Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТВОРЧЫЯ ЛЁСЫ: БЕЛАРУСКІ МАСТАК У ПОЛЬШЧЫ ЛЯВОН ТАРАСЭВІЧ


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Лявон Тарасэвіч належыць да ліку найбольш вядомых і таленавітых мастакоў у беларускім замежжы. Ён нарадзіўся і жыве на Беласточчыне ў вёсцы Валілы, што месьціцца недалёка ад мястэчка Гарадок, вядомага цяпер штогадовым музычным фэстам “Басовішча”. Мастака цяпер вельмі цяжка застаць дома нават блізкім сябрам. Апрача ўдзелу ў розных выставах, як у Польшчы, так і па-за яе межамі, ён працуе прафэсарам Акадэміі мастацтваў у Варшаве.

(Карэспандэнтка: ) “Сп. Лявон, Вы напэўна адзіны зь беларусаў у Польшчы, хто дасягнуў такога высокага прафэсійнага прызнаньня, каб выкладаць у гэтай паважнай акадэміі?”

(Тарасэвіч: ) “На сёньня гэта так, але ў мінулым прафэсарам акадэміі быў Фэрдынанд Рушчыц. Наагул, я не адзіны, напрыклад, у Акадэміі мастацтваў Лодзі Мікола Давідзюк – прафэсарам жывапісу. У Любліне Янка Грыка працуе выкладчыкам, вядзе галерэю вельмі добрую”.

(Карэспандэнтка: ) “Пэўна шлях да вядомасьці ў мастацкім сьвеце патрабаваў нямала высілкаў, а можа нават самаахвяраваньня?”

(Тарасэвіч: ) “Калі ідзе пра мой уласны прыклад, то жыцьцё прыватнае сапраўды адыйшло на другі фон. Перш за ўсё ўзяў у рукі гэты шанец, які быў дадзены мне ў прафэсійнай дзейнасьці. Таксама вялікую ролю адыгралі людзі, якія на пачатку мне дапамагалі. Тут успомню Алу Орсу, якая мне дасылала на той час для мяне вялікія грошы – 18 даляраў у месяц, потым другія, як Георгі Кастакіс, які ўзяў маю работу ў 1984 годзе ў сваю калекцыю, потым – Габрыела Кардаца”.

(Карэспандэнтка: ) “Сп. Лявон, а ваша беларускасьць, яна ад пачатку прысутнічала ў вашым жыцьці і творчасьці?”

(Тарасэвіч: ) “Так, абсалютна. Я сабе гэтага нават не ўсьведамляў. Калі мы ў 80-я гады пачалі быць актыўнымі ў мастацкім сьвеце, тады я сам зьдзівіўся, што рэчы, якія рабілі мае сябры-палякі былі для мяне як бы чужыя. Я жыў у двух культурах. Напэўна, многа можна знайсьці беларускага ў маіх работах. На пачатку, калі я гэта пачынаў, то мяне перасьцерагалі ўсе, казалі: “Лёнік, ты сабе кар’еру змарнуеш, на што ты ўспамінаеш пра беларускасьць, пра свае гэтыя карані”. Праўда на сёньня ёсьць такая, што калі ўжо друкуюць тут у Польшчы нейкія энцыкляпедыі ці слоўнікі мастацкія, то яны самыя ўпісваюць, што я ёсьць беларусам”.

(Карэспандэнтка: ) “Якія мастацкія школы ці асобныя творцы найбольш уплывалі на Ваша станаўленьне як мастака?”

(Тарасэвіч: ) “Ёсьць вялікі ўплыў польскага калярызму і канструктывізму таму, што маімі прафэсарамі былі людзі, якія ў 1955 годзе пачыналі існаваць як мастакі ў Польшчы. Гэта былі людзі, якія прэзэнтавалі калярызм. Напэўна, ёсьць ўплыў таксама амэрыканскага і жывапісу”.

(Карэспандэнтка: ) “А калі гаварыць пра беларускі жывапіс, ці быў з гэтага боку нейкі ўплыў?”

(Тарасэвіч: ) “Я думаю, што на мяне напэўна ўплываў і заўсёды выклікаў унутраны водгук жывапіс у капліцы Сьвятой Тройцы ў Любліне, ў 30-я гады 19 стагодзьдзя намаляваны жывапісцамі зь Вільні. Манах Нектарый размаляваў царкву ў Супрасьлі. Царква, у якой я выхоўваўся – гэта Гарадоцкая царква, там маляваў Навасельскі. Таксама такія жывапісцы, як Фэрдынанд Рушчыц, Юльян Фалат”.

(Карэспандэнтка: ) “Сп. Лявон, у Беларусі з Вашай творчасьцю грамадзкасьць пазнаёмілася на пачатку 90-х, калі ў Менску ў Палацы мастацтваў адбылася Ваша асабістая выстава. З таго часу Вас ведаюць там, як майстра жывапісных палотнаў. У якім накірунку разьвіваецца сёньня Ваша творчасьць, што зьмянілася?”

(Тарасэвіч: ) “Я думаю, што вельмі многа зьмянілася. Апошнія свае рэчы я часта рабіў з так званай акрылявай штукатуры, як у Вэнэцыі, каб па ёй можна было хадзіць. Цяпер у Бэрліне я меў дзьве выставы ў галерэях, дзе з дошак і з гэтага акрылю збудаваная была такая вялікая скрыня 3 на 3 мэтры, куды можна было ўвайсьці. У другой галерэі рабіў падлогу так, што фарба як бы была паднесеная на ўзровень 70 сантымэтраў, залітая была цэлая галерэя. Астатнім часам працую з цэмэнтам, які для мяне спаўняе ролю фарбы”.

(Карэспандэнтка: ) “Гэты пераход да мадэрну аднак не зьмяніў Вашага ладу жыцьця. Па ранейшаму творчае натхненьне Вы шукаеце не ў вялікіх гарадах, дзе часта даводзіцца бываць, а ў родных Валілах. Што ёсьць Валілы для шаноўнага прафэсара і прызнанага мастака?”

(Тарасэвіч : ) “Гэта для мяне якаясь часьцінка, кусок Беларусі, у якім я проста магу жыць нармальна. Для мяне як бы межы адміністрацыйныя не маюць сэнсу, гэта ўжо ёсьць нейкае запозьненае паняцьце з 19 стагодзьдзя, а большае значэньне маюць межы культурныя.
Гэтыя Валілы ёсьць для мяне такой базаю і мейсцам, насякнутым мінуласьцю і цяперашняй культурай. З гэтага мейсца я магу выяжджаць, рабіць выставы, адсюль блізка да Варшавы. Яно дае мне такі камфорт, што, жывучы ў Валілах, хоць часам і не жыву там па некалькі месяцаў, я не маю хваробы эмігранта”.

(Карэспандэнтка: ) “Вядома, што Вы заўзяты аматар галубоў і маеце ў Валілах адмысловую галубятню. Гэта праўда?”

(Тарасэвіч: ) “Цяпер галубы ёсьць тут пад Варшавай, бо мала бываю дома, а яны вымагаюць большай апекі. З 70-х гадоў я ёсьць сябрам Зьвязу гадоўцаў галубоў, удзельнічаў у шматлікіх чэмпіянатах. У гэтай краіне на сёньняшні час я зьяўляюся прэзыдэнтам клюбу гадоўцаў аздобных курэй. Была вялікая выстава ў Варшаве, там мы паказвалі 320 курэй. Я ежджу ў Нямеччыну, Галяндыю і прыводжу гэтых птушак. Часам добра займацца курам, каб псыхічна вытрымаць нагрузкі і стрэс”.

(Карэспандэнтка: ) “Сп. Лявон, Вашая прысутнасьць на Беласточчыне не абмяжоўваецца толькі Валіламі. Вы дзейсна ўдзельнічаеце ў беларускім культурным жыцьці. З Вашай падтрымкай быў створаны вядомы беларускі вакальны гурт “Брага”, які меў посьпех на музычных фестывалях, цяпер Вы дапамагаеце новаму гурту, які стварыў Юрка Асеньнік…”

(Тарасэвіч: ) “Юрка зрабіў наймудрэйшую рэч, якую толькі можна было зрабіць, каб разьвіваць далей свае ідэі. З такім чалавекам з другога гурту, які таксама беларускага паходжаньня, і з двума палякамі стварыў гурт “085” і ён на сеньняшні дзень выйграў “Басовішча” ды ў іншых конкурсах, цяпер будзе рыхтаваць першую кружэлку. Для мяне гэта ёсьць самае надзейнае і цікавае”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы былі актыўным сябрам адзінай на той час беларускай палітычнай партыі ў замежжы – Беларускага дэмакратычнага аб’яднаньня у Польшчы. Таксама выдавалі газэту “Гарадоцкія навіны”, што Вы заклалі разам з Юркам Хмялеўскім. Яна сталася адметнай культурнаю зьявай. Як Вы ацэньваеце сёньня пэрспэктывы разьвіцья беларускага руху на Беласточчыне?”

(Тарасэвіч: ) “Перш за усё на Беласточчыне сёньня ёсьць такі момант зьмены пакаленьняў. Пакаленьне, якое рабіла беларускае адраджэньне ў 80-х гадах на Беласточчыне, яно на сёньня ўжо абрасло культуровасьцю, зрабілася вельмі кансэрватыўным і відаць, што няма новых ідэяў. З другога боку, няма яшчэ новага пакаленьня, яно прыйдзе праз пару гадоў і будзе ізноў актыўнае. Тое, што мяне найбольш засмучае, што мала робім, каб стварыць рух, каб стварыць сьвет, які мы хацелі, каб быў беларускі сьвет. Аказалася, што сёньня найчасьцей мы толькі спаўняем абавязкі беларусаў. Усё маладое, што толькі мае нейкую актыўнасьць, мае жаданьне чагосьці новага, перш за ўсё атакуюць, каб гэтага не было, а без гэтага няма прагрэсу”.

(Карэспандэнтка: ) “Вернемся да мастацтва. З Вашай сёньняшняй пазыцыі прафэсійнага мастака якой бачыцца Вам ягоная роля ў грамадзтве?”

(Тарасэвіч: ) “Мастацтва – гэта новыя думкі, якія зьмяняюць культурны стан, таму яны часта праз кансэрватараў так непрыхільна прыймаюцца, але калі няма гэтых новых дарогаў, няма новых пошукаў, тады культура не разьвіваецца. Мусіць быць нармальнае грамадзтва, якое нармальна разьвіваецца і ў якім ёсьць таксама мастацтва. Ніякія другія рэчы гэтага не заменяць. Дзякуючы таму, што мастацтва існуе, пераломвае схемы, другія галіны таксама могуць рабіць прагрэс у іншых дзялянках жыцьця – навуцы, тэхніцы. Але трэба памятаць, што мастацтва ідзе наперадзе, яно зьмяняе сьвет”.

(Карэспандэнтка: ) “Як мяркуеце, ці можа сёньня мастацтва ў Беларусі выканаць такую ролю?”

(Тарасэвіч: ) “Немагчыма, каб разьвівалася вольная думка, мастацтва ў такой дзяржаве, якой ёсьць сёньня Беларусь. Думаю, што тут будучыня пакажа. Гэтае разьвіцьцё падзеяў у Беларусі прывядзе да таго, што вырасьце новае пакаленьне, якое будзе хацець зьменаў і гэта перш за ўсё будуць мастакі.

Хочацца паехаць, пабачыць, што цяпер там робіцца, ці ёсьць маладыя. Цешыць мяне факт, што маладыя ўжо вучацца па-за межамі Беларусі, ведаю, што ёсьць прынамсі 4 студэнты ў акадэміі ў Дусэльдорфе, 2 студэнты – у Познані. Гэта ўсё дае пэрспэктыву, што людзі ездзяць і студыююць мастацтва, што яны не мусяць быць прывязаныя толькі да акадэміі менскай. Такія маладыя людзі могуць мець вельмі вялікі уплыў на беларускую сучасную думку”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці хацелі б паехаць ізноў у Беларусь з выставаю?”

(Тарасэвіч: ) “Не маю ахвоты расшарквацца і ехаць пад тое, каб зрабіць выставу. Я хацеў бы зрабіць выставу ў Беларусі, але каб яна была Беларусьсю, каб не была такой дзяржавай, дзе я буду нейкім элемэнтам маніпуляцыі палітыкаў”.

(Карэспандэнтка: ) “Сп. Лявон, а дзе плянуеце у бліжэйшы час паказваць свае творы?”

(Тарасэвіч: ) “Ёсьць праект, каб зрабіць адмысловую мастацкую форму ў Барсэлёне на галоўным пляцы, а другі – выстава ў варшаўскім Цэнтры мастацтваў у замку Ўяздоўскіх. На сёньняшні дзень – дзьве выставы. Цяпер былі выставы адна за другой, так што крышку трэба адпачыць”.

Названая выстава ў Барсэлёне арганізаваная з польскага боку, і Лявон Тарасэвіч будзе прадстаўляць у Гішпаніі сучаснае польскае мастацтва. Улетку мінулага году ён быў адзіным мастаком, хто прэзэнтаваў мастацтва Польшчы ў Вэнэцыі, дзе атрымаў узнагароду за арыгінальнае мастацкі твор на падлозе.

Лявон Тарасэвіч мае ў Польшчы ўзнагароды імя Яна Цыбіса, ад Фундацыі Навасельскіх, быў ушанаваны ў 2000 годзе вядомым часопісам “Палітыка”. Ён мае на сваім творчым рахунку некалькі дзясяткаў выставаў, супольных і асабістых. Ягоныя творы знаходзяцца ў калекцыях музеяў Швэцыі, Карэі, ЗША, Грэцыі. Адзін зь вядомых сучасных мастакоў Польшчы, Лявон Тарасэвіч у душы застаецца беларусам.

(Тарасэвіч: ) “Я ведаю, што ў сабе лучу гэтыя два сьветы – у сьвеце беларускім пакуль што няма грамады, якая б займалася мастацтвам, а ў сьвеце польскім таксама няма грамады, якая жыла б беларускай культурай. Таму для мяне як бы ёсьць ужо натуральным, што я мушу гэтыя два сьветы лучыць і ствараць гэты мост паміж Валіламі і Варшавай”.
XS
SM
MD
LG