Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФЭРМЭРСКУЮ ЎЛАСНАСЬЦЬ СПРАБУЮЦЬ НАЦЫЯНАЛІЗАВАЦЬ


Ігар Карней, Менск

Канстанцін Вярцейка зь Бярозаўскага раёну — зь ліку піянэраў фэрмэрскага руху на Беларусі. Ужо на пачатку 1990-х за плячыма гаспадарніка быў Гарадзенскі сельгасінстытут, асьпірантура БелНДІ жывёлагадоўлі, праца на досьледных сельгасстанцыях і, нарэшце, адмысловыя фэрмэрскія курсы з наступнай практыкай у Польшчы.

Здавалася, справа пойдзе шпарка, хоць стаўленьне да новых сялянаў па-ранейшаму было насьцярожанае. У якасьці экспэрымэнтальных плошчаў Вярцейка атрымаў тры гектары асушанага балота. Але ўжо праз колькі гадоў стала зразумела, што дзяржава ў сваіх прыярытэтных кірунках зноў пераарыентавалася на калгасы. Гаворыць Канстанцін Вярцейка:

(Вярцейка: ) “Нашыя зямельныя заканадаўцы, ды й сам Лукашэнка, ненавідзяць фэрмэраў. На словах быццам спачуваюць... Калі быў Шушкевіч, дык ён сапраўды намі цікавіўся. Лукашэнку засёды запрашаюць, а яму ўсё няма часу прыйсьці, паглядзець, як фэрмэры працуюць. Мы кінутыя на самавыжываньне; як кажуць, жывыя — дый годзе.

Калі ў Нямеччыне фэрмэрам даюць беспрацэнтны крэдыт для станаўленьня, аддаюць на разьвіцьцё будынкі за мізэрную плату, дзяржава зацікаўленая ў разьвіцьці руху, дык там фэрмэрства і пастаўленае як мае быць”.

Паводле спадара Вярцейкі, зараз улады імкнуцца забраць нават тое, што некалі было набытае ва ўласнасьць з дазволу самой дзяржавы. На самым пачатку свайго кіраваньня Аляксандар Лукашэнка выдаў дэкрэт, паводле якога фэрмэры маглі браць у арэнду пустыя будынкі і потым выкупляць іх.

Старую будыніну райспажыўсаюзу мясцовая вэртыкаль аддала з радасьцю, бо ўсё роўна ніхто ня ведаў, дзеля якіх мэтаў яе прыстасаваць. Зараз інтарэс да ўласнасьці ня толькі вярнуўся, але ў Бярозаўскім райвыканкаме наогул паднялі пытаньне ліквідацыі фэрмэрскай гаспадаркі Вярцейкі — кажуць, што яна, маўляў, не патрэбная.

(Вярцейка: ) “Гэты будынак быў сьпісаны. Але каб паказаць, што ён мае нейкую вартасьць, што не за так усё раздаецца, райвыканкам узяў зь мяне 138 мільёнаў рублёў (на тыя грошы). Сума немалая. Таму ўсё выкуплена, афіцыйна аформлена. Але што з гэтага? Яны далі 11 сотак на правох арэнды на 30 гадоў. Дык што гэта? Гэта парушэньне ўсіх законаў. У сельскай мясцовасьці паводле заканадаўства даюць гектар, працуй, калі ласка. Але гэткая самадзейнасьць ня толькі ў нашым раёне. Яно ўсюды так пастаўлена, бо вэртыкаль кантралюе Лукашэнка”.

У найлепшыя часы колькасьць людзей, якія рызыкнулі гаспадарыць самастойна, даходзіла да пяці тысяч. Зараз энтузіястаў ня болей за дзьве тысячы, ды й тое на гучнае слова “фэрмэр” адгукаюцца толькі адзінкі. Некаторыя, з кім давялося сустракацца цягам апошніх гадоў, характарызуюць працу ня йначай як “катаржная”.

Сапраўды, нічога агульнага ні зьнешне, ні па сутнасьці фэрмэрства ў Беларусі ня мае ні з агульнаэўрапейскім, ні тым болей з амэрыкансім досьведам. Спадар Вярцейка, нягледзячы на багаж ведаў ды стос дыплёмаў, завітаў да нас ў традыцыйных кірзавых ботах, пацёртай шапцы ды ў такім жа старым паліто. Прыбірацца няма ні часу, ні вольных сродкаў. І нейкіх радыкальных зьменаў да лепшага нават не плянуецца.

(Вярцейка: ) “Упаў аўтарытэт фэрмэра. А чаму? Прычына якая? Хто так зрабіў? Зрабіў гэта Лукашэнка. Каб фэрмэр не падняўся, а ляснуўся. Колькі чалавеку, які хоча стаць фэрмэрам, трэба прайсьці перашкодаў? Цяпер цяжка нават і падумаць, каб стаць фэрмэрам. Кошты на трактар, на ГСМ, насеньне, угнаеньне. Раней давалі трохпрацэнтавы крэдыт: Чыгір мне даваў гэты крэдыт. І тады было можна нешта рабіць. Цяпер гэтыя працэнты невядома якія! То няма рэсурсаў, то грошай. Нічога няма!”

Трэці дзень запар фэрмэр зь Берасьцейшчыны абівае парогі сталічных дзяржаўных установаў у спадзяваньні, што там паспрыяюць захаваньню ягонай уласнасьці. Пакуль ад нейкіх гарантыяў чыноўнікі ўстрымліваюцца. Але спадар Вярцейка кажа, што ў міністэрскіх калідорах усё болей сустракае такіх жа гаротных хадакоў, як і сам. А значыцца, армія пакрыўджаных расьце.
XS
SM
MD
LG