Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА І НАВІЦКІ ПРЫЗНАЛІ ЭКАНАМІЧНЫ ПРАВАЛ У 2001 ГОДЗЕ


Валер Каліноўскі, Менск

Што да інфляцыі, то паводле афіцыйных зьвестак летась яна так і не дасягнула абяцанага А. Лукашэнкам 2% узроўню. Сярэднямесячная інфляцыя склала 3,2%. Да таго ж відавочна штучнае заніжэньне гэтага паказчыка летась, бо ўжо сёлета ў студзені інфляцыя раптам падвоілася і склала 6%.

Урад патлумачыў Лукашэнку гэты рост зьяўленнем "інфляцыйнага казырка" зь мінулага году, які трэба зьняць. За што той і паабяцаў сябрам ураду зьняць "ня толькі казырок, але і нешта іншае".

Летась выканаўчая ўлада так і ня здолела выканаць перадвыбарчыя абяцаньні Аляксандра Лукашэнкі павялічыць вытворчасьць сельгаспрадукцыі і экспарт. Ня выкананыя і паказчыкі росту інвэстыцыяў у асноўны капітал. Запазычанасьць па выплаце заробку, як прызнаў сам Лукашэнка, стала хранічнай, цяпер яна ў цэлым па краіне складае 19 мільярдаў рублёў.

Як зазначыў прэм'ер-міністар Генадзь Навіцкі, летась рост валавога ўнутранага прадукту склаў 4,1%. Але паводле інфармацыі з ураду вырасьлі і запасы гатовай прадукцыі на складах – фактычна ўвесь прырост прамысловай вытворчасці (5,4%) заставаўся нерэаліаваным.

Вырасла стратнасьць прадпрыемстваў, асабліва ў сельскай гаспадарцы. Леташні бюджэт быў выкананы паводле даходаў толькі на 94% – прызнаў А. Лукашэнка. Вядомы эканаміст Яраслаў Раманчук так ацаніў прычыны леташніх эканамічных правалаў:

(Раманчук: ) “Скончыўся рэсурс гэтай сыстэмы, якая працавала на працягу апошніх сямі гадоў. Інфляцыя павялічылася, бо ня здолелі кантраляваць грашовую масу. Экспарт не павялічыўся, бо рэсурс прадпрыемстваў зьнішчаны, вычарпаны, і яны ня могуць далей працаваць без інвэстыцыяў. Інвэстыцыяў няма, бо Беларусь займае 149 месца ў сьвеце паводле індэксу эканамічнай свабоды”.

Па-старому працаваць ужо нельга, а па-новаму ўрад і сам А. Лукашэнка ня ўмеюць і не жадаюць, – мяркуе Яраслаў Раманчук. Ён думае, што як вынік гэтай палітыкі трэба чакаць павелічэньня беспрацоўя ды іншых нэгатыўных з'яваў у сацыяльнай сфэры, далейшае ператварэньне Беларусі ў бедную, неадукаваную, крызысную краіну:

(Раманчук: ) “Гэта ўвесь той набор, які нельга сьпісаць толькі на тыя рэчы, якія рабіліся ў кантэксьце перадвыбарчай кампаніі. Я б усё гэта сьпісаў на першую і другую “пяцігодку” Лукашэнкі, які ня здолеў пераламіць у сабе дырэктара саўгасу і ня здолеў зрабіць зь Беларусі прынамсі ўсходнеэўрапейскую краіну”.

Для паляпшэньня эканамічнай сытуацыі прэм'ер Генадзь Навіцкі заклікаў скараціць ільготы для фізычных і юрыдычных асобаў ды паскорыць акцыянаваньне беларускіх прадпрыемстваў. Аднак Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што "прыватызацыя будзе праходзіць выключна па-беларуску" ды выказаў пагрозу інвэстарам з расейскага бровару "Балтыка", што іх тут ня будзе, як і іншых расейскіх фірмаў, калі яны будуць ціснуць на яго праз СМІ.

Сярод вінаватых у дрэнных эканамічных паказчыках апынуўся і былы прэм'ер Ўладзімер Ярмошын. Лукашэнка абвінаваціў яго ў перавышэньні паўнамоцтваў пры прыняцьці пэўных рашэньняў – маўляў, ён падмяняў сабой калегіяльны орган – урад. Апрача таго, Ярмошын быў абвінавачаны і ў няправільнай прыватызацыі аптэкаў. Гэта прагучала як пэўная пагроза ў адрас былога прэм'ера.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG