявыплаце банкаўскай пазыкі. Аднак яшчэ ў верасьні 96-га году беларускі суд закрыў гэтую справу, бо за крэдыт, які дарэчы ня быў сплочаны не па віне фірмы “Экском”, якую я заснаваў, – суд пастанавіў аддаць банку маёмасьць фірмы. Гэтая маёмасьць выступала ў якасьці закладу. Паводле рашэньня суду, пасьля перадачы маёмасьці банку, фірма была вызваленая ад адказнасьці. Нам ізноў адкрылі рахункі і дазволілі свабодна працаваць – справа крэдыдту была зачыненая. Праз 5 гадоў зь невядома якой нагоды беларуская пракуратура абвінаваціла мяне завочна ды абвясьціла ў лютым 2001 году мой вышук”.

(Дзікавіцкі: ) “А чаму Вас шукалі ў Беларусі? Наколькі вядома, вы афіцыйна выйшлі зь беларускага грамадзянства ды легальна жылі ў Польшчы?”

(Маркевіч: ) “Дзіўна, што мой вышук абвясьцілі ў Беларусі, бо я ад 97-га году афіцыйна жыву ў Польшчы. А ў 2000 годзе я адмовіўся ад беларускага грамадзянства, і гэта пацьверджвае ўказ прэзыдэнта. Акрамя гэтага, ад 97-га году я афіцыйна знаходжуся на ўліку ў консульскім аддзеле беларускай амбасады. Аднак ніхто сюды не прыслаў ніякага паведамленьня аб тым, што летась у лютым у Беларусі распачалася справа супраць мяне. Праз 6 месяцаў па абвяшчэньні вышуку, пасьля таго, як мяне не знайшлі ў Беларусі, хаця яшчэ раз паўтаруся – было афіцыйна вядома пра тое, што я жыву ў Польшчы, беларуская пракуратура накіравала заяву на экстрадыцыю польскім ўладам”.

(Дзікавіцкі: ) “Спадар Маркевіч, вы дастаткова даўно зьехалі зь Беларусі. На вашую думку, чаму менавіта зараз беларуская пракуратура аднавіла сьледзтва ў вашай справе?”

(Маркевіч: ) “Так, я зьехаў даўно, аднак цяпер Беларусі, і пракуратуры і асабліва Шэйману, трэба неяк рэабілітавацца перад міжнароднай супольнасьцю. Дзеля гэтага ўсіх апазыцыянэраў, да якіх належаў і я, зрабілі злодзеямі. А цяпер хочуць дабрацца яшчэ і да тых, хто на волі.
Акрамя гэтага, ўлады ведаюць, што паколькі я ня ў чым не вінаваты і ў Беларусі супраць мяне няма крымінальнай справы, польскі суд можа мяне ня выдаць. Тады яны скарыстаюццца з гэтага, каб яшчэ больш паклёпнічаць на Польшу”.

Варшаўскі акруговы суд выслухаў сёньня сьведку – былога дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, а потым так званай “Палаты прадстаўнікоў” Валера Кругавога, які атрымаў палітычны прытулак у Польшчы і зьяўляецца намесьнікам старшыні Зьвязу беларускіх палітычных уцекачоў Польшчы.

Акрамя гэтага суд прыняў да ўвагі ліст да суду, падпісаны Вінцуком Вячоркам, Міколам Статкевічам, Анатолем Лябедзькам, а таксама сынам Тамары Віньнікавай – Зьмітром. Падпісанты сьцьвярджаюць, што ў Беларусі Вацлава Маркевіча перасьледававалі па палітычных матывах.

Варта адзначыць, што суд не дазволіў прысутнічаць на паседжаньні прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі, што здараецца ў Польшчы вельмі рэдка.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG