Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЛАДЫ ФРОНТ НАВЕДАЎ 23 АМБАСАДЫ


Галіна Абакунчык, Менск

Упершыню замежных дыпляматаў з Днём сьвятога Валянціна Малады Фронт віншаваў шэсьць гадоў таму. Да сёлетняга сьвята аўтары ініцыятывы прымеркавалі пачатак агульнабеларускай моладзевай акцыі “Беларусь у Эўропу”, якая прадоўжыцца тры месяцы. Менавіта гэтай акалічнасьцю маладафронтаўцы абгрунтавалі сваё нежаданьне наведваць амбасады азіяцкіх і афрыканскіх краінаў, а таксама Расейскай Фэдэрацыі. Гаворыць адзін з удзельнікаў кампаніі Сяржук Лісічонак:

(Лісічонак: ) “Беларуская моладзь імкнецца жыць у Эўропе й быць часткай аб’яднанай Эўропы, а ня часткай Расейскай Фэдэрацыі й жыць у Расеі. Таму мы не віншуем з нашым эўрапейскім сьвятам прадстаўнікоў Расейскай Фэдэрацыі. Мы не віншуем таксама прадстаўнікоў азіяцкага рэгіёну й афрыканскіх краінаў, таму што яны да Эўропы маюць таксама мала дачыненьня, як і Расея”.

Разам зь віншавальным пасланьнем маладафронтаўцы перадавалі кіраўнікам амбасадаў гліняныя мэдалькі з надпісам “Беларусь у Эўропу”, а таксама распавядалі пра зьмест і мэту акцыі — бачыць сваю краіну ў цывілізаванай эўрапейскай прасторы. Адказам на гэта былі паразуменьне й падтрымка. Да прыкладу, вось што сказаў амбасадар Грэцыі Панаётыс Гумас:

(Гумас: ) “Кожная вашая спроба наладзіць стасункі зь міжнароднай супольнасьцю ёсьць вельмі важнай, і гэта варта рабіць і надалей. Магчыма, у будучыні Беларусь таксама вырашыць стаць сябрам Эўразьвязу. Моладзь павінна разносіць свае пэтыцыі паўсюдна, бо дэмакратыя патрабуе вельмі вялікіх высілкаў”.

Апошнія гады многія кіраўнікі амбасадаў ахвотна сустракаюцца з прадстаўнікамі Маладога Фронту. Гэтым разам ініцыятарам акцыі давялося нават падзяліцца на тры групы, каб за дзень пасьпець абысьці ўсе 23 дыппрадстаўніцтвы, у тым ліку ААН, АБСЭ, ЗША, Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Ватыкану. Гаворыць намесьнік кіраўніка Маладога Фронту Аляксей Шэін:

(Шэін: ) “Віншаваньне амбасадараў перад вулічным шэсьцем — гэта традыцыйная наша акцыя. Праз гэта ў нас навязваюцца прыязныя стасункі з дыпляматамі й самімі амбасадарамі. Сёлета нашыя беларускія мастакі зрабілі прыгожыя гліняныя мэдалі з надпісамі “Беларусь у Эўропу” і “Малады Фронт”. Гэта як памятка пра тое, што Беларусь імкнулася ў Эўропу й для гэтага патрэбныя былі шэсьці. А на той час яна ўжо будзе ў Эўропе, спадзяюся”.

Адрозна ад мінулых гадоў, калі міліцыянты не пускалі гурты моладзі да амбасадаў ці ўвогуле забіралі найбольш актыўных у пастарунак, гэтым разам акцыя была нешматлюднай і абышлася без затрыманьняў. Толькі ў амбасадзе Баўгарыі ахоўнікі забралі віншавальную пэтыцыю, паабяцаўшы перадаць яе непасрэдна ў рукі амбасадару. Чыёй была гэтая ініцыятыва — міліцыянты не паведамілі.
XS
SM
MD
LG