Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ СШЫТКІ ЗЬНІКНУЦЬ З ПРОДАЖУ?


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Папяровай фабрыкай у Добрушы цікавіўся Калінінградзкі цэлюлёзна-папяровы камбінат “Цэпрус”. Ён гатовы быў нават пайсьці на стварэньне сумеснага прадпрыемства — прычым у суполцы з акцыянэрным таварыствам “Гомельшпалеры”.

Але, як паведаміла намесьніца дырэктара Добрускай папяровай фабрыкі ў пытаньнях эканомікі Валянціна Карэба, расейцаў на фабрыцы цікавіла толькі адна машына для вырабу паперы. Іншыя машыны, а тым больш цэхі (у прыватнасьці, сшыткаў і тавараў шырокага спажываньня, дзе агулам працуюць каля тысячы дабрушан) расейцаў не цікавілі.

Не пераканала іх і тое, што акурат згаданая машына забясьпечвае паперай два цэхі. Безь яе людзі проста застануцца бяз працы. Папяровая фабрыка нават у большай ступені, чым мясцовы парцалянавы завод, зьяўляецца прадпрыемствам, на якім трымаецца райцэнтар.

Улічыўшы ўсё гэта, кіраўніцтва фабрыкі (яе ачольвае зараз дырэктар Уладзімер Шульга) вырашыла адмовіцца ад расейскай прапановы.

Быў у дабрушан яшчэ адзін варыянт выхаду зь цяжкога эканамічнага стану — падпарадкаваць фабрыку Беларускаму дзяржаўнаму ўнівэрсытэту. Нават міністар адукацыі Пётар Брыгадзін ухваляў такі варыянт.

У адмысловым лісьце ў аблвыканкам ён згадваў, што дабрушане маглі б вырабляць афсэтную паперу для навучальнай установы, тыя ж агульныя сшыткі, друкаваць розную літаратуру. Ад пераходу з канцэрну “Белпаперапрам” пад крыло Белдзяржунівэрсытэту дабрушане мелі б пэўны выйгрыш. Тут меншыя падаткі і большая магчымасьць мець сродкі для мадэрнізацыі папераробчых машын, выплаты даўгоў.

Аднак гэтаму варыянту запярэчылі юрысты. У акцыянэрнага таварыства “Добруская папяровая фабрыка “Герой працы” пятая частка акцыяў належыць калектыву — прыватнікам. І гэта, на думку юрыстаў, не стасуецца з унівэрсытэтам, які ёсьць дзяржаўнай установай.

Яшчэ больш пратэстуюць фінансісты. Начальнік фінансавай управы Гомельскага аблвыканкаму Андрэй Круглей паведамляе, што ад пераводу папяровай фабрыкі ў склад Белдзяржунівэрсытэту Добрускі раённы бюджэт не атрымае сёлета 600 мільёнаў рублёў падаткаў, а абласны — 200 мільёнаў.

Тым часам беларускія крамы цяпер вучнёўскімі сшыткамі забясьпечваюць пераважна расейскія вытворцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG