Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПОЛЬСКІ МІНІСТАР НАГАДВАЕ ПРА ВІЗАВЫ РЭЖЫМ


Аляксей Дзікавіцкі, Беласток

Учора ў часе прэсавай канфэрэнцыі ў Беластоку, кіраўнік польскага міністэрства замежных справаў паведаміў, што ягоная краіна падрыхтоўвае адмысловую інфармацыйную акцыю, якая мае на мэце пераканаць грамадзянаў краінаў, якія знаходзяцца за ўсходняй мяжой Польшчы, ужо цяпер падумаць пра афармленьне доўгатэрміновых ўяздных візаў.

Спадар Цімашэвіч сказаў таксама, што Польшча будзе рабіць усё магчымае, каб увесьці візы для беларусаў, украінцаў і расейцаў як мага пазьней.

Але, як вядома, Брусэль настойвае, каб візавы рэжым быў уведзены Варшавай найпазьней у чэрвені 2003 году – за 6 месяцаў да ўваходу Польшчы ў Эўразьвяз. Днямі польскі ўрад павінен зацьвердзіць і перадаць у Брусэль дэталёвы плян захадаў у гэтай справе.

(Цімашэвіч: ) “Мы арыентуемся на тое, каб асноўным тыпам візы была шматкротная віза, якая дазволіць тым асобам, якія часта перасякаюць мяжу, займацца афармленьнем візы раз на некалькі гадоў. Цяпер людзі больш ахвотна купляюць ваўчары, але ў часе інфармацыйнай акцыі мы хочам пераканаць іх, што ў будучым доўгатэрміновыя візы будуць выгаднейшыя“.

Міністар таксама адзначыў, што з часам каля польскіх консульстваў могуць быць вялікія чэргі. У 2000 годзе Польшчу наведала каля 6 мільёнаў беларусаў, большасьць зь якіх гэтак званыя “сьпіртавозы”, а таксама гандляры зь беларускіх кірмашоў, якія прыяжджалі па тавар.

Як паведамілі Радыё Свабода ў польскім консульстве ў Менску, пакуль максымальны тэрмін польскай турыстычнай візы складе тры месяцы. Цягам гэтых трох месяцаў Польшчу можна наведваць колькі заўгодна, аднак агульны час знаходжаньня ў краіне ня мусіць перавышаць 30-ці дзён. Такая турыстычная віза каштуе 14 амэрыканскіх даляраў і афармляецца цягам двух-трох дзён. Калі будуць уведзеныя візы на больш працяглы тэрмін і колькі яны будуць каштаваць пакуль невядома.
XS
SM
MD
LG