Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНСК НАВЕДАЮЦЬ ТРЫ АМЭРЫКАНСКІЯ КАНГРЭСМЭНЫ


Валер Каліноўскі, Менск

Як зазначылі ў Інфармацыйнай службе амбасады ЗША, візыт дэлегацыі Кангрэсу ЗША на чале з рэспубліканцам Джымам Сэктанам аднадзённы. Сэктан, яго калега па партыі Рон Льюіс са штату Кентукі й незалежны кангрэсмэн Бэрнард Сандарс з Вэрмонту прабудуць у Менску ўсяго некалькі гадзінаў.

Пра мэты іхнага візыту гаворыць прадстаўнік амбасады ЗША Аляксей Саламаха:

(Саламаха: ) “Мэтай візыту зьяўляецца абмеркаваньне тэмы паставак зброі краінам і арганізацыям, якія выклікаюць найбольшую занепакоенасьць. Плянуецца, што члены дэлегацыі сутрэнуцца з прадстаўнікамі найвышэйшага зьвяна беларускай выканаўчай улады, у чыю кампэтэнцыю ўваходзіць дадзенае пытаньне”.

Сустрэчы будуць мець канфідэнцыйны характар, але прадстаўнікі прэсавай службы амбасады ЗША абяцаюць інфармаваць пра хаду візыту.

Ці адбудзецца сустрэча кангрэсмэнаў з Аляксандрам Лукашэнкам? На гэтае пытаньне адказвае прэсавы сакратар Лукашэнкі Натальля Пяткевіч:

(Пяткевіч: ) “Сёньня на гэты момант я такой інфармацыі ня маю. Магчыма, заўтра прэзыдэнт будзе сустракацца, але гэта будзе вядома заўтра”.

Але калі й адбудзецца гэтая сустрэча, то яна будзе незаплянаваная.

Былы віцэ-міністар замежных справаў, вядомы апазыцыйны палітык Андрэй Саньнікаў мяркуе, што Лукашэнку было б выгадна прыняць амэрыканскіх дэпутатаў. Але ён сумняецца, што атрымаецца канструктыўная размова:

(Саньнікаў: ) “Гэта даволі дзіўна такім шляхам ісьці — ехаць на ўзроўні кангрэсмэнаў, каб размаўляць пра пастаўкі зброі. Калі ёсьць такія пастаўкі, то трэба іх спыніць, а размовамі іх ня спыніш. Калі ёсьць там пэўная інфармацыя, то я не лічу, што гэта справа кангрэсмэнаў”.

Андрэй Саньнікаў мяркуе, што ёсьць тут і другая праблема — кантакты кангрэсмэнаў на высокім узроўні з высокімі беларускімі прадстаўнікамі ўлады:

(Саньнікаў: ) “Мы ведаем, што ёсьць афіцыйная пазыцыя і Кангрэсу, і Адміністрацыі Злучаных Штатаў аб непрызнаньні вынікаў тых выбараў, якія адбываліся ў Беларусі, — гэта значыць непрызнаньне таго, што ў нас існуе пэўная легітымная ўлада, і таму гэта й вызначае той парадак сутрэчаў і кантактаў. Калі вы не прызнаяце гэтую ўладу, то якія могуць быць кантакты зь ёй?”

Андрэй Саньнікаў лічыць, што нейкага плёну сустрэчы кангрэсмэнаў у Менску ня будуць мець.

Раней МЗС Беларусі ды іншыя дзяржаўныя структуры абвяргалі інфармацыю пра незаконныя пастаўкі зброі.

Ад рэдакцы:
Сёньня мы атрымалі паведамленьне ад нашага Вашынгтонскага карэспандэнта Эндру Талі пра некаторы акалічнасьці візыту. Кангрэсмэны маюць на мэце гаварыць зь беларускімі ўладамі ня толькі пра пастаўкі зброі, але выказаць сваё стаўленьне да прэзыдэнцкіх выбараў, якія былі моцна скрытыкаваныя міжнароднымі арганізацыямі. Паводле памочніка кангрэсмэна Сэкстана, ён плянаваў раней застацца ў Менску на некалькі дзён, але затым прыйшоў да высновы, што такі доўгі візыт можа ўспрыняцца як легітымізацыя Аляксандра Лукашэнкі. З гэтай прычыны візыт скарочаны да некалькіх гадзінаў, паведаміў вашынгтонскі карэспандэнт Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG