Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЯК ДЫРЭКТАРЫ БЕЛАРУСКІХ ПРАДПРЫЕМСТВАЎ ХАВАЮЦЦА АД АРЫШТАЎ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Не беларусы прыдумалі лёзунг "Ратуйся, хто можа", але менавіта ў Беларусі ўзьнікла такая своесаблівая мадыфікацыя гэтага лёзунгу як "Хавайся ў бульбу".

Розныя сацыяльныя групы хаваюцца ад гневу начальства па-рознаму. Сяляне, калі начальнікі прыяжджаюць да іх не агітаваць за Лукашэнку, а гнаць у поле, хаваюцца найчасьцей у склепе. Рабочаму чалавеку ад строгага кіраўніка схавацца цяжэй, але таксама магчыма пераседзець бяду ў прыбіральні ці ў закутку дзе за жалязякамі.

А дзе ад начальнікаў хаваюцца самі начальнікі? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да знаёмага намесьніка аднаго буйнога менскага заводу. Але знайшоў таго толькі зь пятай спробы. У працоўны дзень знаёмы да ночы працуе, а ў выходны то зьехаў быў на лецішча (гэта зімой), то дапамагаць цешчы (адкуль такая любоў да цешчы?), то ўвогуле невядома куды, прычым, паводле жонкі, забыўся дома мабільны тэлефон. Толькі падчас сустрэчы сам-насам удалося высьветліць прычыну гэтага нечаканага склерозу.

"Заставацца дома на выходныя проста немагчыма. А раптам забяруць, як таго Лявонава, і тры дні ніхто ведаць ня будзе? А ў найлепшым выпадку проста сапсуюць суботу ці нядзелю. Што да мяне, я сваёй жонцы загадаў — мяне няма, зьехаў, а мабільны тэлефон забыў дома", — гэтак сказаў мой знаёмы намесьнік дырэктара.

Чуткамі пра тое, што ўсе дырэктары апошнім часам сталі на выходныя зьяжджаць з дому без мабільных тэлефонаў, падзяліліся й яшчэ некаторыя крыніцы. І тады я вырашыў зьвярнуцца па тлумачэньні да прадстаўніка дырэктарскай супольнасьці.

Сакратар міжнароднага клюбу дырэктараў Яўген Доўгель, якога я папрасіў пракамэнтаваць мае зьвесткі, пагадзіўся зь імі толькі часткова. Ён згодны, што дырэктарскае жыцьцё несалодкае, што нядаўнія арышты кіраўнікоў найбуйнейшых заводаў — "Атлянту" і трактарнага — не дадалі ім упэўненасьці ў заўтрашнім дні. Але што дырэктары карыстаюцца гэткімі хітрыкамі, гэта для спадара Доўгеля навіна, у якую ён ня верыць.

(Доўгель: ) "Дырэктары, зь якімі кантактуе наш клюб, кіруюць буйнымі прадпрыемствамі. У іх велізарныя і трывалыя нагрузкі. Няма магчымасьці апраўдацца, чаму яго не знайшлі, бо мабільныя тэлефоны ёсьць ва ўсіх, на буйных заводах гэта абавязкова. Таму тое, пра што вы кажаце, — гэтага хутчэй за ўсё быць ня можа, толькі ў выключных выпадках. А што да ўлады, то можаце не сумнявацца, знойдуць вельмі хутка, там ёсьць іншыя сродкі сувязі", — казаў Яўген Доўгель.

Дарэчы, шэфам сакратара міжнароднага клюбу дырэктараў Доўгеля ёсьць былы дырэктар МТЗ Міхаіл Лявонаў , які стварыў гэты клюб і фармальна дагэтуль яго ўзначальвае. Аднак вось ужо другі месяц Лявонаў за кратамі, а клюб з гэтай нагоды маўчыць.

"Трэба дачакацца вынікаў сьледзтва, і толькі потым можна нешта рабіць. А так мы толькі нашкодзім Лявонаву", — тлумачыць маўчаньне клюбу спадар Доўгель. Пры гэтым ён запэўнівае, што асабістага стаўленьня да былога дырэктара МТЗ не зьмяніў і вельмі яго паважае.

Мае пошукі вытокаў чутак пра знаходлівых дырэктароў усё ж мелі пэўны плён. Як сьцьвярджае адна дасьведчаная крыніца, ня выключана, што гэтыя чуткі зьвязаныя ня столькі з пагрозай рэпрэсіяў , колькі з асаблівасьцямі працоўнага графіку Аляксандра Лукашэнкі. Быццам знайсьці кіраўніка дзяржавы ў сваім кабінэце ў звычайны працоўны дзень пасьля абеду ўдаецца ня кожнаму. Ён нібыта альбо праводзіць важныя сустрэчы, альбо гуляе ў хакей. А вось у суботу і нядзелю кіраўнік дзяржавы мае звычку зьявіцца на працы і асабіста праверыць, як ідуць справы.

Найвышэйшыя чыноўнікі адміністрацыі вымушаныя былі прыстасавацца да гэтага графіку, а за імі давялося падпарадкавацца і дырэктарам буйных прадпрыемстваў. Іншая рэч, што карысьці ад гэтай працы ў выходныя мала. Паводле некаторых дырэктараў, адны праблемы — бо хто трапляе пад руку, таму й дастаецца.

Вось і сталі дырэктары хавацца хто ў цешчы, хто яшчэ дзе. І нават калі ім раздалі мабільныя тэлефоны — нічога не дапамагло.

З тым, што цяпер дырэктарам не пазайздросьціш, згодны і былы дырэктар славутага аб'яднаньня "Амкадор" Васіль Шлындзікаў. Аднак ён лічыць, што на першае месца трэба ставіць не відавочную бязглузьдзіцу некаторых патрабаваньняў зьверху, а менавіта пагрозу стаць чарговай ахвярай незаконных рэпрэсіяў.

(Шлындзікаў: ) "Канечне, настроі ў дырэктарскім корпусе вельмі дрэнныя. Там пануюць няўпэўненасьць у будучыні, страх і разуменьне бессэнсоўнасьці таго, што адбываецца. Бо дырэктараў прымушаюць рабіць тое, у што яны не вераць, бо яны прафэсіяналы. З-за гэтага яны паступова страчваюць і самапавагу, што разбуральна дзейнічае на іх як на асобаў.

А тым часам становішча пагаршаецца, па сутнасьці праваахоўчыя органы пераўтвараюцца ў карныя і, я мяркую, гэтая машына неўзабаве стане яшчэ больш рэпрэсіўнай", — лічыць былы дырэктар "Амкадору" Васіль Шлындзікаў.

Паводле яго, ціск на дырэктараў тлумачыцца выключна палітычнымі прычынамі. "Вельмі ня хочуць, каб мясцовыя людзі, мясцовы капітал, кіраўнікі прадпрыемстваў сталі гаспадарамі ў эканоміцы Беларусі", — гэтак Васіль Шлындзікаў акрэсьліў звышзадачу перасьледу дырэктараў.


XS
SM
MD
LG