Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАБЛЕМА ХАРЧАВАНЬНЯ БЕЛАРУСКІХ АЛІМПІЙЦАЎ ЗРАБІЛАСЯ МІЖНАРОДНЫМ СКАНДАЛАМ


Валер Каліноўскі, Менск

Аляксандар Лукашэнка вельмі нэгатыўна ацаніў сытуацыю з харчаваньнем беларускіх алімпійцаў. Выступаючы перад урадам, ён назваў гэта “пляўком у душу”. Спадар Лукашэнка загадаў віцэ-прэм’еру Ўладзімеру Дражыну асабіста разабрацца ў сытуацыі й паведаміць яму пра вынікі да канца дня.

Пасьля гэтага скандальная інфармацыя набыла міжнароднае гучаньне. Як паведаміў вядомы спартовы канал “Эўраспорт”, “Беларусь абвінаваціла арганізатараў алімпійскіх гульняў у падрыве шанцаў беларускай біатлённай каманды праз замену адмысловага дыетычнага харчаваньня на фаст-фуд”. Гэтую ж інфармацыю паведаміў і тэлеканал CNN.

Сытуацыя з харчаваньнем урэшце ўрэгуляваная, — паведамілі ў Міністэрстве спорту Беларусі. Знайшлі дадатковыя грошы на арганізацыю паўнавартаснага харчаваньня. Дарэчы, у такой жа сытуацыі апынуліся і біатляністы іншых краінаў, але гучна выказаліся пра гэта толькі беларусы.

На думку супрацоўніка Мінспорту Беларусі Валянціна Марозава, выказваньні Рыжанкова так балюча былі ўспрынятыя, бо ён сьцяганосец і капітан беларускай каманды.

Што да афіцыйнага беларускага пратэсту да арганізатараў з нагоды дрэннай арганізацыі харчаваньня біатляністаў, то Валянцін Марозаў зазначае, што ягонае ведамства такіх пратэстаў не рабіла. Спадар Марозаў лічыць, што як пратэст маглі быць успрынятыя выказваньні Аляксандра Лукашэнкі. МЗС Беларусі таксама не накіроўваў ніякіх пратэстаў з гэтай нагоды, — паведаміў прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка.

(Латушка: ) “Сёньня адбылося надзвычайнае паседжаньне Аргкамітэту алімпійскіх гульняў. Аргкамітэт прынёс прабачэньне 32 краінам, у тым ліку і Беларусі, лыжнікі і біатляністы якіх знаходзіліся ў 60 кілямэтрах ад гораду, у сувязі з чым па віне арганізатараў узьніклі праблемы з забесьпячэньнем харчаваньня лыжнікаў і біатляністаў. Мы атрымалі гэтую інфармацыю ад дэлегацыі Беларусі на Алімпійскіх гульнях”.

Гэты скандал з харчаваньнем біатляністаў ня варта было разгортваць, — мяркуе спартовы аглядальнік Руслан Бацянкоў.

(Бацянкоў: ) “Я ня думаю, што гэта палітычная праблема. Я лічу, што гэта неахайнасьць нашых спартовых чыноўнікаў. Неаднаразова яны выяжджалі на месца правядзення гэтай Алімпіяды, вырашалі пытаньні. Кожны раз вярталіся і дакладвалі начальству і журналістам, як яны ўсё добра падрыхтавалі. Але чагосьці не даглядзелі, магчыма гэтае мэню, аб якім ішлі гэтыя спрэчкі, не было раздрукаванае, каб мець нейкі дакумэнт”.

Тым часам 13 лютага біатляністы (жанчыны й мужчыны) зноў выйдуць на трасу — на спрынтэрскую гонку. Відаць, гэтым разам на лыжню выйдуць і былыя расейскія біатляністкі Алена Хрусталёва і Яўгенія Куцапанава, што выступаюць цяпер за беларускую каманду. Яны былі адхіленыя ад папярэдняй гонкі з прычыны пратэсту Расейскай фэдэрацыі біатлёну. Цяпер гэтая сытуацыя нібыта ўрэгуляваная.

Беларуская каманда пакуль ня мае мэдалёў. Адносна высокія месцы займаюць “выпісаныя” з Расеі спартоўцы — лыжніца Сьвятлана Нагейкіна стала 16-й у гонцы на 10 кілямэтраў клясычным стылем, Раман Віралайнен фінішаваў 13-м у лыжнай гонцы на 15 кілямэтраў, фігурыст Сяргей Давыдаў заняў 15 месца ў кароткай праграме. Аднак у цэлым былыя расейскія спартоўцы, якіх адмыслова запрасілі ў беларускую каманду напярэдадні Алімпіяды, спадзяваньняў на мэдалі пакуль не апраўдваюць.
XS
SM
MD
LG