Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ І РАСЕЙСКІЯ РАСПРАЦОЎШЧЫКІ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА АКТУ НЕ ПАРАЗУМЕЛІСЯ


Валер Каліноўскі, Менск

Як паведаміў намесьнік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Леанід Козік, на сёньня паступілі чатыры праекты так званага канстытуцыйнага акту. Першы зь іх падрыхтаваны Парлямэнцкім сходам Саюза Беларусі і Расеі. Другі (пад назвай "Канстытуцыйныя прынцыпы") падрыхтаваны экспэртамі Сталага камітэту з Інстытуту палітычных даследаваньняў у Маскве (беларускія распрацоўшчыкі шукаюць цяпер адрэсу гэтага інстытуту). Трэці выпрацаваны беларускім бокам і называецца ён "праекты прынцыпаў пабудовы канстытуцыйнага акту Саюзнай дзяржавы". Чацверты дакумэнт (расейскі паводле паходжаньня) быў перададзены экспэртам 5 лютага, але ён ананімны, і паводле Леаніда Козіка, ня можа быць разгледжаны, тым больш што ў ім прапаноўваецца зьмена дзяржаўнага ладу Расеі і Беларусі. Але і першымі двума расейскімі праектамі беларускі бок ня надта задаволены.

(Козік: ) “Сапраўды, “фількіна грамата” была напісаная – там перапісаная ўся дамова – парлямэнтарыям даць больш улады. Другі дакумэнт – “карцінкі” і напісана “канстытуцыйныя прынцыпы дзяржаўнага ўладкаваньня Францыі, Паўночнай Карэі”. Навошта гэта мне, я і так ведаю... І я не магу гэта назваць дакумэнтам”.

Тым ня менш на апошнім паседжаньні экспэртаў беларусы і расейцы абаранялі свае праекты. Яшчэ адно паседжаньне экспэртаў – афіцыйна першае супольнае паседжаньне рабочай групы – пройдзе 14 лютага. На ім будзе і сустаршыня рабочай групы з расейскага боку – намесьнік міністра юстыцыі РФ Юры Дзёмін.

Расейскі бок настойвае на тым, каб саюзнай дзяржавай бязьзменна кіраваў прэзыдэнт Расеі. Не жадаюць расейцы і зьмены ўласнай Канстытуцыі, перадачы істотных паўнамоцтваў наднацыянальным органам. Тут захоўваюцца прынцыповыя рознагалосьсі ў прапануемых падыходах.
Як сьцявярджаюць беларускія афіцыйныя асобы менавітва па віне расейскага боку не выконваецца саюзная дамова, праграма захадаў дзеля яе рэалізацыі, пагаденьні аб стварэньні роўных умоваў для суб'ектаў гаспадараньня і правоў грамадзянаў.

Адзіных падыходаў да Канстытуцыйнага акту няма. Калі ён можа быць ухвалены і якім будзе мэханізм ягонай рэалізацыі пакуль незразумела.

(Козік: ) “Вы ня думайце, што мы 14-га прымем Канстытуцыйны акт. Я ўпэўнены, што яго ня будзе і ў красавіку, і ў траўні, і ў чэрвені. І мы не павінны сьпяшацца. Уявіце сабе, што дакумэнт, які магчыма будзе вырашаць і лёс кожнага з вас, будзе напісаны за адзін тыдзень”.

Аглядальнік уплывовай расейскай газэты "Ведомости" Вячаслаў Максімаў мяркуе, што ўсе гэтыя праекты ня маюць ніякай пэрспэктывы, ён называе іх хімерай, ня вартай увагі:

(Максімаў: ) “Сцэнароў, па-мойму, можа быць толькі два – альбо паглынаньне Беларусі Расеяй, альбо суіснаваньне дзьвюх незалежных дзяржаваў. Цяперашні прамежкавы сцэнар не мае ніякай пэрспэктывы. Я не бачу магчымасьці рэальна стварыць нейкае сур'ёзнае дзяржаўнае ўтварэньне з таго, што на сёньня ў нас мае мейсца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG