Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“WASHINGTON POST”: ЛЕЎ ТАЛСТОЙ НІЧОГА НЕ РАЗУМЕЎ У ШЧАСЬЛІВЫМ ШЛЮБЕ


Аляксандр Лукашук, Прага

“Washington Post” зьмясьціла на сваіх старонках выяву сэрца і стрэлаў і выступіла з абвяржэньнем словаў Льва Талстога, якімі пачынаецца раман “Ганна Карэніна”: “Усе шчасьлівыя сем’і падобныя адна да адной, кожная нешчасьлівая сям’я нешчасьлівая па-свойму”.

Прафэсар псыхалёгіі Вашынгтонскага Ўнівэрсытэту ў Сыэтле Джон Готман заяўляе, што якраз нешчасьлівыя сем’і падобныя, а шчасьлівыя надзвычай розьняцца.

Чаму распадаецца кожны другі шлюб? Адказ, на думку амэрыканскіх дасьледчыкаў, трэба шукаць не сярод нешчасьлівых, а наадварот, у шчасьлівых парах. Як аказалася, справа не ў канфліктах, бо ніводны шлюб не існуе без канфлікту – але надаўжэй разам застаюцца пары, якія не дазваляюць спрэчкам і бойкам марнаваць іншыя аспэкты шлюбу. Прафэсар псыхалёгіі Каліфарнійскага унівэрсытэту Том Брэдбэры лічыць, што людзі бяруць шлюб, каб мець побач каго- небудзь для зносінаў – слухаць, сябраваць, разам перажываць добрае і дрэннае. Дасьледнікі высьветлілі, што якраз гэтыя стасункі шлюбу, пазытыўныя фактары, вызначаюць ягоную трываласьць.

Большасьць дарадацаў сьцвярджаюць, што галоўнае ў вырашэньні канфліктаў у шлюбе – справядлівасьць. Але 69% канфліктаў увогуле ніяк не вырашаюцца, бо яны тычацца асобавай рознасьці параў. Самае важнае – не вырашэньне канфлікту, а высьвятленьне, ці могуць яны працягваць жыць з гэтымі нявырашанымі і пераважна невырашальнымі праблемамі.

Амаль 90% амэрыканцаў бяруць шлюб, але кожны другі шлюб распадаецца. Ці азначае гэта крызіс шлюбу як сацыяльнага інстытуту? Аднак пераважная большасьць зноў бярэ шлюб – такім чынам разводы зусім не паказчык страты веры амэрыканцамі ў шлюб як грамадзкі інстытут. Спэцыфічна амэрыканскія прычыны разводаў – абодва партнэры працуюць і занадта дбаюць пра кар’еру, апрача таго жанчыны, якія працуюць, атрымалі эканамічную незалежнасьць, а сэксуальная рэвалюцыя зрабіла сэкс па-за шлюбам альбо перад шлюбам звычайнай справай. Таксама з разводу зьнятае кляймо сацыяльнага непрымальнага зла.

На думку Тэда Густана, прафэсара экалёгіі чалавека Тэхаскага ўнівэрсітэту, ёсьць яшчэ адзін чыньнік трываласьці шлюбу – калі занадта высокія спадзяваньні прыходзяць у сутыкненьне з штодзённымі канфліктамі і спрэчкамі. Калі ж такіх “галівудзкіх” спадзяваньняў няма ад пачатку, гэта спрыяе трываласьці ўзаемаадносінаў.
XS
SM
MD
LG