Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЧЫНСКІ: “ДЫКТАТУРА КАЛЯ НАШЫХ МЕЖАЎ – ГЭТА РЭЧ НЕДАПУШЧАЛЬНАЯ”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Андрэй Жукавец, чыя экстрадыцыя паводле нядаўняга рашэньня Беластоцкага акружнога суду прызнаная дапушчальнай, у трэці раз накіраваў скаргу ў апэляцыйны суд. Нагадаю, што тыдзень таму ў часе працэсу, беластоцкія судзьдзі і пракурор даводзілі, што палітычная сытуацыя на Беларусі “нармалізуецца”, а справаздачы міжнародных арганізацыяў, якія сьведчаць аб масавых парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі, не заслугоўваюць увагі.

З другога боку, у справе былога намесьніка гэнэральнага дырэктара МАЗу Аляксандра Якаўлева, апэляцыйны суд учора прызнаў правамоцным папярэдняе рашэньне Вроцлаўскага суду, які пастанавіў, што экстрадыцыя Якаўлева немагчымая, бо на Беларусі судовая сыстэма ня ёсьць незалежнай і вядомыя шматлікія прыклады катаваньняў арыштаваных.

Чаму суды ва Ўроцлаве і Беластоку так абсалютна па-рознаму ацэньваюць сытуацыю ў Беларусі?

Былы міністар юстыцыі і генэральны пракурор Польшчы, а цяпер лідар партыі “Закон і Справядлівасьць” спадар Лех Качынскі, вядомы тым, што заўсёды зь вялікай асьцярожнасьцю прымаў рашэньні аб экстрадыцыі ў Беларусь.

“Выдаваць людзей у Беларусь, гэта значыць выдаваць іх у рукі рэжыму Лукашэнкі. Усе ведаюць мэтады беларускіх сьледчых органаў – людзей выкрадаюць, яны зьнікаюць і зьнікаюць назаўсёды”, - заявіў напярэдадні ў адным з інтэрвію спадар Качынскі.

Сёньня я запытаў у Леха Качынскага, як ён ставіцца да магчымасьці экстрадыцыі беларусаў, якія просяць прытулку ў Польшчы. І ў прыватнасьці да некалькіх вышэйапісаных справаў?

(Качынскі: ) “Рашэньне, якое напярэдадні прыняў Беластоцкі суд ёсьць абсалютна недапушчальным. Гэта яшчэ адзін доказ таго, наколькі вялікай памылкай было не ачышчэньне польскай судовай сыстэмы па 1989 годзе. Я супраць экстрадыцыі і трэба памятаць, што канчатковае рашэньне належыць да генэральнага пракурора. Спадзяюся, што цяперашні генэральны пракурор, спадарыня Барбара Піўнік, ня прыйме рашэньня аб экстрадыцыі”.

(Дзікавіцкі: ) “Скажыце, а чаму на вашую думку рашэньні судоў ва Ўроцлаве і Беластоку настолькі розныя?”

(Качынскі: ) “Гэта спэцыфіка Беластоку. Я трохі ведаю тамтэйшы асяродак юрыстаў, бо працаваў там у 70-х гадох у якасьці выкладчыка права. Гэты асяродак асабліва блізка быў зьвязаны з камуністамі, з партыяй. Былі там таксама і беларусы, па якіх я магу меркаваць, што ў беларускім асяродку ёсьць шмат асобаў, якія падтрымліваюць Лукашэнку”.

(Дзікавіцкі: ) “І апошняе пытаньне. Спадар Качынскі, як вы можаце ацаніць зьнешнюю палітыку цяперашняга польскага ўраду датычна Беларусі. Ці дастаткова выразна і адназначна яна сьведчыць пра стаўленьне Польшчы да таго, што адбываецца ў нашай краіне?”

(Качынскі: ) “На маю думку гэтая палітыка недастаткова адзназначная. Напэўна тут ёсьць некаторыя абмежаваньні, якія вынікаюць з таго, што ў Беларусі ёсьць значная польская меншасьць і натуральна, што польскі ўрад мусіць браць гэта пад увагу, як зрэшты, рабіў бы і любы іншы ўрад. Але так, па прыходзе да ўлады Саюзу левых дэмакратаў, поўнай адназначнасьці няма, а павінна быць, бо дыктатура ў Эўропе, дыктатура каля нашых межаў – гэта рэч недапушчальная і ня толькі дрэнная сама па сабе, але і небясьпечная для нас”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG