Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАБЛЕМА ГАНДЛЮ ЗБРОЯЙ ЗНОЎ БУДЗЕ АБМЯРКОЎВАЦЦА ЎЛАДАМІ БЕЛАРУСІ Й ЗША


Валер Каліноўскі, Менск

Вынікам суботняга бліц-візыту дэлегацыі Кангрэсу ЗША на чале зь сябрам Палаты прадстаўнікоў Джэймсам Сэкстанам у Менск сталася дамоўленасьць пра ўключэньне Беларусі ў міжнародную сыстэму кантролю за гандлем зброяй. Як будзе яна ажыцьцяўляцца — пакуль незразумела.

З афіцыйных асобаў, што сустракаліся з кангрэсмэнамі (а гэта кіраўнікі Міністэрстваў замежных справаў і абароны, Мытнага камітэту, КГБ, дзяржсакратар Савету Бясьпекі), толькі міністар замежных справаў Беларусі выступіў з камэнтаром. Міхаіл Хвастоў, выступаючы па Беларускім тэлебачаньні, заявіў, што беларускі бок даў адказы на тыя пытаньні, якія мелі кангрэсмэны, падаў зьвесткі, факты, лічбы.

На думку М.Хвастова, тэма продажу беларускай зброі дзяржавам і групам, што падтрымліваюць тэрарызм, — гэта палітызаванае пытаньне, узьнятае па ініцыятыве СМІ. Беларусь у гэтым сэнсе не зьяўляецца праблемнай краінай, бо выконвае ўсе рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН у галіне гандлю зброяй, — сказаў Міхаіл Хвастоў.

Намесьнік сьпікера Савету Рэспублікі Міхаіл Аўласевіч лічыць, што калі беларускія ўлады ідуць на абмеркаваньне тэмы незаконнага гандлю зброяй, то гэта не азначае, што гэтым яны прызнаюць такія зьвесткі:

(Аўласевіч: ) “Беларускі бок, калі ідзе на такія сустрэчы, то ён ня проста не прызнае, а даказвае, што гэтага няма. Ён прад’яўляе тыя матэрыялы, тыя дакумэнты, тыя факты, якія пацьвярджаюць, што Беларусь вядзе гандаль зброяй у рамках прынятых законаў, сусьветных законаў”.

Міхаіл Аўласевіч лічыць, што прычынай ажыятажу вакол гэтай тэмы зьяўляюцца так званыя падвойныя стандарты, але ня толькі:

(Аўласевіч: ) “Яшчэ і таму, што і МЗС, і парлямэнтары, і кіраўніцтва рэспублікі гэтую інфармацыю адкрыта, можа, не прадстаўлялі, а цяпер прадстаўляюць і даказваюць, што гэтай праблемы няма. Большасьць краінаў сьвету гандлюе зброяй”.

Міхаіл Аўласевіч зазначыў Свабодзе, што асабіста ён як кіраўнік Савету Рэспублікі ня мае дэфіцыту інфармацыі наконт продажу Беларусьсю зброі й ня можа сказаць, што гэта робіцца на незаконнай падставе.

Раней прадстаўнікі беларускага ўраду адкідалі абвінавачаньні ў незаконным продажы зброі агулам. Цяпер жа вядуць на гэты конт перамовы. Чаму? Вось меркаваньне лідэра АГП Анатоля Лябедзькі:

(Лябедзька: ) “Падчас апэрацыі ў Афганістане практычна ўсе аўтарытарныя правіцелі сталі вельмі лагоднымі. І кожны адхрэшчваўся ад бін Лядэна... Я думаю, што хвалі гэтага дайшлі і да афіцыйнага Менску. Лукашэнка разумее, што ЗША — гэта якраз ня тая краіна, зь якой можна весьці нейкую псыхалягічную ці інфармацыйную вайну. Тут патрэбна быць усё-такі асьцярожным. Асабліва ў фармаце значнага паляпшэньня адносін паміж ЗША і Расеяй”.

Анатоль Лябедзька лічыць, што ў выніку новай геапалітычнай сытуацыі А.Лукашэнка і ягонае атачэньне вымушаныя ісьці на саступкі й мяняць сваю рыторыку. Але ў тым, што афіцыйны Менск выканае свае абяцаньні стварыць сыстэму кантролю за гандлем зброяй, Анатоль Лябедзька сумняецца:

(Лябедзька: ) “Лукашэнка такім чынам бярэ для сябе пэўны тайм-аўт. На пэўны час, натуральна, што нейкіх дзеяньняў ці эканамічных санкцыяў у адносінах да Беларусі ня будзе прынята. Да таго ж трэба зыходзіць з таго, што гандаль зброяй — гэта, відаць, адзіны самы такі моцны і доўгатэрміновы рэсурс для беларускага рэжыму. І спакуса тут велізарная”.

Тым часам, як паведамляюць у МЗС Беларусі, праблема гандлю Беларусі зброяй, відаць, будзе абмяркоўвацца падчас візыту ў Менск прадстаўнікоў ДзярждэпартамэнтуЗША. Гаворыць прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка:

(Латушка: ) “Я магу пацьвердзіць, што намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША Стывэн Пайфэр і начальнік аддзелу Беларусі, Малдовы і Ўкраіны Грэг Пэрат плянуюць 19–22 лютага наведаць з рабочым візытам Беларусь для вывучэння сытуацыі ў краіне. Як плянуецца, 21 лютага адбудуцца сустрэчы прадстаўнікоў Дзярждэпартамэнту з кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Ўралам Латыпавым і міністрам замежных справаў Міхаілам Хвастовым”.

(Карэспандэнт: ) “Ці вядома, што яны будуць абмяркоўваць праблемы паставак зброі?”

(Латушка: ) “Калі гэтае пытаньне будзе ўзьнятае прадстаўнікамі Дзярждэпартамэнту, беларускі бок дасьць адпаведныя камэнтары на гэты конт”.


XS
SM
MD
LG