Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЛОШАВІЧ СПРАБУЕ ЎДАВАЦЬ ПРАКУРОРА


Аляксандар Лукашук, Прага

Сёньня другі – і апошні – дзень працягваўся выступ Слабадана Мілошавіча. Мілошавіч спрабуе з падсуднага стаць пракурорам – ён пазьбягае адказу на тыя 66 пунктаў канткрэтных злачынстваў, якія выставіла абвінавачаньне, і спрабуе перавесьці ўвагу на злачынствы, якія быццам зьдзейсьніла НАТА, ЗША. Мілошавіч адмаўляе этнічныя чысткі, заявіў, што выступаў супраць бамбаваньня Сараева, а таксама сьцьвярджае, што яго падманвалі адносна канцлягераў, дзе зьнішчаліся басьнійцы. Адказнасьць за косаўскую трагедыю, і за бамбаваньне Сэрбіі Мілошавіч ускладае на бамбаваньне НАТА:

(Мілошавіч: ) “Уся гэтая вайна была бессэнсоўнай і ёсьць злачынствам. Тыя, хто забіваюць дзяцей падчас сну, наўрад ці могуць мірна спаць самі – калі яны людзі і калі яны маюць маральнасьць”.

Тон выступу – сарказм, абурэньне, спроба выступаць як пракурор і як ахвяра, але ніколі як абвінавачаны ў ваенных злачынствах.

У Сэрбіі і іншых краінах Югаславіі вядзецца трансьляцыя працэсу, але калі журналісты запыталіся, ці сочыць жонка Мілошавіча за судом, дык атрымалі адказ, што яны сочаць толькі за абаронай.

Слабадан Мілошавіч запатрабаваў выклікаць у суд у якасьці сьведак кіраўнікоў урадаў і міністраў замежных справаў ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі, Нямеччыны. З аднаго боку, ён не прызнае паўнамоцтвы суду, а з другога, выстаўляе свае патрабаваньні. Першыя сьведкі павінны зьявіцца у трыбунале ўжо у панядзелак. Праўда, Мілошавіч заявіў, што нават не дабраўся да паловы сваёй заявы. Судзьдзя Рычард Мэй, які старшынюе на працэсе, аднак заявіў пра абмежаваньне выступу Мілошавіча:

(Мэй: ) “Мы спадзяемся, што вы скончыце сёньня ўвечары. Такім чынам, вы будзеце мець два дні, як і абвінавачаньне, і гэта дастатковы час”.

Назіральнікі ацэньваюць выступ Мілошавіча як вынаходлівы, але прадказальны. Ён зьвяртаецца не да судзьдзьдзяў, а да публікі – тэлегледачоў, якім дэманструюцца, напрыклад, здымкі разбурэньняў і ахвяраў амэрыканскага бамбаваньня. І такі эмацыйны зварот, кадры відэазапісаў знаходзяць эмацыйны водгук у аўдыторыі – пазытыўны ў часткі сэрбаў, адмоўны ў іншых краінах былой Югаславіі. Але маніпуляваньне СМІ выклікае крытыку.

Мілошавіч паказваў фатаздамкі цывільных ахвяраў – сёньня ўрад Югаславіі выступіў з асуджэньнем гэтых паводзінаў Мілошавіча, які, як гаворыцца у заяве, таксама нясе адказнасьць за бамбаваньне. Прэс-сакратар ураду зазначыў, што Мілошавіч чамусьці не паказаў здымкі сховішча, дзе ён зь сям’ёй хаваўся падчас налётаў.

Аднак, верагодна, далей такой магчымасьці – гаварыць абсалютна ўсё, што ён пажадае, – у Мілошавіча ня будзе – яго роля будзе абмежаваная удзелам у допыце сьведак і адказах на канкрэтныя пытаньні з нагоды абвінавачаньняў.

Нагадаем, Слабадан Мілошавіч не прызнае паўнамоцтваў міжнароднага трыбунулу ў Гаазе, адмовіўся ад адвакатаў. Судзьдзі самі ўнесьлі на разгляд заяву пра невінаватасьць Мілошавіча і прызначылі тры гэтак званых amici curiae – гэты лацінскі тэрмін азначае сябры суду, якія павінны сачыць за справядлівым праходжаньнем працэсу і захаваньнем правоў абвінавачанага. Кожнае з 66 прад’яўленых Мілошавічу абвінавачаньняў прадугледжвае пажыцьцёвае зьняволеньне ў якасьці максымальнага пакараньня.

XS
SM
MD
LG