Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯЛЯНАМ ДАЗВОЛІЛІ ЗАБІРАЦЬ СВАЕ ПАІ Ў КАЛГАСАХ, А ЯНЫ НЕ БЯРУЦЬ


Міхась Залескі, Менск

Па-першае, у вёсцы ў апошнія дзесяцігодзьдзі імкліва скарачалася колькасьць маладых працаздольных мужчынаў, і будзе скарачацца надалей. Бо з 1973 году ў гарадох нараджаецца дзяцей больш, чым у вёсках. І мужчынаў ад 20 да 50 гадоў з таго часу паменела ўдвая.

Па-другое, кваліфікацыя вяскоўцаў не адпавядае патрэбам грамадзтва. Маю на ўвазе не “сярэднюю па шпіталі”, калі, склаўшы напаўпісьменнага палявода з эканамістам з канторы, нібыта можна атрымаць фэрмэра. Маю на ўвазе кваліфікацыю, патрэбную, каб стаць эфэктыўным ўласьнікам. На беларускія ўмовы гэта — мець ня менш за тэхнікумаўскі дыплём у якой аграрнай навуцы і сем гадоў стажу наёмнай працы ў добрага вясковага гаспадара.

Між тым, фэрмэраў у Беларусі меней за тры тысячы. А паводле апытаньняў канца 1980-х, магло быць у дзесяць разоў болей.

Па-трэцяе, вяскоўцы ўсё ж не такія простыя, як гэта падаецца вэртыкальнаму начальству. Яны бачаць, што, меўшы зямлі па плошчы як сярэдні раён, фэрмэры і прадукцыі даюць як сярэдні раён. Ну, хіба крыху болей — нешта ж і ад падаткаў ім схаваць трэба.

Чаму так? Таму што тэхнікі няма, і надта яна дарагая, і паліва дарагое, і запчасткі, і ўгнаеньні, і тэхнічнае абслугоўваньне, і вэтэрынарыя, і насеньне. Карацей, такія цэнавыя прапорцыі, што хоць фэрму рабі, хоць калгас, а хоць латыфундыю з рабамі — усё адно збанкрутуеш. Пакупнік беларускі надта бедны чамусьці.

Але такая вялікая цяга ў людзей да зямлі, так абрыдла ім калгасная сыстэма, што пагаджаюцца, ня ўсе, праўда, балазе калі кожны пяты, з начальніцкімі прапановамі пра самароспуск калгасаў і пераўтварэньне іх у нешта іншае.

Адно толькі па-за ўвагай пытаньне застаецца. Што са старымі рабіць, якія паклалі сваё жыцьцё на гэтыя калгасы і выгадавалі ўсё калгаснае начальства, што зараз Беларусьсю кіруе? Старых жа ў вёсцы абсалютная большасьць. Бо калгасы — гэта другі сабес. Машыну на пахаваньне ня возьмеш, дровы ня возьмеш зь лесу, дзялку не ўзарэш сёньня без калгасу, сенам не разжывесься. І церпяць людзі. Калгасы-саўгасы цялят у людзей пазабіралі, а 427 мільёнаў рублёў за іх павінны, і не аддаюць. Малако пазабіралі, а паўтара мільярда рублёў не аддаюць.

А начальства, каторае за калгасы змагалася, за страчаны час адказваць не зьбіраецца. І за страчаныя магчымасыці беларускай вёскі — таксама. Таму дазваляе калгасам не араць зямлі, як няма чым, ды і наогул усё тым калгасам дазваляе, абы ціха. Маўляў, беларусы неяк выцягнуць. Калгасы ж бульбы садзяць — добра, калі дзясятую частку, а першае месца ў сьвеце па вытворчасьці бульбу на жывую душу — у Беларусі.

Толькі вось ільну і жыта, буракоў і кароў дойных на лецішчах няма. І галяндцаў зь немцамі, ды рускіх з латышамі з касою ды віламі не абгоніш у сусьветнай канкурэнцыі. А іншай зараз і няма.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG