Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ВІЦЕБСКУ ЧАРГОВЫ РАЗ СУДЗЯЦЬ УЛАДЗІМЕРА ПЛЕШЧАНКУ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Амаль штодня на працягу апошняга месяца сябар Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Плешчанка выходзіць да вядомага ў Віцебску “Сіняга дому” з плякатам “Патрэбныя новыя прэзыдэнцкія выбары пад пратэктаратам міжнародных арганізацыяў”.

Гэткім чынам віцебская суполка партыі Зянона Пазьняка распачала ў горадзе падрыхтоўку да новых, нечарговых прэзыдэнцкіх выбараў. А сёньняшні суд — гэта першая спроба пакараць яе ініцыятараў.

Усяго тры разы за ўвесь гэты тэрмін Уладзімер Плешчанка быў затрыманы віцебскімі міліцыянтамі. Але пратакол з абвінавачаньнем у несанкцыянаваным пікетаваньні на яго быў складзены толькі аднойчы — 22-га студзеня. Якраз у той дзень Віцебск быў наведаў міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў, якому міліцыянты мусілі прадэманстраваць палітычную ды службовую пільнасьць. Гэты выпадак і стаўся падставай сёньняшняга судовага разьбіральніцтва.

Адрозна ад ранейшых сваіх судовых працэсаў, сёньня спадар Уладзімер Плешчанка не аспрэчваў факту правядзеньня несанкцыянаванага пікету, падкрэсьліваючы разуменьне нямэтазгоднасьці звароту ў Віцебскі гарвыканкам па дазвол на правядзеньне падобных акцыяў.

Але тое, што спадар Плешчанка ня стаў адмаўляць факту свайго правапарушэньня, сталася нечаканасьцю для судзьдзі Сьвятланы Туфан, бо дагэтуль зьяўленьні апазыцыянэраў каля “Сіняга дому” набывалі статус пікетаў выключна ў ейных прысудах. Таму судзьдзя вырашыла выклікаць у Чыгуначны раённы суд дадатковых сьведкаў гэтага правапарушэньня Ўладзімера Плешчанкі, а судовае паседжаньне перанесьці на 25-га лютага.

XS
SM
MD
LG