Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У САВЕЦКІМ СУДЗЕ МЕНСКУ ПАЧАЛІ СУДЗІЦЬ ЗАТРЫМАНЫХ УДЗЕЛЬНІКАЎ МОЛАДЗЕВАЙ АКЦЫІ НА ДЗЕНЬ СЬВЯТОГА ВАЛЯНЦІНА


Любоў Лунёва, Менск

Нягледзячы на тое, што затрыманых было больш за трыццаць, у суд трапілі толькі шасьцёра. Гэта лідэр Маладога Фонту Павал Севярынец, Станіслаў Івашкевіч, Сяргей Герасімовіч, Павал Сініла, Зьміцер Дашкевіч, Васіль Парфёнаў і Андрэй Казлоў. Усе яны распавялі пра міліцэйскі гвалт у пастарунку.

Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “У райаддзеле трымалі нас у клясе, ганялі з аднаго кабінэта ў другі. Натуральна, ніякай павагі, ніякага спачуваньня. Зьдзекі і насьмешкі. Па-людзку ставіліся літаральна некалькі чалавек, якія папросту выконвалі сваю працу. Тым ня менш, что ж гэта такое!? У Дзень сьвятога Валянціна моладзь, дзяўчат, у тым ліку непаўнагадовых, адвезьлі ў дзіцячы спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік.

Гэта папросту грубасьць, хамства і боязь сёньняшняй улады перад моладзьдзю й новым пакаленьнем. А раз баяцца — значыць, паважаюць. Урэшце потым будуць выконваць нашыя загады, калі мы прыйдзем да ўлады".

Судзьдзя Руслан Казадаеў пакараў Станіслава Івашкевіча штрафам на 20 мінімальных заробкаў (гэта 200 тысяч рублёў).

(Івашкевіч: ) “Пасьля таго, як нас затрымалі, нас адвезьлі ў Савецкі РУУС, дзе палкоўнік Бусло, начальнік РУУСа, адвёў мяне й Зьмітра Дашкевіча наверх. Там ён нас пачаў зьбіваць. Потым праз тры гадзіны нас адвезьлі ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік. Там нас утрымлівалі да 12-й гадзіны дня і, дарэчы, нас не пакармілі".

Астатнія затрыманыя папрасілі адвакатаў, каб ім перанесьлі суды на панядзелак і аўторак. Лідэру Маладога Фронту Паўлу Севярынцу пагражае арышт на некалькі сутак у спэцпрыёмніку на вуліцы Акрэсьціна.

Больш як дваццаць непаўнагадовых удзельнікаў шэсьця павінны разам з бацькамі наведаць адміністрацыйныя камісіі ў гарвыканкамах, каб атрымаць свае прысуды. Многіх зь іх паставяць на ўлік у міліцыі як непаўнагадовых парушальнікаў грамадзкага парадку.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG