Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СКУЛЬПТАР АЛЕСЬ ШАТЭРНІК ЛІЧЫЦЬ, ШТО Ў КУРАПАТАХ МУСІЦЬ БЫЦЬ МАСТАЦКІ ПОМНІК


Альгерд Невяроўскі, Менск

Грамадзкая ініцыятыва падрыхтавала сваю канцэпцыю мэмарыялізацыі Курапатаў. І калі прапановы грамадзкай ініцыятывы “За выратаваньне мэмарыялу Курапаты” — зрабіць агароджу вакол урочышча, упарадкаваць тэрыторыю — не выклікаюць спрэчак, то прапанову не ўсталёўваць у межах ахоўнай зоны мэмарыяльных помнікаў некаторыя крытыкуюць.

Адзін з крытыкаў — вядомы менскі скульптар Алесь Шатэрнік, які адрамантаваў нядаўна нанова ўсталяваны ў Курапатах памятны знак ад амэрыканскага народу — лаўку Клінтана. Спадар Шатэрнік не згаджаецца, што цэнтральнай кампазыцыяй будучага мэмарыялу мусіць быць Крыж пакутаў, усталяваны там у 1989 годзе, а ўрочышча будзе толькі ляндшафтным помнікам з самаробнымі крыжамі, як на звычайных могілках.

Гаворыць Алесь Шатэрнік:

(Шатэрнік: ) “Мы ўсё ж цывілізаванае грамадзтва. Цывілізаванае грамадзтва павінна мець сродкі й жаданьне захаваць памяць пра сваё мінулае. І зрабіць проста могільнік — мне не ўяўляецца. Хаця традыцыі трэба скарыстоўваць. Калі ўзяць гістарычны прыклад, як ствараліся помнікі, гэта звычайна былі творы мастацтва. Таму я бачу ў мэмарыяле яшчэ й твор мастацтва, і ён будзе мець большае гучаньне”.

У скульптара ёсьць свой праект мэмарыялізацыі Курапатаў, які ён зьбіраецца вынесьці на грамадзкае абмеркаваньне. Гэты праект помніку ахвярам бальшавізму Алесь Шатэрнік зрабіў яшчэ ў 1987 годзе, да 50-й гадавіны пачатку вялікага тэрору ў Савецкім Саюзе. Алесь Шатэрнік працягвае:

(Шатэрнік: ) “1987 год. І я ў той час зрабіў кампазыцыю ў сучасных формах. Называлася яна “Лёс. Лес”. Сапраўды, лёс чалавека як лес, як сьпілаваныя дрэвы. Лёсы людзей ператвараліся ў дровы. Кампазыцыя сабой уяўляла тры сьпілаваныя бярвеньні, і на іх стаяць тры постаці, як птушкі. Гэтая кампазыцыя навеяная яшчэ ўспамінамі 1960-х гадоў. Я ехаў у горад Вятку, Кіраў на той час. Цягнік ішоў угору, а зьлева й справа былі вялікія лесапавалы. І людзі, як птушкі, на стаялі на паваленых дрэвах і позіркамі праводзілі цягнік ды махалі шапкамі. Магчыма, там былі яшчэ й рэпрэсаваныя”.

Гэтую мадэль помніка скульптар прэзэнтаваў на выставе 1987 году ў Полацку, а паслья яе асобнікі набылі Музэй сучаснага беларускага мастацтва й музэй Цымбэрлі ў Нью-Ёрку.

Цяпер Алесь Шатэрнік прапануе зрабіць гэтых людзей-зданяў на бярвеньнях у натуральную велічыню, а таксама дадаць да гэтай кампазыцыі дзьве вялікія шыльды, стылізаваныя пад крылы анёлаў, на якіх прапануе зьмясьціць імёны й прозьвішчы вядомых і невядомых беларусаў, што загінулі ў час бальшавіцкага тэрору.

Свой помнік Алесь Шатэрнік хоча ўсталяваць у самым цэнтры ўрочышча, на курапацкім узгорку, дзе цяпер ляжыць камень з шыльдай. На вяршыні гэтай кампазыцыі скульптар плянуе ўсталяваць сонцакрыж — традыцыйны для беларускага сакральнага мастацтва.


XS
SM
MD
LG