Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІТ ПРА ЛЯХА


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Удзельнічае гісторык культуры Вацлаў Арэшка

(Ракіцкі: ) “Палякі і беларусы. Стасункі гэтых народаў у мінулым тысячагодзьдзі вагаліся ад варожасьці да братэрства, ад амаль агульнай самаідэнтыфікацыі да ўзаемнай пагарды.

Але ад блізкасьці, ад супольнай гісторыі, часам супольнай культуры ні нам, ні палякам нікуды не схавацца. Нам наканавана жыць з Польшчаю пры адным баку (як і з Расеяй пры іншым) і нават калі ўпарта рабіць выгляд, што гэта ня так — рэчаіснасьць усё роўна верне нас да сябе.

Дык як жа ставіліся ў старасьвецкай Беларусі да Польшчы й палякаў, ці “ляхаў”, як іх часам называлі, укладаючы ў гэтае слова ня вельмі прыязны сэнс?”

(Арэшка: ) “Вызначаючы нашае стаўленьне да палякаў, трэба пачаць з нашага ўласнага самавызначэньня. Адчуць розьніцу між сабою і іншым магчыма толькі тады, калі ведаеш, хто ты ёсьць сам. Нават сёньня адказ на гэтае пытаньне для шмат каго з жыхароў Беларусі не зусім адназначны”.

(Ракіцкі: ) “Асноўная сфэра нашай зацікаўленасьці — гэта “залатая эпоха”: XVII–XVIII стагодзьдзі, беларуская шляхта... А, як вядома, большасьць народу шляхецкага ідэнтыфікавала сябе тады як “літвінаў”. На чым палягала гэтая ідэнтыфікацыя?”

(Арэшка: ) “Літвін — гэта й жыхар старадаўняй геаграфічнай Літвы, якая ўключала, збольшага, беларускія землі і, асабліва калі гаворка ідзе пра шляхту, — грамадзянін Вялікага Княства Літоўскага.

У супольнай польска-літоўскай дзяржаве — Рэчы Паспалітай, якая існавала з 1569 году, вялікалітоўскі патрыятызм быў моцным фактарам і захоўваўся нават у ХХ-м стагодзьдзі. Нездарма Адам Міцкевіч пачаў свайго “Пана Тадэвуша” словамі: “Літва! Мая Айчына! Ты — нібы здароўе...”

А Генрык Жавускі, вялікі знаўца вялікалітоўскай старасьвеччыны, часта цытаваны намі, які правёў усяго толькі дзяцінства ў Беларусі пісаў:

“Маё разумовае жыцьцё абудзілася ў Літве, і калі б хто не лічыў мяне літвінам, той мяне пакрыўдзіў бы. Калі ў творах, апублікаваных у мае сталыя гады, ёсьць нешта такое, што наступныя пакаленьні хацелі б захаваць, няхай яны прымуць маю творчасьць як плод той любві, якой я не перастаю палаць дзеля дарагой Літвы”.

(Ракіцкі: ) “Гэтак сама захапляўся Літвою–Беларусьсю паляк паводле паходжаньня, навуковец Лукаш Галэмбёўскі, які таксама жыў у маленстве ў Беларусі:

“Як мяне гэта цешыць, што ты, сыне, радзімую старонку маю знайшоў такой жа, якой засталася яна ў маіх успамінах, у маім сэрцы, бо калі ты “кароняж” (гэта значыць жыхар Кароны, Польскага каралеўства), то я літвін, а да таго ж пінчук. І на Бога бацькоў маіх спадзяюся, што пакуль сьвет будзе сьветам, захаваецца там побач з вышэйшай адукацыяй нейкая высакародная прастата, нейкая сумленнасьць, гасьціннасьць, ветлівасьць, дабрадушнасьць. Як жа не кахаць літвінак, сыне мой, — гэта немагчыма...”

(Арэшка: ) “Як вядома, літвінскі патрыятызм нярэдка пераходзіў у сэпаратызм, і найбольш вядомым такім сэпаратыстам быў у нашай гісторыі князь Януш Радзівіл, які ў часы вайны з Масквою і швэдзкага патопу спрабаваў з дапамогаю швэдаў ізноў адлучыць ВКЛ ад Кароны. Марыў пра адраджэньне вялікалітоўскай дзяржавы і Кастусь Каліноўскі...”

(Ракіцкі: ) “Але ж тыя самыя “літвіны” вельмі часта называлі сябе й палякамі...”

(Арэшка: ) “Сапраўды. Польшча для іх была найперш сымбалем агульнай дзяржаўнасьці, часам рэлігійнай, каталіцкай прыналежнасьці, агульнаўжыванай мовы. Вось як лекарка Саламея Пільштынава, народжаная ў Беларусі й падданая нясьвіскага князя Міхала Казімера Радзівіла Рыбанькі, згадвае адну сустрэчу ў Масковіі:

“Была ў гэтай карчме адна старая жанчына, якая была зь Вільні, зь Літвы, і падчас нейкае разрухі маскоўскае трапіла ў маскоўскую няволю, і нейкім чынам стала служыць у гэтай карчме. Яна зразумела, што я полька, бо чула, як я са сваімі людзьмі па-польску размаўляла...”

(Ракіцкі: ) “Гэтак жа Саламея Пільштынава прадстаўляецца маскоўскае царыцы:

“І стала я перад яе мосьцю царыцаю Ганнай Іаанаўнай. Яна ласкава дала мне пацалаваць руку й запыталася, адкуль я. Кажу: “Полька”...

Такім чынам, па-за межамі радзімы “літвін” звычайна ператвараўся ў “паляка”?”

(Арэшка: ) “Так, але ва ўнутраных справах адрознасьць інтарэсаў і нават варожасьць была вельмі выразнаю. Немец Вільгельм Шлемюлер, прыехаўшы ў 1752 годзе ў Горадню, запісаў у сваім “Дзёньніку падарожжа”: “Амаль заўсёды і пры кожным выпадку даецца заўважыць спаборніцтва паміж палякамі й літвінамі”.

Мелася на ўвазе і палітычнае суперніцтва, і стасункі на звычайным, пабытовым узроўні. А найбольш выразную фармулёўку гэткіх адносінаў уклаў у вусны князя Караля Радзівіла Пане Каханку той жа Генрык Жавускі:

“— Пане каханку, бачыце гэты мой шкаплер? Дык я яго ў спадчыну маю, па продках сваіх. Яго яшчэ мой пратапласта, Ліздэйка, насіў… Сіротка зь ім да Бэтлеему хадзіў. Ён такі вялікі, бо зашытая ў ім вунія Літвы з Каронаю. Я люблю Карону, пане каханку, але няма, як наша Літва. Я і ў Кароне маю кавалак зямлі, але д’ябал бы там сядзеў. Там прасьцей кушнера знайсьці, чым даяжджачага. Мы тут мядзьведзі б’ем, а там з разьездам на перапёлкі палююць. У каронных сусьлік, гэта буйная зьвярына.

Дык, пане, як пачаў мяне перасьледаваць князь біскуп віленскій, ужо з роспачы хацеў я да Кароны зьехаць. І мне там інтратнае абацтва давалі, за тое, што вершы прыгожа пішу. Ужо быў асеў на Русі, але калі пачаў маліцца Пану Езусу ў Барэмлі, Ён да мяне азваўся: “Радзівіле, вяртаўся ў Літву, бо тут нічога не даб’есься, тут шляхоцтва сьмярдзючае. Ostende patrem patris — “пакажы бацьку бацькавага” — то вялікая філязофія ў шляхты кароннай, ня гэтак, як у нас у Літве, дзе ад продкаў кожны на сваім грунце сядзіць (бо ведаеш — мая прабабка была Ліцьвінкаю). Вяртайся, Радзівіле, на Літву і кланяйся ад мяне навагародзкай шляхце”.

(Ракіцкі: ) “Бачым, што каронная шляхта, палякі, успрымаюцца літвінамі як слабыя, баязьлівыя, нерадавітыя. Што жа апроч гэтага выклікала няпрыязь да “ляхаў”?”

(Арэшка: ) “Для шляхты і магнатэрыі ВКЛ доўга актуальнымі былі шматлікія палітычныя крыўды ад Кароны: гэта і захоп украінскіх тэрыторыяў, і тое, што польскія эліты грэбавалі інтарэсамі Княства. Не далюблівалі палякаў за пыху, за срэбралюбства, за падкрэсьліваньне сваёй, часам сумнеўнай, “заходнецывілізацыйнасьці”.

Культурная рознасьць, рознасьць нацыянальных характараў асабліва адчувалася ў VI–XVII стагодзьдзях. Сатырычны твор пачатку XVII стагодзьдзя “Прамова Мялешкі” выразна паказвае гэта:

“Але Жыгімонт першы, —салодкая памяць яго, той немцаў, як сабак, не любіў і ляхаў зь іх хітрасьцю вельмі не любіў, а Літву і Русь нашу любіцельна мілаваў.

І то міласьцівыя панове, не малая шкода, што слугі хаваемо ляхі. Давай жа ему сукню хвалендыфзавую, кармі ж яго сластно, а зь іх службы не пытай. І только ўбраўшыся на высокіх падковах да дзевак дыбле і ходзіць зь вялікага куфля трубіць. Ты, пане, за стол, а слуга лях на покутніку штуку мяса. Ты за фляшу, а ён за другую, а колі слаба дзержыш, то ён і з рук вырвець. Толькі пілнуець: скоро ты з дому, то ён маўчком прыласкаецца да жонкі... І такога чартапалоха зь немцамі выгнаці, што до нас влезьлі праціўка нашаму. Ад іх міласьцей паноў ляхаў, гінуць старые нашые паклоны смаленскіе!”

(Ракіцкі: ) “Цікава, што нягледзячы на амаль паўсюднае панаваньне пальшчызны, падставай для непаразуменьня паміж палякамі й літвінамі маглі стаць нават моўныя праблемы. Жавускі ў гутарцы “Люблінскі сойм” прыводзіць такую тыповую сцэнку:

“...Ах, бачу я пана Барталамея, які сядзіць на камені, як я яго пакінуў, а пры ім усе тыя паны, якіх застаў я ў карчме. Сталі яны колам пры ім, а ён на іх паглядае нядбайна, як разявака. Я ўжо адчуваю, што быць непрыемнасьцям. Наблізіўся да яго, а ён да мяне, з наіўнаю мінаю:

— Пане Севярыне, дабрадзею, штосьці тыя панове да мяне мовяць караняжаўскаю моваю, а я іх не ва ўсім разумею...

...Дык я ім кажу:

— Панове дабрадзее, паслухайце мяне, за ўсіх вас старэйшага. Тут, у Любліне, зрабілася вунія Кароны зь Літвою. Заварушацца астанкі продкаў нашых у трунах, калі літвіны з палякамі ў тым месцы завядуцца...”

Калі б можна было скласьці нейкі зьбіральны адмоўны партрэт паляка ў вачох беларускага шляхціча, ды і, наколькі можна, увогуле беларуса, як бы ён выглядаў, ці каго б нагадваў?”

(Арэшка: ) “Усур’ёз такі абраз хіба не атрымаецца, а жартам... напэўна, пана Быкоўскага — з Купалавай “Паўлінкі”. Дарэчы, часам забываемся мы, што Купала даў гэтыя сцэны менавіта з “шляхоцкага жыцьця”.

(Ракіцкі: ) “Сапараўды, ёсьць у пане Быкоўскім і пыха, і тхарлівасьць, і недарэчная пальшчызна... Але ж ва ўзаемных стасунках пераважала ўсё ж, здаецца, не няпрыязь... Разам і беларуская, і польская шляхта змагаліся з туркамі й маскалямі, разам ставілі гарады, велічныя касьцёлы й палацы, разам вучыліся ва ўнівэрсытэтах, разам, нарэшце, ішлі ў кайданах на сыбірскую катаргу”.

(Ракіцкі: ) “Можна прыгадаць хрэстаматыйную гісторыю пра братоў Іваноўскіх, адзін зь якіх, Юры, стаў палякам, другі, Тадэвуш — літоўцам, а трэці, Вацлаў — беларусам. Магчыма, калі б чацьверты, Станіслаў, не памёр у маленстве, ён бы стаў украінцам. Гэта — прыпавесьць пра народы былой Рэчы Паспалітай, вартая, на маю думку, каб над ёю задумацца. Асабліва сёньня, калі магчымасьці на тое, каб пазбыцца шмат якіх старых комплексаў і крыўдаў дае нам гісторыя...

Каму выгадна, каб браты сварыліся? Найперш зайздроснаму суседу...”
XS
SM
MD
LG