Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА ЗАЯВІЎ, ШТО НЯ ПОЙДЗЕ НА САСТУПКІ Ў ДАЧЫНЕНЬНЯХ З АБСЭ


Міхал Стэльмак, Менск

Лідэры беларускай апазыцыі лічаць учорашнія выказваньні Аляксандра Лукашэнкі адлюстраваньнем ягонай палітыкі, якую ён будзе праводзіць блізкім часам у дачыненьнях з Захадам.

Вось што зазначыў на гэты конт намесьнік старшыні Беларускага Народнага Фронту Юры Хадыка:

(Хадыка: ) “Улічваючы, што Эўропа пад ціскам нямецкіх дыпляматаў памякчэла ў сваім стаўленьні да Беларусі, Лукашэнка будзе дамагацца (як ён прымушае сваіх памагатых) прыпаўзьці да яго на каленях і прасіць яго прыняць тую самую дэпутатку, якая на парадак разумнейшая і адукаванейшая за яго.

Я спадзяюся толькі, што да прадстаўнікоў міжнароднай супольнасьці сродкі масавай інфармацыі данясуць сапраўдны сэнс гэтых выказваньняў, і яны будуць больш асьцярожнымі ў сваіх спадзяваньнях на пакрокавую стратэгію, калі намякаюць увесь час на зьмякчэньне ацэнак, разьвіцьцё ўзаемадзеяньня з гэтым дыктатарскім рэжымам”, — мяркуе Юры Хадыка.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, камэнтуючы нашаму радыё ўчорашні выступ Лукашэнкі, назваў яго праграмным у пытаньні ўнутранай палітыкі, паводле якой цяперашні кіраўнік Беларусі зьбіраецца і надалей ігнараваць дэмакратычныя прынцыпы, на якіх настойвае АБСЭ ды іншыя міжнародныя арганізацыі:

(Лябедзька: ) “Я думаю, што ў ім шмат лёгікі — лёгікі з гледзішча таго, што рабіў і робіць Аляксандар Лукашэнка. Натуральна, калі пакінуць за дужкамі абсалютна некарэктныя выказваньні яго ў дачыненьні да прадстаўнікоў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, то можна адзначыць, што, на мой погляд, Лукашэнка яшчэ раз прадэманстраваў, што ён не зьбіраецца выконваць чатыры ўмовы, пра якія гаварылі й гавораць міжнародныя арганізацыі.

Яго вэрсія, што пашырэньне паўнамоцтваў парлямэнту прывядзе да разбурэньня існай сыстэмы — гэта проста абсурдная заява, якая сьведчыць, што Лукашэнка зьбіраецца будаваць у Беларусі “вэртыкаль” і такую сыстэму алігархічнага кіраваньня, дзе, магчыма, пасада прэзыдэнта павінна перадавацца ад бацькі да сына”, — мяркуе Анатоль Лябедзька, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG