Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІДЭРЫ МАЛАДОГА ФРОНТУ ЛІЧАЦЬ, ШТО НЯГЛЕДЗЯЧЫ НА РЭПРЭСІІ, УЧОРАШНЯЯ АКЦЫЯ БЫЛА ПЛЁННАЯ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Арганізатары ўчорашняй акцыі "Беларусь у Эўропу!", што засталіся на волі, — Аляксей Шэін і Сяржук Лісічонак — арганізавалі сёньня прэсавую канфэрэнцыю.

Паводле кіраўнікоў Маладога Фронту, у Менску ўчора затрымалі каля 30 удзельнікаў акцыі, cярод якіх пераважна непаўнагадовыя — ад 8 да 17 гадоў. Большасьць іх учора перадалі бацькам, аднак 15-гадовая Вольга Чарных з Воршы й 16-гадовы Зьміцер Войтка з Маладэчна ўсю ноч заставаліся ў дзіцячым прыёмніку па вуліцы Акрэсьціна: іхныя бацькі не змаглі своечасова прыехаць у пастарунак.

Астатнія, у тым ліку й лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец, сёньня былі дастаўленыя ў суд. Намесьнік старшыні Маладога Фронту Аляксей Шэін так ацаніў дзеяньні міліцыі:

(Шэін: ) "Мы расцэньваем учорашні брутальны разгон шэсьця, арышты маладафронтаўцаў, факт вялікага скапленьня тэхнікі, міліцыі, ды й саму забарону акцыі проста як страх рэжыму перад моладзьдзю. Я лічу такія паводзіны абсалютна нелягічнымі й магу патлумачыць учорашні разгон толькі страхам і нянавісьцю да беларускай моладзі, да дэмакратыі й свабоды".

Нягледзячы на брутальны разгон міліцыяй учорашняга шэсьця ў Менску, яго арганізатары лічаць, што сваёй мэты дасягнулі. Спадар Шэін працягвае:

(Шэін: ) "Я думаю, вельмі важным было, што пасьля выбараў гэта была першая масавая акцыя. Яна страсянула перадвыбарчую сытуацыю. Ёсьць таксама па гэтай акцыі й інфармацыйны рэзананс".

Акцыя "Беларусь у Эўропу!" праходзіла ня толькі ў Менску, але ахапіла 44 беларускія гарады. У розных месцах акцыя мела розны фармат — ад шэсьцяў і пікетаў з раздачай улётак і сардэчак-валянцінак, да дыскатэк, шоў і конкурсаў, а таксама збору рэчаў для дзяцей-сіротаў. Найбольш буйныя акцыі прайшлі ў Берасьці, Гомелі, Горадні, Магілёве, Лідзе, Воршы, Барысаве.

А сёньня з райцэнтру Хоцімск (гэта самы ўсходні горад Беларусі) стартуе трохмесячны маладафронтаўскі маратон "Беларусь у Эўропу!". Штодня гэтая кампанія будзе ахопліваць адзін ці некалькі гарадоў краіны, а скончыцца 14 траўня, на дзень рэфэрэндуму 1995 году, масавым вывешваньнем нацыянальных бел-чырвона-белых сьцягоў. У Менск гэты маратон прыйдзе 2 красавіка.

Гаворыць старшыня міжнароднай камісіі Маладога Фронту Сяржук Лісічонак:

(Лісічонак: ) "Празь Менск акцыя "Беларусь у Эўропу!" другі раз пройдзе 2 красавіка ў дзень падпісаньня ганебнай дамовы пра стварэньне г.зв. саюзнай дзяржавы паміж Беларусьсю й Расеяй. Мы будзем імкнуцца, каб фармат гэтага мерапрыемства быў пазытыўным, бо ўся кампанія павінна гучаць станоўча й аптымістычна. Ужо цяпер мы маем падтрымку з боку міжнародных структураў і мы спадзяемся, што тут у Менску 2 красавіка кожны стане сьведкам чагосьці радаснага й аптымістычнага".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG