Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КАМПУТАРЫ ЗАСТАЮЦЦА КАНФІСКАВАНЫМІ


Браніслава Станкевіч, Ворша

Судовы працэс над Віктарам Андрэевым распачаўся яшчэ 9-га студзеня, пасьля таго, як рэдактару “Куцейны” ўдалося аспрэчыць першы вырак пра канфіскацыю рэдакцыйных кампутараў, вынесены судзьдзёй Аленай Дзямешчанкай.

Пракуратура Віцебскай вобласьці мусіла прызнаць, што судзьдзя дапусьціла шэраг парушэньняў, і перагляд справы быў давераны судзьдзі Анжаліцы Казловай, якая на працягу апошняга месяца ўжо тройчы пераносіла судовыя паседжаньні. Апошняе адбылося ўчора, 12-га лютага, а сёньня рэдактар “Куцейны” Віктар Андрэеў нарэшце даведаўся пра вынікі судовага разьбіральніцтва.

Прысуд Анжалікі Казловай, як зазначыў сам спадар Андрэеў, неадназначны. З аднаго боку, судзьдзя вырашыла, што фінансавая міліцыя мусіць вярнуць рэдактару недзяржаўнай газэты “Куцейна” адабраны перад прэзыдэнцкімі выбарамі рызограф. З другога боку, усе чатыры адабраныя кампутары зь сёньняшняга дня канчаткова лічацца канфіскаванымі, а на самога Віктара Андрэева накладзены штраф 20 мінімальных заробкаў.

Дарэчы, такі самы штраф спадар Андрэеў мусіў сплаціць і паводле першага, кастрычніцкага прысуду, абскарджанага ў абласной пракуратуры. Толькі на той час 20 мінімальных заробкаў складалі 150 тысяч беларускіх рублёў, а зараз гэта ўжо 200 тысяч.

Што тычыцца судовага рашэньня пра канфіскацыю кампутараў, то рэдактар “Куцейны” па-ранейшаму лічыць яе беспадстаўнай. Судзьдзя Анжаліка Казлова абгрунтавала свой вырак выключна тым, што ў адным з чатырох кампутараў быў захаваны макет аршанскага бюлетэня “Ўсход Бацькаўшчыны” з пазначаным накладам 299 асобнікаў, тады як ў жніўні разам з рызографам былі канфіскаваныя 368 асобнікаў гэтага бюлетэня.

Рэдактар “Усходу Бацькаўшчыны” Юры Санько, выкліканы на суд у якасьці сьведкі, патлумачыў, што гэта былі асобнікі с дэфэктамі друку, не прызначаныя дзеля распаўсюду. Але судзьдзя не пагадзілася з гэтым тлумачэньнем і прызнала спадара Андрэева вінаватым паводле 154-га артыкулу Адміністрацыйнага кодэксу, дзе ў якасьці штрафной санкцыі прадугледжаная канфіскацыя прыладаў, з дапамогай якіх выпускаўся падвышаны наклад.

Віктар Андрэеў заявіў, што ня згодны з рашэньнем судзьдзі хаця б з тае прычыны, што канфіскацыі падлягаюць цяпер усе чатыры кампутары, а ня толькі той адзіны, у якім быў знойдзены макет “Усходу Бацькаўшчыны”.

Таму сп. Андрэеў плянуе аспрэчыць судовае рашэньне, падаўшы заявы ў гарадзкую пракуратуру, абласны суд ды Ўпраўленьне юстыцыі. Юрыдычную дапамогу ў гэтай справе яму гатовыя аказаць юрыст аршанскага Свабоднага прафсаюзу Алег Граблеўскі ды юрыст БАЖу Андрэй Бастунец, якія былі прадстаўнікамі Віктара Андрэева падчас апошняга судовага працэсу.
XS
SM
MD
LG