Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БОЛЬШАСЬЦЬ СЯБРОЎ УРАДУ ЎЛАДЗІМЕРА ЯРМОШЫНА ЗАСТАЮЦЦА БЕСПРАЦОЎНЫЯ


Уладзімер Глод, Менск

Знайсьці адказы на гэтыя пытаньні спрабаваў наш менскі карэспандэнт.

Былы кіраўнік ураду Ўладзімер Ярмошын зараз на возеры Нарач. У студзені ён моцна прастудзіўся і быў накіраваны лекарамі на рэабілітацыю ў намэнклятурны санаторый так званай лечкамісіі.

Пра гэта мне паведаміў сёньня адзін з блізкіх сяброў спадара Ярмошына. Паводле яго, экс-прэм’еру да гэтага часу не было ніводнай прапановы працягнуць працу на дзяржаўнай пасадзе. Аляксандар Лукашэнка пасьля адстаўкі шэфа ўраду абяцаў яму адказную працу на расейскім напрамку. У кулюарах казалі, што гэта можа азначаць і месца дзяржсакратара саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі, і амбасадара Беларусі ў Расеі, і нават прадстаўніка Беларусі ў Калінінградзкай вобласьці.

Некалі пасьля адстаўкі міністра замежных справаў Івана Антановіча Лукашэнка таксама казаў, што досьвед такога адукаванага чалавека абавязкова будзе запатрабаваны. Але ўсё скончылася тым, што Антановіч, не дачакаўшыся, зьехаў у Расею.

Туды ж накіраваўся і былы намесьнік Ярмошына Валеры Кокараў. Ён займаецца там прыватным бізнэсам у нафтахіміі — менавіта тая галіна, якую курыраваў, калі быў віцэ-прэм’ерам. Кажуць, што былую працу ва ўрадзе ён згадвае цяпер як кепскі сон.

Яшчэ два былыя намесьнікі прэм’ера застаюцца ў Менску. Уладзімер Замяталін чакае. Пра ягоныя магчымыя прызначэньні ходзяць самыя розныя чуткі: гэта і пасада рэктара Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, і кіраўніка Белдзяржтэлекампаніі, і амбасадара ў Іраку альбо на Кубе.

І толькі былы віцэ-прэм’ер Міхаіл Дзямчук ужо ўладкаваўся на дзяржаўную службу. Вядомы навуковец, а ён ёсьць акадэмікам Нацыянальнай Акадэміі навук, вярнуўся ў Беларускую політэхнічную акадэмію. Праўда, ня рэктарам (а менавіта з гэтай пасады ён прыйшоў ва ўрад Ярмошына), а кіраўніком буйнога цэнтру лязэрнай фізыкі. Хаця кажуць, што гэтая пасада не канчатковая. Быццам бы даўні сябар Дзямчука Міхаіл Мясьніковіч хоча бачыць яго побач з сабою — на пасадзе віцэ-прэзыдэнта Нацыянальнай Акадэміі навук.

Прыналежнасьць да навукі дапамагла ўладкавацца і экс-міністру адукацыі Васілю Стражаву. Ён узначальвае Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы. Цікава, што гэты інстытут ёсьць структурнай часткай Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. І таму загад пра прызначэньне Стражава падпісаў рэктар Казулін.

Былы міністар аховы здароўя Ігар Зелянкевіч пакуль беспрацоўны. Вядома, што і ён езьдзіў у Маскву. Але праз тыдзень адтуль вярнуўся. Міністэрства аховы здароўя інтэнсіўна правяраюць розныя кантралёры. І таму лёс былога міністра няпэўны.

Своеасаблівымі рэкардсмэнамі сярод беспрацоўных міністраў застаюцца былы міністар абароны Аляксандар Чумакоў і экс-міністар культуры Аляксандар Сасноўскі. Лукашэнка зволіў іх яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў. Пра Чумакова казалі, што ён стане вайсковым дарадцам кіраўніка “палаты прадстаўнікоў”. Але такую пасаду не ўвялі ў штатны расклад палаты.

Што тычыцца Аляксандра Сасноўскага, дык ён зь лістапада 2000 году таксама не працуе ў дзяржаўных структурах. Сьцьвярджаюць, што час ад часу былы міністар дапамагае сваяму зяцю, які мае невялікі бізнэс у галіне харчаваньня.

Цягам наступных месяцаў Міністэрства замежных справаў Беларусі мяркуе зьмяніць больш за тузін амбасадараў. Магчыма, якія-небудзь вакансіі й запоўняць былыя сябры беларускага ўраду часу Ўладзімера Ярмошына.

XS
SM
MD
LG