Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ATLANTA JOURNAL” ПІША ПРА ВОЛЬГУ КОРБУТ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

“Гэта ўсё безсэнсоўна. Калі б яна падрабляла даляры, чаму б яна тады крала?” – кажа ўладальнік гімнастычнай школы Дэвід Дэй, які ў 1991 годзе запрасіў Корбут на працу ў Атлянту. “Я ня думаю, што яна бедная. Яна вельмі эканомная з грашыма, таму што яна ня мела іх доўгі час”.

Дэй сказаў, што 46-гадовая Корбут была ўжытая, а потым адкінутая савецкай спартовай машынай. Гэта сфармавала ейныя погляды на жыцьцё. “Кожны хоча кіраваць Вольгай. Усе абяцаюць ёй цэлы сьвет. Яна хоча верыць ім, але яе падманываюць”.

На працы былую чэмпіёнку лічаць строгім трэнэрам. Яна кажа, што амэрыканскія дзеці сапсаваныя гультаі, але бацькі гэтых дзяцей цьвердзяць, што мець трэнерам Корбут – гэта вялікі гонар. Мэнэнджэр Вольгі Корбут – Кэй Ватэрфорд кажа, што былая гімнастка вучыць дзяцей бясплатна, калі іхныя бацькі ня маюць грошай на вучобу. Іншыя знаёмыя Корбут характарызуюць яе як схаваную ў сябе зьменлівую зорку, якая лічыць, што ёй усе вінаватыя.

Расейская эмігрантка Наташа Грымбэрг, якая ў 1990-ым годзе, у сувязі з Чарнобыльскай катастрофай, узяла да сябе ў хату сына гімнасткі Рычарда, кажа што да сёньня ня мае за гэта ніякай падзякі. “Ёй не падабаецца кожны, хто сустракаецца на ейным жыцьцёвым шляху”, – кажа Грымбэрг, – “Яна заўсёды мае побач тых, хто хочуць ёй дапамагчы, але яна – цяжкі чалавек для дапамогі”.

Сёньняшняя Daily News піша, што цяпер Корбут жыве ў запушчанай хаце каля Атлянты са сваім новым мужам, былым беларускім бізнэсмэнам, а цяпер разносчыкам піццы, і нават суседзі ня ведаюць хто яна такая.

“Я думаю, што інцыдэнт з Корбут вельмі сумны” – кажа Шанон Мілер, якая дапамагла гімнастычнай камандзе Злучаных Штатаў выйграць Алімпійскае золата ў 1996 годзе, – “а яна натхніла многіх дзяўчынак прыйсьці ў гімнастыку”.

Румынскі трэнер Бэла Каролу, чыя школа прынесла Алімпійскае золата Надзі Каманэчы і трэнэр са Злучаных Штатаў Мэры Лу Рэтан пагадзіліся, што Корбут “зрабіла выбух” у гімнастыцы, але адзначылі, што “яна не была прыемным чалавекам як для сяброў па камандзе, так і для канкурэнтаў”.

Нейкі час, піша газэта, Корбут вяла школу гімнастыкі ў Ню-Джэрзі, якую пакінула азлобленая, пасьля таго, як бацькі паскардзіліся на тыранскія спосабы навучаньня.

Два гады таму, пасьля разводу з Барткевічам, – піша Daily News, – Корбут пакінула хату, дзе яны разам жылі і дзе пазьней былі знойдзеныя непраўдзівыя грошы. Суседзі кажуць, што пасьля выезду Корбут яны заўважылі ў кучах сьмецьця ейныя пэрсанальныя памятныя рэчы. “Там быў ейны вясельны ўбор і ейны ж вялікі партрэт на якім яна з залатымі алімпійскімі мэдалямі,” – сказаў адзін з суседзяў, а іншы дадаў: “Я бачыў асабістыя фотаальбомы, дзе яна была сфатаграфаваная з Мухамэдам Алі, О’Джэй Сымпсанам і Донам Кінгам. Былі там і ейныя вясельныя фотаздымкі. Усё гэта сапраўды сумна”.
XS
SM
MD
LG