Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КІРАЎНІКІ ВЫКАНКАМАЎ ПЕРАСЕЛІ НА “МЭРСЭДЭСЫ”


Казімер Яноўскі, Гомель

Гомельшчына атрымала ўжо 23 чорныя аўтамашыны маркі “Мэрсэдэс Бэнц” нямецкай вытворчасьці. “Мэрсэдэсы” пэрсанальна разьмеркавалі для старшыняў раённых і гарадзкіх выканаўчых камітэтаў. Асабістыя кіроўцы вэртыкальшчыкаў спэцыяльна былі камандзіраваныя ў Менск, каб прыгнаць адтуль новыя іншамаркі ў свае раёны.

Гомельскі райвыканкам, напрыклад, ужо нават пасьпеў зарэгістраваць чорны “Мэрсэдэс” старшыні Маёрава ў дзяржаўтаінспэкцыі. А вось ў Буда-Кашалёве дакумэнты на ўлік толькі рыхтуюць. Кіраўніца справаў райвыканкаму Зінаіда Мінава вельмі трывожыцца, каб памыты пасьля дарогі й пастаўлены ў гараж “Мэрсэдэс”старшыні Корсака ня скралі злодзеі.

Раённыя і гарадзкія кіраўнікі сьцьвярджаюць, што не давалі сваіх бюджэтных грошай на набыцьцё іншамарак. “Мэрсэдэсы” купленыя паводле адмысловага ўказу Аляксандра Лукашэнкі. Прычым Гомельшчына яшчэ не атрымала чатыры належных ёй іншамаркі. З улікам наяўных, іх будзе ў рэгіёне 27.

На “Мэрседэсы” па часе перасядуць раённыя ды гарадзкія вэртыкальшчыкі ўсёй краіны. Наколькі вядома, паводле распараджэньня кіраўніка дзяржавы агулам будзе набыта ажно 170 “Мэрсэдэсаў”.

Людзі мяркуюць, што купленыя “Мэрсэдэсы” — гэта своеасаблівая падзяка Аляксандра Лукашэнкі вэртыкальным кіраўнікам за падтрымку на прэзыдэнцкіх выбарах.

У менскім рэгіянальным прадстаўніцтве ў справе гандлю аўтамабілямі маркі “Мэрсэдэс Бэнц, С 180”, якімі зараз надзеленыя райгарвыканкамы, я пацікавіўся цаной. У аддзеле продажу назвалі дакладную суму — 22 800 эўра, альбо амаль 20 000 даляраў.

Каб купіць такі “Мэрсэдэс”, гомельскі пэнсіянэр зь сярэдняй пэнсіяй 75 тысяч рублёў, павінен зьбіраць грошы прынамсі 37 гадоў. І гэта, калі ўсе 37 гадоў ён ня будзе ні піць, ні есьці, ні купляць адзеньне.

Усяго ж на набыцьцё “Мэрсэдэсаў” толькі для гомельскіх вэртыкальшчыкаў выдаткавана звыш 500 тысяч даляраў. Гэта складае прыкладна трэцюю частку цяперашняга доўгу па заробку ўсім працаўнікам сельскай гаспадаркі рэгіёну.
XS
SM
MD
LG