Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СУД АДМОВІУСЯ ЗАДАВОЛІЦЬ ПАЗОЎ СВАБОДНАГА ПРАФСАЮЗУ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Як ужо паведамляла Радыё Свабода, судовае паседжаньне пачалося на мінулым тыдні. Нагадаю, што з 11 суполак Свабоднага прафсаюзу, якія дзеюць на тэрыторыі Магілёва, у органах выканаўчай улады зарэгістраваная толькі адна — на заводзе “Зэніт”.

Ініцыятары пазову праз суд меркавалі зарэгістраваць тры першасныя арганізацыі Свабоднага прафсаюзу — рабочых аўтазаводу, адкрытага акцыянэрнага таварыства “Экран” і індывідуальных прадпрымальнікаў. Прадстаўнікі адміністрацыі адмовіліся зарэгістраваць арганізацыі на той падставе, што іхныя кіраўнікі нібыта парушаюць грамадзкі парадак, праводзяць несанкцыянаваныя акцыі й распаўсюджваюць незарэгістраваныя газэты.

Прадстаўнікі адказчыкаў на судовыя паседжаньні так і не зьявіліся. Суд зацягнуўся, бо судзьдзя запатрабавала, каб ёй далі сьпісы 500 чальцоў гэтых арганізацый, Статут прафсаюзу, заяўку на рэгістрацыю ды іншыя дакумэнты. Лідэрам магілёўскай абласной арганізацыі Свабоднага прафсаюзу спатрэбіўся час, каб даць суду ўсе паперы. Прыйшлося зьвяртацца і ў Менск — да кіраўнікоў Свабоднага прафсаюзу.

Аднак, нягледзячы на тое, што ўсе патрабаваньні судзьдзі былі выкананыя, вырак суду быў не на карысьць ініцыятараў пазову. Судзьдзя адмовіла ў іхнай просьбе на той падставе, што кіраўнікі першасных прафсаюзных арганізацый не змаглі падаць юрыдычныя адрасы.

Лідэр першаснай арганізацыі індывідуальных прадпрымальнікау Сяргей Фамін сьцьвярджае, што гэтая заява не адпавядае рэчаіснасьці, бо ён даў сваё жыльлё пад офіс. Такія ж дакумэнты падалі іншыя кіраўнікі прафсаюзных суполак.
XS
SM
MD
LG