Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АРЫШТЫ НА ВУЛІЦАХ МЕНСКУ Ў ДЗЕНЬ СЬВЯТОГА ВАЛЯНЦІНА


Любоў Лунёва, Менск

На перакрыжаваньні праспэкта Францішка Скарыны й вуліцы Дарашэвіча амонаўцы акружылі дэманстрантаў. У ход пайшлі гумовыя дубінкі. Юнакоў і дзяўчат затрымлівалі й кідалі ў аўтобусы.

Амонаўцы кінулі ў аўтобус нават двух васьмігадовых хлопчыкаў. Гэтым разам не абыйшлося без нападаў на журналістаў.

Палкоўнік з гарадзкога упраўленьня ўнутраных справаў так ударыў апэратара ОРТ Сяргея Гельбаха, што той апынуўся на праезджай частцы дарогі перад едучым транспартам.

Начальнік Савецкага РУУСа палкоўнік Мікалай Бусло, нецэнзурна лаючыся, кінуўся да журналістаў і пачаў выбіваць з рук дыктафоны і камэры. Ён выбіў мікрафон у журналісткі Радыё Рацыя Юліі Шаровай. Міліцыянты рангам ніжэй зьбянтэжыліся і абыходзіліся з журналістамі больш карэктна.

Усіх затрыманых на аўтобусах адвезьлі ў Савецкі РУУС. Але пасьля гэтага пачалося сапраўднае паляваньне на людзей. Апэратыўнікі беглі ў двары й затрымлівалі там юнакоў і дзяўчат:

(Дзяўчына: ) "Нашых людзей павезьлі ў Савецкі РУУС. Мы вырашылі пайсьці туды, каб іх там сустрэць. За мной пабег міліцыянт. Ён ударыў мяне дубінкай ў бок, паваліў на зямлю, абшукаў і толькі пасьля гэтага адпусьціў. Я вучуся ў ліцэі БДПА".

Толькі праз чатыры гадзіны пасьля заканчэньня акцыі міліцыянтам дазволілі разыйсьціся.

На гэты момант у Савецкім упраўленьні ўнутраных справў ўтрымліваюцца больш за трыццаць чалавек. Амаль палова зь іх непаўнагадовыя. Сярод затрыманых апрача лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца яшчэ пяць актывістаў: Натальля Кійко, Сяржук Касьцюкевіч, Артур Фінькевіч і Сяржук Лісічонак.

Вядомыя прозьвішчы яшчэ некалькіх чалавек: гэта Андрусь Казлоў, Ірына Вяткіна, Вольга Чарных, Ганна Салаўёва, Сяржук Герасімовіч, Васіль Парфянкоў і Зьміцер Аўчыньнікаў.

Непаўнагадовых аддадуць “пад подпіс” бацькам, а іхныя справы перададуць у камісіі ў справах непаўнагадовых у гарвыканкамах. Астатніх затрыманых будуць судзіць заўтра ў Савецкім судзе Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG