Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО ДУМАЮЦЬ МЕНЧУКІ ПРА СУД НАД МІЛОШАВІЧАМ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Усім выпадковым суразмоўцам я задаваў адно пытаньне “Як вы ставіцеся да таго, што Гаагскі Міжнародны трыбунал распачаў працэс супраць Слабадана Мілошавіча?” Вось якія аргумэнты прыводзілі тыя, хто лічыць, што Мілошавіча ды іншых аўтарытарных кіраўнікоў дзяржаваў трэба судзіць:

(Спадар: ) “Я думаю так — калі чалавек заслужыў, то прэзыдэнт ён ці не, а мусіць адказваць за свае дзеяньні. Любы прэзыдэнт, я думаю. Абяцаў — выканай. Не зрабіў — атрымай па заслугах. Ці грамадзянін, ці прэзыдэнт, мне аднолькава”.

(Іншы спадар: ) “Вельмі добра, бо, вядома, ён там вайну разьвязаў. Трэба судзіць. З нашымі таксама трэба... глядзець, разьбірацца. Вельмі шмат да іх пытаньняў, крымінальных”.

(Дзяўчына: ) “Выбачайце, калі ласка, але я ня ведаю, што тама і як”.

(Карэспандэнт: ) “Ня ведаеце, добра гэта ці дрэнна? Можа ёсьць за што яго прыцягваць да адказнасьці, а можа няма?”

(Дзяўчына: ) “Калі прыцягнулі да адказнасьці, значыць ёсьць за што”.

(Іншая дзяўчына: ) “Я думаю, што можна, бо кожны чалавек мусіць адказваць за свае ўчынкі”.

(Маладая жанчына: ) “Кожны мусіць адказваць за тое, што ўчыніў, тым больш супраць народу”.

(Сталы спадар: ) “Калі вінаваты — няхай адкажа за свае ўчынкі, а калі не — то суд разьбярэцца. Гэта закон”.

(Іншы спадар сярэдняга веку: ) “Да гэтага факту стаўлюся станоўча. Бо дэмакратыя павінна быць. Працэс міжнародны, гэта ж не Югаславія яго судзіць, а ўся эўрапейская супольнасьць”.

(Дзяўчына: ) “Кожнаму па заслугах...”

(Спадар: ) “Беспакаранасьць прэзыдэнтаў ды іншых узьдзейнічае на людзей вельмі дрэнна. Яны мусяць адчуваць, што перад некім яны за свае дзеяньні адкажуць”.

Гэтак казалі людзі, якія лічаць, што Слабадан Мілошавіч мусіць атрымаць пакараньне па заслугах.

А вось меркаваньні праціўнікаў прыцягненьня экс-прэзыдэнта Югаславіі да крымінальнай адказнасьці:

(Жанчына: ) “Да суду над Мілошавічам стаўлюся адмоўна”.

(Карэспандэнт: ) “А можна судзіць кіраўнікоў дзяржаваў ці не?”

(Жанчына: ) “Я думаю, што можна, але да гэтага працэсу стаўлюся адмоўна”.

(Хлопец: ) “Я з гэтым ня згодны. Нельга іх за гэта вінаваціць. Яны хацелі зрабіць лепей для народу, а зрабілі, як атрымалася”.

(Спадар: ) “Я лічу, што гэта справа самой Югаславіі. Мы мо’ нешта можам і як славяне павінны нават такога прэзыдэнта падтрымаць. Ну югаславы ж — гэта ня немцы й не французы, таму, я лічу, што пасьпяшаліся. У дзяржаве, калі нехта кіруе... І ў нас было падобнае, і ў Сталіна, і ў Леніна. Я лічу, што гэта надта крута ў адносінах да такога прэзыдэнта”.

(Іншы спадар: ) “Я мяркую, несправядліва ўсю віну ўскладаць на прэзыдэнта Югаславіі”.

Толькі адзін мой суразмоўца сказаў, што працэс у Гаазе яму абыякавы і беларусы, на ягоную думку, павінны цікавіцца зусім іншымі праблемамі.

(Хлопец: ) “Наконт таго, хвалюе гэта мяне ці не — то не хвалюе. Мяне больш непакоіць, што ў нас тут робіцца, ці ў бліжэйшых суседзяў. Гэта павінна хваляваць нас, беларусаў, — а ня тое, што робіцца недзе ў Югаславіі”.
XS
SM
MD
LG